Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята не для ўсіх


У Менску створаны аргкамітэт дзеля сьвяткаваньня 20-годзьдзя наданьня статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, якое будзе адзначацца 25-га жніўня. У ягоны склад увайшлі прадстаўнікі пяці палітычных партый і рухаў: Аляксей Янукевіч — старшыня партыі БНФ, Аляксей Шэін — адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, Юрась Губарэвіч — намесьнік старшыні руху "За свабоду", Мікола Дземідзенка — намесьнік старшыні "Маладога фронту" і Аляксандар Макаеў — адзін зь лідэраў руху салідарнасьці "Разам". Юбілейныя ўгодкі яны мяркуюць адзначыць шэрагам творчых і культурных імпрэзаў.


21-ю гадавіну з дня прыняцьця дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі чальцы аргкамітэту адзначылі тым, што перадалі пасылкі ў турму на вуліцы Акрэсьціна палітвязьням, якія апынуліся за кратамі за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту. Пра неабходнасьць сьвяткаваньня гістарычнай падзеі, якая адбылася 27 ліпеня 1990 году, гаворыць адзін зь сябраў аргкамітэту Аляксей Шэін:

"Не зважаючы на тое, што мы маем 20 год незалежнасьці, мы застаемся ці не адзінай краінай былога Савецкага Саюзу, дзе гэтае сьвята не адзначаецца на дзяржаўным узроўні. Гэта кажа пра тое, што для сёньняшняй улады незалежнасьць не зьяўляецца базавай каштоўнасьцю, яна зь лёгкасьцю гэтую незалежнасьць здае. І сёньня незалежнасьць Беларусі ізноў пад пагрозай".

25 жніўня споўніцца 20 гадоў з таго дня, калі абвешчаная за год да таго дэклярацыя набыла статус канстытуцыйнага закону. З 25 жніўня і пачнецца чарада навуковых і творчых імпрэзаў, якая завершыцца 19 верасьня, кажа сябра аргкамітэту Аляксей Янукевіч:

"Шэраг імпрэзаў распачнецца 21 жніўня ўрачыстым адкрыцьцём выставы творчай суполкі "Пагоня", прысьвечанай 20-годзьдзю канстытуцыйнай незалежнасьці Беларусі. Гэта адбудзецца ў новай сядзібе партыі БНФ і будзе супадаць з прэзэнтацыяй новага партыйнага офісу. Завершацца імпрэзы 19 верасьня — гэта таксама гістарычная дата, 20-годзьдзе прыняцьця ў якасьці дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня", а таксама самой назвы — Рэспубліка Беларусь. Завершацца яны падвядзеньнем вынікаў літаратурнага конкурсу сярод моладзі. Адной з найбуйнейшых імпрэзаў будзе навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная вынікам 20-гадовай незалежнасьці Беларусі".

Арганізатары таксама запрашаюць далучыцца да аргкамітэту прадстаўнікоў іншых партый і рухаў. Моладзь, якая нарадзілася ўжо ў сувэрэннай Беларусі, яны заклікаюць узяць удзел у конкурсах і імпрэзах, каб гэтая дата ня толькі засталася ў памяці, а зь цягам часу набыла належнае ёй значэньне, адзначыў яшчэ адзін прадстаўнік аргкамітэту Аляксандар Макаеў:

"Урад Беларусі, які адмаўляе гэтыя даты і іх гістарычную значнасьць, страчвае сваю моц і сваю легітымнасьць і свой падмурак, што не дазваляе ім прыйсьці да беларускасьці. Мы ведаем, у якім ганебным становішчы цяпер знаходзіцца беларуская мова, гісторыя і культура. Я спадзяюся, што ў нас ёсьць лепшы шлях у будучыню, і сёньняшняя дата — яна неўзабаве ўжо будзе сьвяткавацца належным чынам".

Сёньня ж сябры аргкамітэту наведалі Ўсходнія могілкі Менску, дзе ўсклалі кветкі на магілы Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG