Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заклікае беларускія ўлады забясьпечыць Бандарэнку належнае лячэньне


Пасольства Польшчы, якая старшынствуе ў Эўразьвязе, 25 ліпеня выступіла з заявай наконт стану здароўя Зьмітра Бандарэнкі.

"Чальцы Эўрапейскага зьвязу даведаліся аб няўстойлівым стане здароўя і жорсткім абыходжаньні са спадаром Зьміцерам Бандарэнкам, які знаходзіцца пад вартай", — гаворыцца ў заяве лякальнага старшынства ЭЗ, паведамляе БелаПАН.

"Мы разумеем заклікі сям`і спадара Бандарэнкі аб тым, што неадэкватны працэс рэабілітацыі пасьля хірургічнага ўмяшаньня можа прывесьці да інваліднасьці спадара Бандарэнкі, — адзначае пасольства. — Лякальнае старшынства ЭЗ цалкам падзяляе заклапочанасьць сям`і і супрацоўнікаў спадара Бандарэнкі і заклікае улады Беларусі забясьпечыць спадару Бандарэнку належнае лячэньне, мэдыцынскі агляд і рэабілітацыю".

"Лякальнае старшынства ЭЗ па-ранейшаму настойліва заклікае улады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных", — падкрэсьліваецца ў заяве.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь", давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава на выбарах 2010 года, Бандарэнка ў красавіку быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі за "арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і актыўны удзел у іх".

Пасьля затрыманьня ў сьнежні мінулага года і утрыманьня пад вартай у СІЗА КДБ у яго абвастрыліся хранічныя захворваньні. У маі яго агледзеў урач-нэўроляг, які заявіў, што зьняволенаму патрэбна апэрацыя — у яго дыягнаставаныя чатыры грыжы дыскаў пазваночніка, ушчамленьне трох сьпіннамазгавых нэрва. У чэрвені стан зьняволенага пагоршыўся, яго перавялі ў мэдсанчасьць, а затым у Рэспубліканскую турэмную бальніцу. Бандарэнку паставілі перад выбарам: адпраўка ў калёнію або апэрацыя. У такіх умовах ён вымушаны быў даць пісьмовую згоду на апэрацыю. Пры гэтым у кансультацыі нэўрахірурга асуджанаму адмоўлена. Фактычна гаворка ідзе аб прымусовай апэрацыі, заяўляюць сваякі, сябры і аднадумцы Зьмітра.

25 ліпеня ў 10.00 Бандарэнку даставілі ў 5-ю клінічную бальніцу Менску, дзе на наступны дзень яму павінны былі зрабіць апэрацыю. "Я прайшла ў прыёмнае аддзяленьне, каля уваходу стаялі сябры Дзімы, — паведаміла Белапан яго жонка Вольга Бандарэнка. — Увайшоў чалавек у цывільным і сказаў, што калі мы ня хочам непрыемнасьцяў, то павінны разысьціся. Я была унутры, калі мне паведамілі, што машына, у якой знаходзіўся муж, зьехала". Паводле слоў жонкі палітыка, урачы ужо практычна аформілі дакумэнты, але, калі Бандарэнку павезьлі, іх "паклалі ў стол".

Пасьля гэтага Бандарэнка знаходзіўся ў сьледчым ізалятары МУС на вуліцы Валадарскага. З ім сустрэўся адвакат. Увечары стала вядома, што Зьмітра Бандарэнку зноў даставілі ў 5-ую клінічную бальніцу, дзе 26 ліпеня яго павінны апэрыраваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG