Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Анёлы-ахоўнікі» вярнуліся ў Менск


У Менску гэтымі днямі аднавіўся рух грамадзянскай салідарнасьці з палітзьняволенымі пад назвай «Анёлы-ахоўнікі». Яго арганізавалі некалькі прыватных асоб, каб дапамагчы зьняволеным у выніку маўклівых акцыяў пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» 3 і 6 ліпеня.

Абвясьціць пра ўзнаўленьне руху «Анёлы-ахоўнікі» мянчук Сяргей Сматрычэнка і яшчэ некалькі чалавек вырашылі пасьля таго, як 4 ліпеня пабачылі, колькі чалавек прайшлі праз суды і трапілі за краты. Абвестку пра патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе і валянтэрскай працы зьмясьцілі ў інтэрнэце, і на яе адгукнуліся дзясяткі чалавек, кажа спадар Сматрычэнка:

«З 4 ліпеня мы тут стаім пад сьценамі турмы на Акрэсьціна і пакуем перадачы. Людзей адгукнулася вельмі шмат, асабліва сёньня вялікая колькасьць валянтэраў. Гэта самыя розныя, звычайныя людзі — ніякая партыя да гэтага дачыненьня ня мае, проста неабыякавыя людзі. Прыходзяць, каб перадаць грошы, каб пакаваць рэчы. Прыяжджаюць на машынах — нешта развозяць, езьдзяць у краму, бо мы вялікімі партыямі ўсё купляем. І ўсё гэта вельмі прыемна і прыгожа».

Рух грамадзянскай салідарнасьці з палітзьняволенымі ўпершыню арганізаваўся пасьля падзеяў 19 сьнежня, калі сотні людзей, якія пратэставалі супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, былі кінутыя за краты. Тады акцыя каардынавалася празь сядзібу партыі БНФ. У выніку цяпер улады выганяюць партыйцаў з арандаванага памяшканьня. Але людзі надалей прыходзяць сюды, каб прапанаваць дапамогу, кажа супрацоўніца ўправы Натальля:
Я думаю, што гэта людзі, якія ня могуць выйсьці на вуліцу, але якія маюць сумленьне.

«Тэлефанавалі чалавек дзесяць толькі сёньня, і грошы прыносяць. Прыходзяць і кажуць — куды пакласьці грошы для тых, хто пляскаў? Пакідаюць грошы і сыходзяць. Я думаю, што гэта людзі, якія ня могуць выйсьці на вуліцу, але якія маюць сумленьне».

Як паведамілі арганізатары руху «Анёл-ахоўнік», сваю дапамогу таксама прапанавалі актывісты «Маладога фронту». У праваабарончым цэнтры «Вясна» зараз працуюць юрысты, якія дапамагаюць сваякам зьняволеных. Тут таксама зьбіраюць сродкі на аплату штрафаў. І патрэба ў такой дапамозе надзвычай вялікая, кажа супрацоўніца «Вясны» Алеся Якубоўская:

«Да нас вельмі шмат людзей зьвяртаецца — яны абскарджваюць судовыя прысуды. Мы можам дапамагчы з адвакатам, мы можам дапамагчы абскардзіць рашэньні, выплаціць штраф. Ва ўсіх гэтых патрэбах прыходзьце да нас — мы вам дапаможам».

Як паведамляюць праваабаронцы і актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Анёлы-ахоўнікі», да іх таксама зьвяртаюцца сваякі затрыманых пратэстоўцаў, пра якіх дагэтуль невядома, дзе яны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG