Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Саньнікава: «Страчана яшчэ адна магчымасьць вызваліць невінаватага»


Менскі гарадзкі суд разгледзеў касацыйныя скаргі Андрэя Саньнікава і яшчэ пяці ўдзельнікаў падзей 19 сьнежня і пакінуў прысуды палітвязьням бязь зьменаў.

15 ліпеня ў Менскім гарадзкім судзе адбылося адразу два паседжаньні па разглядзе касацыйных скаргаў на прысуды, зьвязаныя з Плошчай. Калегія на чале з судзьдзём Сяргеем Хрыпачом разглядала скаргі экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, а таксама Фёдара Мірзаянава, Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка і Ўладзя Яроменка. Саньнікаў быў асуджаны на 5 гадоў калёніі за арганізацыю масавых беспарадкаў, іншыя ў гэтай справе атрымалі па 3 гады, за выключэньнем Алега Гнедчыка, асуджанага на 3,5 года. Акрамя Сяргея Хрыпача, скаргі разглядалі судзьдзі Вікторыя Зайцава і Вольга Камароўская. Больш за 3 гадзіны яны мусілі слухаць выступы адвакатаў, а вось пракурор Антон Загародзкі выказаўся літаральна за некалькі хвілінаў — пракурор прасіў суд пакінуць прысуды ў нязьменным выглядзе. Судзьдзі раіліся ня больш за паўгадзіны і зрабілі гэтак, як прасіў пракурор. Марына Кавалеўская, адвакат Андрэя Саньнікава, зрабіла пасьля гэтага заяву для мэдыяў:
Абарона працягне сумесныя намаганьні па поўнай адмене судовага рашэньня адносна Саньнікава Андрэя Алегавіча.

«Сёньня, на жаль, была страчаная магчымасьць адмяніць незаконнае, несправядлівае, неабгрунтаванае рашэньне, якое раней прыняў суд першай інстанцыі. Улічваючы сукупнасьць доказаў, якія прадставіла суду абарона, можна меркаваць, што судамі першай і другой інстанцыяў пазбаўлены волі абсалютна невінаваты чалавек. У гэтых умовах абарона працягне сумесныя намаганьні па поўнай адмене судовага рашэньня адносна Саньнікава Андрэя Алегавіча, у тым ліку праз зварот да міжнародных структураў».

Адвакаты Андрэя Саньнікава паведамілі, што абскардзяць рашэньне калегіі Менгарсуду ў вышэйшай судовай інстанцыі. Жонка Андрэя Саньнікава, журналістка Ірына Халіп заявіла, што іншага не чакала:

«Ну не было ў мяне надзеі. Андрэй учора даслаў ліст, які зьмясьцілі ў інтэрнэце, што яшчэ чакае, калі хоць адзін раб паўстане. Але паўстаньне Спартака не адбылося. Усё засталося як раней. Мы ідзем да далейшай стагнацыі».

Ірына Халіп камэнтуе рашэньне Менгарсуду
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:37 0:00
Наўпроставы лінк


Сярод бацькоў асуджаных за Плошчу маладых людзей была Людміла Мірзаянава. Маці Фёдара Мірзаянава мяркуе, што пры цяперашнім рэжыме адмяняць такія прысуды ніхто ня будзе:

«Я і мой сын, сваякі і аднакурсьнікі сына — усе чакалі менавіта такога рашэньня. Бо хіба магчыма іншае ў нашай краіне? Іншае магчыма ў дэмакратычнай краіне. А ў нас, у таталітарнай краіне, пры гэтым рэжыме такое немагчыма».

Людміла Мірзаянава камэнтуе рашэньне Менгарсуду
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00
Наўпроставы лінк


У другой судовай залі пад старшынствам судзьдзі Ўладзімера Сьцяпуркі была разгледжаная касацыйная скарга каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі. Вынік той жа — прысуд актывісту пакінуты бязь зьменаў. Гэта пры тым, што асуджаны вельмі хворы. Жонка вязьня Вольга Бандарэнка:

«У мяне была маленькая надзея, што паўплывае тое, што Дзіму патрэбная апэрацыя. І зразумела, што аднаўляцца ва ўмовах калёніі вельмі цяжка, фактычна немагчыма. Была такая надзея, хоць і вельмі малая. Але…».

Вольга Бандарэнка мяркуе, што рашэньне не задаволіць скаргу яе мужа, як і іншых вязьняў, было прынятае судзьдзямі на загад вышэйшай улады. Жонка Бандарэнкі сказала, што яны таксама будуць абскарджваць сёньняшняе рашэньне Менгарсуду.

Вольга Бандарэнка камэнтуе рашэньне Менгарсуду
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:35 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG