Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маўклівая акцыя» 13 ліпеня, онлайн рэпартаж

абноўлена

13 ліпеня ў Менску і рэгіёнах прайшлі маўклівыя акцыі пратэсту. Гэтым разам людзі ня пляскалі ў далоні, а паставілі будзільнікі на мабільніках роўна на 20-ю гадзіну. Акцыя была малалікай і «маўклівай», аднак сілавыя структуры дзейнічалі па-ранейшаму жорстка: затрымлівалі мінакоў і перашкаджалі працаваць журналістам.



22:43 Алега Грузьдзіловіча прывезьлі да парка Чалюскінцаў і адпусьцілі. Перад гэтым у яго ўзялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі ў пастарунку. Зь ім у Савецкім РУУС знаходзіліся затрыманыя: Пратасевіч, Цімашэнка, Крот, Бусел, Сідараў, Амельчанка і яшчэ 4 чалавекі. Паперку, на якой журналіст запісаў прозьвішчы, у яго адабралі. Дактыляскапію і фотаздымку зрабілі ўсім затрыманым. Цяпер на іх пішуць пратаколы.

Сьпярша з журналістам у пастарунак везьлі 12 чалавек, але потым выявілася, што два затрыманыя — міліцыянты ў цывільным, кажа Алег Грузьдзіловіч.

22:20 Берасьце. Па зьвестках праваабаронцы Рамана Кісьляка, у Ленінскім РАУС знаходзіцца 5 затрыманых на сёньняшняй маўклівай акцыі. Сярод іх Аляксей Коўтун.

21:50 Прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі паведаміў нашаму радыё, што карэспандэнт «Свабоды» Алег Грузьдзіловіч будзе адпушчаны, але пасьля «правядзеньня пэўных працэдураў».

21:20 Наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч знаходзіцца ў Савецкім РУУС Менску. Як ён пасьпеў паведаміць, яго затрымалі паўгадзіны таму ў мэтро літаральна каля цягніка.

21:15 Намесьнік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў у атачэньні групы чыноўнікаў пакінуў плошчу Якубу Коласа. Павярнуўшыся ў бок міліцыянтаў, ён склаў рукі на грудзях. Такім жэстам паказаў, што акцыя завершана. Плошчу пакідаюць міліцыянты і кораткапастрыжаныя маладыя людзі.

21:00 У Віцебску а 19-й гадзіне ў цэнтры гораду невядомымі асобамі быў схоплены і вывезены ў невядомым кірунку былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Правальскі. Пра гэта БелаПАН паведаміў сын экс-прэтэндэнта Алег.

Паводле яго слоў, Правальскі пасьпеў паведаміць, што на падыходзе да цэнтру горада яго затрымліваюць невядомыя ў цывільным. Пры гэтым, як адзначыў Правальскі-малодшы, пры затрыманьні па тэлефоне былі чутныя пагрозы ў адрас яго бацькі.

«Наколькі мне вядома, цяпер бацька знаходзіцца ў Кастрычніцкім РАУС Віцебску», — паведаміў Алег Правальскі.

Нагадаем, Уладзімір Правальскі затрымліваўся падчас маўклівай акцыі пратэсту ў Віцебску 30 чэрвеня. Тады ён быў адпушчаны зь міліцыі без складаньня пратаколу.

20:55 Людзі паціху пакідаюць плошчу Якуба Коласа. Журналісты працягваюць рабіць спробы відэа- і фотаздымак. Але ўсё тыя ж невядомыя асобы перашкаджаюць. Спрабуюць пашкодзіць апаратуру, груба штурхаюць апэратараў.

Жонка затрыманага Андрэя Цімашэнкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:42 0:00
Наўпроставы лінк

20:45 Сярод іншых на плошчы Якуба Коласа быў затрыманы Андрэй Цімашэнка. Ён здолеў пазваніць і паведаміць, што ён ужо ў аўтазаку. Ягоная жонка Алеся Жызьнеўская спытала ў намесьніка начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігара Яўсеева, дзе яе муж. Яўсееў адказаў, што ён ня ведае, бо працуе шмат розных спэцслужбаў.

20:44 @GUVD_Minsk: «Что-то пропало желание помогать вам, „коллеги“»

Прэсавы сакратар ГУУС Менгарвыканкаму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:30 0:00
Наўпроставы лінк

20:35 Паркінг паміж будынкам прэзыдыюму Акадэміі навук і шпіталём закрыты загарадкамі. На пляцоўцы — толькі міліцэйскія аўтобусы. На вуліцы Петруся Броўкі — калёна аўтазакаў.

20:25 На плошчы Якуба Коласа зьявіўся прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі. Журналісты пытаюцца ў яго, чаму людзі ў цывільным перашкаджалі працы журналістаў, білі па руках і па фота- і відэакамэрах? Паміж ім і журналістамі разгарнулася гарачая дыскусія. На пытаньне, хто такія людзі ў цывільным, Ластоўскі сказаў, што адказаць на гэтае пытаньне ня можа.

20:25 Ля кінатэатра «Кастрычнік» застаюцца некалькі асобаў у цывільным, якія спыняюць людзей з заплечнікамі і вялікімі сумкамі — правяраюць рэчы. Тым часам некалькі асобаў у цывільным уздоўж праспэкту Незалежнасьці, на ўчастку ад кінатэатра да будынка БНТУ, схаваўшыся за слупамі зь ліхтарамі, здымаюць аўтамабілі, якія сыгналяць.

20:20 Слуцк. Паведамляе актывіст БНФ Віталь Амяльковіч: «Толькі што скончылася апытаньне ў міліцэйскай машыне, зь якой мэтай я прыйшоў на плошчу. Цяпер я іду ў міліцыю, дзе знаходзіцца чалавек дзесяць, якіх затрымалі на плошчы. Частку людзей аптывалі на самой плошчы, а частку адвезьлі ў РАУС. Туды адвезьлі журналістку газэты «Інфа-Кур’ер» Тацяну Гусеву. Затрымалі ня ўсіх — толькі людзей, якія былі заўважаныя на мінулых акцыях. А людзей, якія прыйшлі ўпершыню, іх не чапалі.

20:25 Мазыр. Уладзімер Целяпун паведамляе: Плошча Леніна была цалкам блякавана міліцыяй, у тым ліку і з аўтаматамі. Тых, хто падыходзілі да помніка, папярэджвалі, што затрымлівацца і рабіць фотаздымкі нельга. 8-10 чалавек затрымалі, адвялі ў аўтобус «Ікарус», які спэцыяльна прыгналі, і там паказвалі ўсім затрыманым кіно. Празь некаторы час іх адпусьцілі.

20:22 Yacevi4: Людзей каля цырку стала больш, яны пляскаюць сальсеро!

20:20 Прэсавая служба БАЖу паведамляе пра затрыманьні журналістаў у рэгіёнах.

У Слуцку разам з удзельнікамі «маўклівай» акцыі затрымалі журналістку «Інфа-кур’ера» Тацяну Гусеву. У Наваполацку зьнікла сувязь з журналістам Ximik.info Аляксандрам Муждабаевым.

Тацяне Гусевай пры затрыманьні патлумачылі, што яна павінна даць пісьмовыя тлумачэньні наконт яе знаходжаньня на цэнтральнай плошчы гораду. Пазьней Дзьмітрый Шклярэўскі, начальнік аддзелу аховы правапарадку Слуцкага РАУС, сказаў Гусевай, што яе затрымалі «дзеля яе ж журналісцкай бясьпекі», — распавяла Тацяна па тэлефоне прэс-службе БАЖ. Пакуль яна ў РАУС, дала тлумачэньні, і сувязь зь ёй ёсьць.

Аляксандар Муждабаеў вёў рэпартаж з плошчы Будаўнікоў у Наваполацку, калі зь ім зьнікла сувязь. Цяпер тэлефон журналіста не адказвае. Нагадаем, што Муждабаева ўжо затрымлівалі падчас папярэдняй «маўклівай» акцыі 6 ліпеня.






20:15 Наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч паведамляе са спасылкай на журналіста Сяргея Грыца, які быў відавочцам, пра як найменей 5 затрыманых на плошчы Якуба Коласа.

На плошчы Якуба Коласа ўздоўж праспэкта Незалежнасьці міліцыянты вядуць відэаздымку рэгістрацыйных нумароў аўтамабіляў, якія сыгналамі клаксонаў вітаюць удзельнікаў акцыі.

20:15 Берасьце. Акцыя скончылася затрыманьнем: актывіста Аляксея Коўтуна павезьлі ў Ленінскі РАУС. У акцыі бралі ўдзел каля 150 чалавек. Праз апаратуру міліцыянты папярэдзілі, што мерапрыемства забароненае, а 19:30 удзельнікі пачалі разыходзіцца, па вуліцы Савецкай — да ЦУМу ішлі блізу 30 чалавек, некалькі зайшлі ў ЦУМ і пачалі пляскаць у ладкі, пасьля гэтага і затрымалі Коўтуна. Ёсьць яшчэ некалькі затрыманых, інфармацыя пра іх удакладняецца.
Затрыманьне Алеся Коўтуна.

20:15 На плошчы Якуба Коласа схапілі яшчэ трох маладых чалавек, якія проста ішлі па плошчы, паведамляе Алесь Дашчынскі.

20:10 Рагачоў. Па цэнтральнай плошчы гораду дэманстратыўна шпацыравалі толькі тры дэмакратычныя актывісты, паведаміў «Свабодзе» сябра незарэгістраванай партыі БХД Дзяніс Дашкевіч. Ён кажа, што вакол плошчы былі і іншыя людзі. Але міліцынтаў сёньня было так шмат, што яны пабаяліся далучыцца да ўдзельнікаў акцыі пратэсту. А вось кіроўцы аўто, якія ехалі каля плошчы, віталі ўдзельнікаў акцыі гудкамі.

20:10 У раёне плошчы Якуба Коласа людзі ў цывільным перашакаджалі весьці відэаздымку карэспандэнту Радыё Свабода: спрабавалі выхапіць камэру, білі па руках.

20:05 Людзі ў цывільным, чалавек 30, пайшлі натоўпам праз усю плошчу Якуба Коласа. Іх пачалі затрымліваць, пад’ехаў аўтобус і мікрааўтобус, закідваюць туды людзей. Аднаго літаральна занесьлі ў аўтобус. Не даюць здымаць, адбіраюць відэакамэры, закрываюць іх рукамі.

20:05 Глыбокае. Журналісту Зьмітру Лупачу ўручылі павестку проста на плошчы. Як кажа Зьміцер, «падышоў чалавек у цывільным, паказаў пасьведчаньне работніка міліцыі, пасадзілі ў машыну і ўручылі павестку. Зьявіцца да старшыні міліцыі Кучца В.М. Сказалі, што гэта з нагоды майго затрыманьня ў мінулую сераду».

20:05 Маларыта. У акцыі ўдзельнічалі 4 чалавекі. А 20:00 да ўдзельнікаў акцыі, якія яшчэ знаходзіліся на плошчы (сярод іх праваабаронца Ўладзімер Малей), падышлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі прайсьці ў РУУС, які знаходзіцца побач, для высьвятленьня асобы. Цяпер у РУУС ідуць 3 чалавекі.

Горадня. Сёньняшняя акцыя ў Горадні розьнілася тым, што адбывалася не на Савецкай вуліцы ў цэнтры горада, а на прывакзальнай плошчы побач з аўтобусным вакзалам.

Міліцыянтаў у форме было болей, чым тых, хто гуляў па прывакзальнай плошчы побач з прыпынкам. Міліцыянты цалкам ачапілі плошчу, закрылі ўезды і выезды на аўтавакзал.

Побач з офісам МТС стаялі некалькі аўтобусаў з тымі, хто звычайна хапае людзей на акцыях. Шмат прагульвалася мужчын спартыўнага целаскладу ў цывільным адзеньні.

Бліжэй да 20-й гадзіны ўдзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца, іх было ня болей за 40 чалавек. Міліцыянты разблякавалі пад’езды да вакзала, праўда, адзін аўтобус зь міліцыянтамі застаўся дзяжурыць побач з офісам МТС. Пакуль нікога не затрымлівалі.

Ліда. Гэтым разам у цэнтры гораду гулялі ўсяго некалькі чалавек, міліцыянтаў было шмат, але яны нікога не чапалі. Хутка ўсе разышліся.

Ваўкавыск. Каля 40 чалавек сядзелі на плошчы і размаўлялі, а палове на восьмую усталі і прайшліся праз усю плошчу. Міліцыі было шмат, са слоў ўдзельніка акцыі, але іх ніхто не чапаў, людзі спакойна разышліся.

Слонім. У «маўклівай» акцыі ўзялі ўдзел ня болей за 10 чалавек, ціха пастаялі і разышліся. За імі ўвесь час назіралі міліцыянты і людзі ў цывільным, але нікога не чапалі.

20:00 На плошчы Якуба Коласа а 20-й гадзіне ў некалькіх дзясяткаў людзей зазьвінелі будзільнікі на мабільных тэлефонах. Аўтамабілі, якія праяжджаюць па праспэкце Незалежнасьці, вітаюць удзельнікаў акцыі сыгналямі клаксонаў. Затрыманьняў пакуль няма.

20:00 Берасьце. Пасьля акцыі на плошчы Леніна каля 50 чалавек пайшлі па вуліцы Савецкай у бок ЦУМа. Там людзі збольшага сталі разыходзіцца, аднак некалькі маладых людзей зайшлі ў ЦУМ, аднаго зь іх затрымалі і зацягнулі ў міліцэйскую машыну.
19:56 aFrippery: З вокнаў курылкі кінатэатру «Кастрычнік» хвілін 10 таму можна было бачыць, як саджаюць ў аўтобусы затрыманых. Каля кінатэатру амаль нікога няма

19:55 Баранавічы. Людзей усё яшчэ выцясьняюць з плошчы. Па зьвестках удзельніка акцыі Віктара Сырыцы, затрыманыя 5 чалавек, сярод іх Рыгор Макрэвіч.

19:50 Каля кінатэатра «Кастрычнік» (мэтро Акадэмія Навук) затрыманыя двое маладых людзей, перадае карэспандэнт агенцтва «Інтэрфакс-Захад». Маладыя людзі ішлі з заплечнікамі, да іх падышлі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, пасьля непрацяглых перамоў юнакі з заплечнікамі паспрабавалі ўцячы, аднак былі затрыманыя і накіраваныя ў мікрааўтобус.

19:50 Бабруйск. Міліцыя без тлумачэньняў затрымала журналіста Алеся Сушчэўскага, які працуе на мясцовы інтэрнэт-партал. На акцыю ў Бабруйску выйшла каля 100 чалавек, паведамілі Свабодзе сьведкі затрыманьня.
19:43 Гомель. leocomax: Усё, удзельнікі сыходзяць, іх усё менш. Затрыманьняў заўважана мной не было.

19:40 Берасьце. Акцыя скончылася а 19:20. На плошчу прыехалі, верагодна, курсанты і АМАП, пачалі ачапляць плошчу і паступова выцясьняць людзей. Праз гукаўзмацняльную сувязь абвясьцілі, што акцыя несанкцыяваная і людзі будуць затрыманыя. Удзельнікі акцыі сталі пакідаць плошчу. Затрымалі 3 чалавек. Невялікая група людзей рухаецца цяпер па вуліцах Берасьця. Агулам у акцыі прынялі ўдзел каля 150 чалавек.

Супрацоўнікі міліцыі перашкаджалі працы журналістцы БелаПАН Міланы Харытонавай, забараняючы ёй праводзіць фотаздымкі. У адказ журналістка працытавала ім закон аб «Органах унутраных спраў». Тады да іх падыйшоў палкоўнік Мельнікаў і прыгразіў спн. Харытонавай, што яны маюць відэа з папярэдніх акцый, дзе яна ідзе наперадзе калёны як арганізатар несанкцыянаванага шэсьця. Па словах палкоўніка Мельнікава, гэтае відэа будзе накіраванае ў Міністэрства інфармацыі, каб да журналісткі былі прынятыя адпаведныя захады.

19:40 Барысаў. Супрацоўнікі міліцыі паказваюць пасьведчаньні перад тым, як прапанаваць мінакам, якія хочуць перайсьці плошчу, зрабіць гэта на другім баку вуліцы. А вось супрацоўнікі КДБ пасьведчаньняў не паказваюць. Плошча ачэпленая, людзей няма.

19:40 Глыбокае. Як паведаміў журналіст Зьміцер Лупач, гэтым разам на плошчу ў Глыбокім ніхто не прыйшоў. Зьміцер гэта зьвязвае з маючым адбыцца прыездам у горад Аляксандра Лукашэнкі.

19:35 Ля гандлёвага дому «Рыга» спакойна. Аднак на пляцоўцы ля ўваходу ў крамы зьявіўся аўтобус з адчыненымі дзьвярыма. Маладыя кораткастрыжаныя людзі працягваюць сядзець на парапэце.


19:35 На плошчы Якуба Коласа знаходзяцца тры аўтобусы без рэгістрацыйных знакаў. Непадалёк на лаўках у чаканьні каманды разьмясьціліся маладыя людзі ў цывільных вопратках. У раёне плошчы Перамогі міліцыя спыняла журналістаў, правярала дакумэнты.

Плошча Якуба Коласа ў Менску.


19:30 Вільня. На вакзале перад адыходам цягніка ў Менск сабралася каля 30 чалавек — беларусы, якія жывуць у Літве пасьля падзеяў 19 сьнежня, прыехала і група грамадзкіх актывістаў зь Беларусі. Яны а 19:30 пляскалі ў ладкі, і такім чынам праваджалі цягнік у Менск. Пасажыры пляскалі ў адказ і віталі ўдзельнікаў акцыі, — паведаміў Зьміцер Шурхай.

19:25 Гомель. Людзі зьбіраюцца каля ўнівэрмага. Побач — прыпынак грамадзкага транспарту. У кожнага, хто тут сьпыняецца, міліцыя правярае дакумэнты і раіць не затрымлівацца. Пакуль актыўных дзеяньняў супраць тых, хто сабраўся, яна не прадпрымае.

19:25 Магілёў. На Цэнтральнай плошчы ўжо 100-150 чалавек удзельнікаў, яшчэ каля 100 назіраюць. Па пэрымэтры шмат міліцыянтаў, ля гарвыканкаму стаіць аўтобус з АМОНам. Машыны, якія праяжджаюць міма, актыўна падтрымліваюць, сыгналяць, але ў адказ пляскаць у ладкі гэтым разам ніхто не наважваецца.

19:25 У раёне станцыі мэтро «Фрунзенская» затрыманыя два журналісты БелаПАН — Захар Шчарбакоў і відэаапэратар Павел Падабед.

19:25 Гомель. Сайт naviny.by перадае, што ў Гомелі ў раёне плошчы Леніна, якая ўпершыню цягам апошняга месяца ў сераду ўвечары не перакрытая, дзяжурыць некалькі нарадаў міліцыі. Ля помніка Леніну стаіць аўтазак. На подступах да ўнівэрмага «Гомель» дзяжураць міліцыянты і супрацоўнікі ДАІ. Яны правяраюць рэчы ў мінакоў. Ля прыпынку грамадзкага транспарту стаяць міліцэйскія аўтамабілі са спэцназаўцамі. Таксама міліцыя дзяжурыць на Прывакзальнай плошчы і каля Палацу культуры чыгуначнікаў. Нарады выстаўленыя ля фантана каля будынка цырку і ў цэнтральным сквэры. Побач, на плошчы Паўстаньня, сваю акцыю «Шокатэрапія» ладзіць Дзяржаўтаінспэкцыя.

19:23 Лёндан. czalex: Ля амбасады Беларусі ў Лёндане каля 30 чалавек, у тым ліку тры дэпутаты парлямэнту Вялікабрытаніі. Хлопаем!

19:23 Горадня. vadzik: Забралі яшчэ дваіх зь велікамі.

19:20 Наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч цяпер ідзе пешшу ад Акадэміі Навук уніз па праспэкце Незалежнасьці. Тут некалькі дзясяткаў чалавек, якіх можна вызначыць як удзельнікаў акцыі. Яны вітаюцца паміж сабой, з журналістамі. Міліцыянты пакуль не прадпрымаюць ніякіх агрэсіўных дзеяньняў.

19:20 Бабруйск. Як паведаміла з цэнтральнай плошчы Бабруйску намесьніца старшыні Бабруйскай гарадзкой арганізацыі АГП Галіна Сьмірнова, Цэнтральная плошча Бабруйска ачэпленая міліцыяй: «Людзі пакрысе зьбіраюцца каля фантану, ля аўтобуснага прыпынку. Пакуль нельга сказаць дакладна, хто прыйшоў на акцыю, а хто проста гуляе. Бо ў пагоду заўжды шмат людзей на плошчы. Міліцыі вельмі шмат. Праз кожныя дзесяць мэтраў стаіць пост. Таксама вельмі шмат міліцэйскіх машын. І ў дварах і вакол плошчы. Міліцыя ў форме, а колькі іх у цывільным — невядома. Яны таксама гуляюць вакол фантану. Усе лаўкі вакол фантану занятыя. Такое адчуваньне, што ўсе чагосьці чакаюць».

19:22 kaputmaher: Каля «Кароны» альбо па дарозе ў мэтро затрыманы відэаапэратар Павал Падабед і журналіст Захар Шчарбакоў (БелаПАН). Сувязь адсутнічае.

19:14 Берасьце. brestgazeta: Па ацэнках нашага карэспандэнта, на плошчы каля 70 чалавек. Міліцыя прапаноўвае разысьціся.

19:13 Наваполацк. i_july_m: Каля 100 чалавек. Па ўсім пэрымэтры міліцыя і ДАІ спыняюць машыны, таму сыгналіць ніхто не адважваецца.

19:10 На парапэце ля ўваходу ў гандлёвы дом «Рыга» сядзяць каля двух дзясяткаў коратка пастрыжаных маладых людзей, пераважна ў спартовым адзеньні. Непадалёку — група журналістаў. У супэрмаркеце — шмат людзей, як звычайна ў гэты час.

19:08 vitkovsqib: На Акадэміі навук каля 60 чалавек АМАПу. Не даюць стаяць. Ледзь знайшлі ў кінатэатар. Сяброўцы пагражалі.

19:05 chudentsov: Па стане на 19:05 ніякага масавага выхаду людзей з унівэрмагу «Беларусь» не назіраю. Паехаў на праспэкт Незалежнасьці.


19:00 Баранавічы. На плошчы каля 60 удзельнікаў акцыі. Міліцыянты падыходзяць да тых, хто знаходзіцца на плошчы, прад’яўляюць пасьведчаньне і настойліва рэкамэндуюць сысьці ў іншае месца. Перад акцыяй затрымалі дваіх чалавек.

19:00 Пінск. Плошча Леніна перагароджаная, людзей на яе не прапускаюць. Дваіх чалавек затрымала міліцыя яшчэ перад акцыяй.

19:05 Берасьце. На плошчы 50-70 удзельнікаў акцыі. Многа міліцыянтаў, плошчу таксама патрулююць супрацоўнікі ў чорнай форме. Канфліктаў і затрыманьняў пакуль не адбывалася.

Аўтазак у Берасьці.

19:00 Слуцк. Актывіста Партыі БНФ Віктара Амяльковіча наша тэлефанаваньне засьпела ў міліцэйскай машыне. Як сказаў Віктар, зь ім праводзяць прафілактычную гутарку. Паводле ягоных соловаў людзі на плошчы ёсьць. Але колькі іх сказаць цяжка, магчыма хтосьці прыйшоў сюды проста адпачыць.
19:00 Віцебск. Напярэдадні маўклівай акцыі пратэсту, на плошчы Перамогі ў Віцебску затрыманая кіраўніца Віцебскай моладзі БХД Настасься Сотнікава. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі яе быццам бы для высьвятленьня асобы, даставілі ў апорны пункт Кастрычніцкага райаддзелу па вуліцы Жасткова, паведамляе прэсавая служба БХД.

19:00 Каля кафэ «Максі-біс» на Нямізе сабралася даволі шмат журналістаў. Падышоў міліцыянт і сказаў, каб журналісты ўсе разам не знаходзіліся ў адным месцы і не стваралі натоўп. Супрацоўнікі міліцыі вядуць відэаздымкі. У выніку, журналісты, параіўшыся, вырашылі пайсьці зь Нямігі да плошчы Перамогі.

18:53 Горадня. kolesa: Людзей, ня густа. Прыйшлі два спэцназаўцы, папрасілі дакумэнты, запісалі дадзеныя.

18:50 Салігорск. Затрымалі актывістаў Івана Шылу і Андрэя Тычыну. Андрэй толькі ўчора выйшаў з салігорскага ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля адбыцьця 13-суткавага арышту за ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту на Цэнтральнай плошчы Салігорску 29 чэрвеня, паведамляе saligorsk.org.

18:50 Віцебск. Плошча Перамогі аб’яўлена рэжымным аб’ектам. Пра гэта паведамляюць мінакам міліцыянты ў камуфляжнай форме, якія стаяць па пэрымэтры плошчы і нікога туды не падпускаюць. Па плошчы ходзяць толькі людзі ў цыфільным у белых кашулях. На плошчы Перамогі сапраўды ўсталяваная гукаўзмацняльная апаратура, але канцэрт, паводле раскладу фэстывалю «Славянскі базар», павінен адбыцца толькі а 10 вечара.

Плошча Перамогі аб’яўлена рэжымным аб’ектам.

18:50 Магілёў. Цэнтральная плошча гораду ачэпленая міліцыяй, перадае для «Свабоды» Сяргей Лапуцін. Ён кажа, што ўдзельнікі акцыі падцягваюцца да плошчы. Ужо іх тут прыкладна 60-70 чалавек.

18:45 Берасьце. Каля свайго дому затрыманы адміністратар берасьцейскай суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» «ВКонтакте» няпоўнагадовы Сяргей Алексіевіч. Яго спыніў супрацоўнік міліцыі па справах няпоўнагадовых і апытвае наконт хуліганскіх дзеяньняў моладзі ў ягоным раёне. Сяргей кажа, што міліцыянт ужо запісаў два аркушы ягоных тлумачэньняў і цяпер з кімсьці раіцца па тэлефоне. Сяргея Алексіевіча спрабуюць затрымаць на кожнай маўклівай акцыі.

18:40 Ля гандлёвага дому «Няміга» традыцыйна ажыўлена. Шмат людзей на прыпынках транспарту, у летніх кавярнях. Група маладых людзей сабралася ля крамы «Рублёўскі». У натоўпе вылучаюцца «людзі ў цывільным». Міліцэйскіх аўтамабіляў няма. Станцыя мэтро «Няміга» адчыненая для пасажыраў.

18:40 Адзін з каардынатараў суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Вячаслаў Дзіянаў заявіў для Радыё Свабода: «Улады заблякавалі „Вконтакте“ па ўсёй краіне. Аднак карыстальнікі сеткі пачалі хутка перабудоўвацца і заходзяць „у кантакт“ праз ананімайзэры. Думаю, такімі захадамі інфармаваньне людзей можна прытармазіць — але гэта часова. Людзі будуць чакаць гэтага і будуць гатовыя».

18:41 Гомель. @vvampirius: За ўнівэрмагам два пустыя аўтобусы. Чагосьці чакаюць...
18:30 Адміністратары супольнасьці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» заклікаюць грамадзян «абараніць сваё права на свабоду інфармацыі».

«Сёньня каля 16:00-16:30 па ўсёй Беларусі заблякаваны доступ да самай папулярнай расейскай сацыяльнай сеткі „Вконтакте“. Улады пайшлі на беспрэцэдэнтны крок і пазбавілі людзей магчымасьці мець зносіны і абменьвацца інфармацыяй. Відавочна, што гэта зьвязана з правядзеньнем чарговай акцыі сустрэчы „Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі“. Мы заклікаем людзей абараніць сваё права на свабоду інфармацыі і выйсьці на вуліцы а 19:00», — пішуць адміністратары групы.

18:30 Гомель. @DimaRed: Каля ўнівэрмагу шмат міліцыі, тармозяць амаль кожнага чалавека каля пераходаў да яго!

18:28 @aFrippery: Стаяла зь сябрамі каля кінатэатра «Кастрычнік». Падышлі амапаўцы, спыталі білеты і сказалі чакаць фільму ўнутры. Што адбываецца?

18:25 На вуліцы Няміга ад мэтро да гандлёвага цэнтру Няміга тэрыторыю патрулююць міліцыянты ў форме і людзі ў цывільным. Іх даволі шмат, дзясяткі.

Каля унівэрсаму «Рыга» групуюцца людзі з рацыямі, усе ў цывільным. Даюцца інструкцыі аховы ўнівэрсаму: як дзейнічаць, калі з унівэрсаму пойдзе натоўп людзей.

18:20 Каля ўнівэрсаму «Эўрапейскі» насупраць Маскоўскага аўтавакзалу на праспэкце Незалежнасьці стаіць аўтобус зь міліцыянтамі. Па пляцоўцы каля крамы ходзяць міліцыянты ў цывільным. У самой краме наш карэспандэнт бачыў «людзей у цывільным», якія відавочна высочвалі патэнцыйных удзельнікаў акцыі.

18:17 Гомель. @vvampirius: Думаў праехаць праз плошчу — спынілі, запісалі. Сёньня ў іх акцыя «пдлошча без ровара»

18:15 На некаторых сайтах у інтэрнэце зьявілася інфармацыя, што некалькі станцыяў мэтро ў цэнтры Менску зачыненыя. Нашы карэспандэнты не пацьвярджаюць гэтага. Пакуль доступ адчынены да ўсіх станцыяў менскага мэтро.

18:05 Па пэрымэтры вакол гандлёвага цэнтру «Рыга» згрупаваліся па дзьве-тры асобы людзі ў цывільнай вопратцы. Яны перамаўляюцца па рацыі, таксама даюць нейкія ўказаньні ахоўнікам гандлёвага цэнтру. Тут жа некалькі міліцыянтаў. Аўтазакаў і міліцэйскіх аўтамабіляў непасрэдна ля крамы няма.

17:59 Горадня. @AntXa: «У Горадні плошча агароджаная турнікетамі. Правяраюць сумкі».

17:50 На адно зь месцаў збору, унівэрмаг Беларусь, скіраваная вэб-камэра на будынку адміністрацыі Заводзкага раёну сталіцы. Цяпер яе адключылі.


17:20 Праблемы з доступам да сайту «Вконтакте». У Твітэры зьяўляюцца паведамленьні пра вялікую колькасьць людзей у цывільным і міліцэйскіх машын у ваколіцах месцаў збору і ля пастарункаў.


Станьце карэспандэнтам «Свабоды»! Зрабіце фота. Здыміце відэа. Дашліце на адрасы rferl.minsk@gmail.com і svaboda@rferl.org і пазваніце на тэлефон у Менску +375 17 266-39-52.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG