Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за кнігі


Алесь Яўдаха
Алесь Яўдаха
У судзе Кастрычніцкага раёну Менску працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць распаўсюдніка беларускамоўных кніг Алеся Яўдахі.

Яго вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці за тое, што дапамагаў людзям набываць беларускія кнігі. Выдаўцы і распаўсюднікі кніг выказваюць занепакоенасьць з нагоды гэтага судовага працэсу і зазначаюць, што беларускамоўны друк і без таго пастаўлены на мяжу выжываньня.

Сёньня на судовым працэсе над Алесем Яўдахам павінны былі заслухаць паказаньні 15 сьведак з 230 заяўленых пракурорам. Але прыйшоў толькі адзін. Паказаньні яго былі блытаныя, пярэчылі таму, што ён казаў у часе папярэдняга сьледзтва. Суд зноў перанесьлі на два дні. Калі з такімі тэмпамі разгляду справы працэс скончыцца, прагназаваць складана.

Алесь настойвае, што нічога не парушаў, рабіў паслугі сваім сябрам і знаёмым, набываў і пасылаў ім па пошце кнігі. Крымінальны перасьлед ён зьвязвае з тым, што рассылаў менавіта беларускамоўныя кнігі, у тым ліку тыя, у якіх прадстаўленыя альтэрнатыўныя афіцыйнаму погляды.

Судовы перасьлед спадара Яўдахі не спыніў ягоную зацікаўленасьць кнігамі — цяпер ён працуе экспэдытарам у "Кнігарні "Ў". Спадар Яўдаха кажа, што беларускамоўныя кнігі сталіся маладаступнымі чытачам:

"Кнігі ўсіх беларускіх выдаўцоў можна набыць у трох-чатырох менскіх крамах. Вось у чым праблема. У тых абласных гарадах, у якіх я быў, выбар беларускай кніжкі вельмі слабы. Максымум — туды трапляюць кніжкі вялікіх дзяржаўных выдавецтваў: "Мастацкая літаратура", "Беларусь"… А ў райцэнтрах беларускамоўныя кнігі ў кнігарнях могуць адсутнічаць як зьява".

Альтэрнатыва дзяржаўным кнігарням — нешматлікія прыватныя крамы і пункты продажу беларускамоўных кніг, а таксама інтэрнэт-крамы, у прыватнасьці "Кнігі — Поштай" , Prastora.by. Але гэтага вельмі мала, кажа мэнэджэр беларускамоўных праектаў Алесь Мазанік:

Алесь Мазанік

"Для двухмільённага гораду павінны быць дзясяткі такіх кропак па ўсім Менску. Ужо ня кажучы пра тое, што ў кожным абласным цэнтры павінна быць як мінімум яшчэ па некалькі такіх кропак".

Спадар Мазанік з жалем сочыць за крымінальным перасьледам Алеся Яўдахі, які займаўся распаўсюдам беларускіх кніг у неспрыяльных умовах:

"Я лічу, што Яўдаху трэба безумоўна апраўдаць. Ягоныя дзеяньні, калі нават і закранаюць нейкія законы, то гэта ня больш за выпадковасьць".

Незалежны выдавец Зьміцер Колас з нагоды гэтага працэсу зазначыў, што арганізатарам беларускамоўных праектаў трэба быць гатовымі, што кантрольныя органы будуць вывучаць іх дзейнасьць пад павелічальным шклом, у тым ліку і з ідэалягічных меркаваньняў:

Зьміцер Колас. Фота Арцём Канцавы

"Усё трэба рабіць легальна, асабліва ў нашых умовах. Нават калі ўсё будзе ў парадку, могуць усё роўна прычапіцца. Таму лепш не падстаўляцца. Калі я зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам, я не пасьпеў яшчэ трох кніг выдаць, як мне зрабілі поўную праверку. Бо прыйшла нейкая ананімка. А ананімку яны могуць і самі напісаць".

Спадар Колас кажа, што цяпер, ва ўмовах фінансавага крызісу, беларускамоўнае кнігадрукаваньне пастаўленае на мяжу выжываньня: папера і іншая сыравіна, якая набываецца за валюту, зрабілі выпуск кніг стратным. А дзяржаўнай падтрымкі й ільготаў беларускамоўныя кнігі пазбаўленыя яшчэ з пачатку прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Зьміцер Колас кажа, што разважае над тым, ці не прыпыніць сваю выдавецкую справу ўвогуле.

Цяперашняй беларускай уладзе непатрэбныя беларускамоўныя кнігі, выказвае перакананьне рэдактар "Беларускага кнігазбору" Кастусь Цьвірка:

"Нашыя кіраўнікі вунь віншуюць другарадных расейскіх артыстаў, а нашая культура для іх убаку. А тое, што мы, напрыклад, найважнейшыя, дзяржаўнага значэньня выданьні з сэрыі "Беларускі кнігазбор" выпускаем — на гэта нуль увагі зь іх боку. Кнігі дзяржаўных выдавецтваў разыходзяцца па бібліятэках. А нашыя не пускаюць".




Алесь Яўдаха дасылаў праз пошту кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Уладзімера Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна і многіх іншых, якія людзі не маглі набыць у дзяржаўных крамах. Пракуратура ў гэтым угледзела незаконнае прадпрымальніцтва і зьвярнулася ў суд. Паводле выстаўленага абвінавачаньня Алесю Яўдаху пагражае да трох гадоў турмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG