Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткія затрыманьні на акцыі «маўклівых» у рэгіёнах


У больш як 30 гарадах розных рэгіёнаў краіны адбываліся акцыі маўклівага пратэсту. Як плянавалі загадзя, удзельнікі акцыі зьбіраліся на цэнтральных плошчах. Тут за імі цікавалі міліцыянты і невядомыя людзі ў цывільным. Шмат каго з удзельнікаў сёньняшняй акцыі затрымалі.


Разьвіцьцё падзеяў адсочвалі рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

БЕРАСЬЦЕ


Маўклівая акцыя ў Берасьці сабрала амаль 400 чалавек


Людзі пачалі зьбірацца на плошчы Леніна каля 19 гадзіны. Сытуацыя на плошчы была спакойная, людзі стаялі групамі. Спробаў затрыманьня не было.


За паўгадзіны колькасьць людзей на плошчы дасягнула 400 чалавек. У 19:25 людзі пачалі гучна пляскаць у ладкі, а ўжо праз 5 хвілін, згодна з папярэдняй стратэгіяй, пачалі разыходзіцца.


Журналіст Павал Дайлід перадае зь Берасьця:


«Натоўп ідзе па вуліцах Берасьця, побач з натоўпам едуць міліцэйскія УАЗікі. Зараз людзі пачынаюць ізноў пляскаць у ладкі. Ля кінатэатру „Беларусь“ натоўпу перагарадзілі дарогу людзі ў цывільным. Адбылася гутарка зь міліцыянтамі, і пасьля яе ачапленьне адышло. Людзі бачылі, што прынамсі аднаго чалавека міліцыянты закінулі ў „уазік“.


Па словах Паўла Дайліда, міліцыянты рухаюцца побач і праз гукаўзмацняльную тэхніку папярэджваюць, што акцыя несанкцыянаваная. Да ўдзельнікаў акцыі далучаюцца мінакі, людзі выходзяць на гаўбцы і таксама пляскаюць у далоні».


Акцыя скончылася ў 20:15. Дакладна вядома пра затрыманьне 6 чалавек, сярод іх прадстаўнік РГА «Пэрспэктыва» Віктар Чайкоўскі, адміністратар берасьцейскай суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» непаўналетні Сяргей Алексіевіч, Юры Бацук.


У Берасьці затрыманы Віктар Клімус


За некалькі хвілін да акцыі быў затрыманы кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Віктар Клімус. Паўтары гадзіны ён утрымліваўся ў Ленінскім РАЎС г. Берасьця пад маркай праверкі дакумэнтаў. Пасьля яго адпусьцілі.


У Маларыце на галоўную плошчу выйшлі 6 чалавек


Праваабаронца Ўладзімер Малей паведамляе, што за імі назіраюць 2 міліцыянты. Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі:


«Я ўдзельнічаю ад самага пачатку, як толькі сталі гэтыя акцыі праводзіць. Я супраць нашага цяперашняга рэжыму ўжо даўно. І дзіця сваё прывёў. І сёньня нават жонка падышла. Чаго нам баяцца? Калі ўсе будуць баяцца, то нічога ня выйдзе. У нас маленькі гарадок, усе адзін аднаго ведаюць у твар. Людзі баяцца, што будуць праблемы на працы. Іх трэба мацней падштурхоўваць да ўдзелу».


У Пінску была ачэпленая плошча Леніна


У Пінску галоўную плошчу абгарадзілі, на ёй некалькі дзясяткаў міліцыянтаў і некалькі дзясяткаў асобаў у цывільным. Вуліцы каля плошчы вызваленыя ад аўтатранспарту.


На маўклівую акцыю сабралася каля 100 чалавек. Пра гэта паведаміў Уладзімер Земчанка:


«Была спроба зачапіць чалавека, які здымаў на мабільнік. На яго кінуліся адразу міліцыянты, але людзі яго адбілі, і ён пасьпеў зьбегчы».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Горадні паўтарыўся жорсткі хапун


Ізноў, як і 3 ліпеня, затрыманых зацягвалі ў міліцэйскія аўтобусы. Напачатку іх было два, затым пад’ехаў трэці. Колькі дакладна людзей затрымалі, пакуль невядома. Падрабязнасьці — ад Міхала Карневіча.


Плошча Савецкая, дзе адбыліся першыя акцыі, застаецца абгароджаная мэталёвымі стойкамі. Ужо за гадзіну да акцыі ўсіх, хто хацеў прайсьці, правяралі мэталашукальнікамі.


Тым, хто сядзеў на лавах, загадвалі пакінуць плошчу, бо павінна прыехаць спэцтэхніка, каб яе прыбраць.


Яшчэ хвілін за 30 да акцыі на вуліцы Савецкай побач з плошчай было ўсяго чалавек 50–60. Сярод іх вылучаліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Потым людзі пачалі актыўна падыходзіць.


Пад бой гадзіньніка на вежы людзі пляскалі ў далоні.


У самы пік акцыі відавочцы налічвалі каля некалькі соцень чалавек. Ізноў хадзіў міліцыянт з мэгафонам і патрабаваў, каб людзі разышліся. Пачуўшы бой гадзіньніка на вежы фарнага касьцёла, людзі пачалі пляскаць у ладкі. І ў гэты момант пачаўся хапун, такі ж жорсткі, як і 3-га ліпеня.

ВІЦЕБШЧЫНА


На плошчы Перамогі было 150 чалавек


У Віцебску на плошчы Перамогі сабралася каля 150 чалавек. Раней удзельнікаў акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» бывала болей. Але пасьля таго як міліцыя пачала перапісваць асабістыя зьвесткі прысутных на плошчы, ахвотных падтрымаць акцыю паменела.


Затрыманых адводзілі ў апорны пункт міліцыі.


Зьвесткі пра тых, хто прыходзіў на маўклівыя пратэсты, перадаюць на месцы працы ці вучобы, і там пачынаецца ціск — пра такія выпадкі распавядаў сёньня шмат хто з прысутных. Таксама відавочцы распавядалі, што некалькі чалавек затрымалі на падыходзе да плошчы Перамогі. Іхныя прозьвішчы пакуль не вядомыя, але людзі бачылі, як затрыманых павялі ў апорны пункт міліцыі па вуліцы Жасткова. Невядома таксама, ці склалі на затрыманых пратаколы пра нейкае правапарушэньне.


У Віцебску акцыя завяршылася сыходам з плошчы Перамогі пад агульныя воплескі. Усё гэта здымалі міліцэйскія апэратары. Пляскаючы ў ладкі, калёна прыкладна са ста чалавек прайшла да плошчы Свабоды, потым людзі пачалі разыходзіцца. Адзін з удзельнікаў апісвае гэтыя падзеі:


«Пайшлі ў бок ратушы. Ішлі, пляскалі ў ладкі. Нас здымалі — і цяпер здымае, як я гавару па тэлефоне, чалавек у цывільным. Было 7–8 міліцыянтаў, пяцёра ў форме, трое ў цывільным, адзін здымае.


Зь дзясятак чалавек дайшлі да крыжа на Ўсьпенскай горцы, дзе штодня праходзіць малітва за палітвязьняў. Пасьля гэтай малітвы, якія таксама праходзіла пад міліцэйскім наглядам, былі затрыманыя Зьміцер Пчолкін, Канстанцін Халмачоў. Іх завялі ў Кастрычніцкі РАУС, і пакуль пра іхні далейшы лёс нічога не вядома.

Людзі зьбіраюцца на плошчы Перамогі.
Калёна на вуліцы Леніна.


Упершыню адбылося затрыманьне ў райцэнтры Глыбокае. Як распавёў незалежны журналіст Зьміцер Лупач, які таксама апынуўся ў пастарунку, на цэнтральнай плошчы сабраліся 7 чалавек. Чатырох зь іх затрымалі, у тым ліку дзяўчыну — грамадзянку Чэхіі, якая прыехала ў Беларусь пагасьцяваць. Пра затрыманьне паведамілі ў чэскую амбасаду. Пазьней усіх затрыманых адпусьцілі, але міліцыянты напісалі рапарты, што затрымалі людзей за воплескі на плошчы.


У Полацку на плошчу Свабоды прыйшлі сёньня прыблізна 50–60 чалавек. Нехта з удзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту кажа, што таксама бачыў затрыманьні прынамсі двух чалавек. Але дакладных зьвестак пра іх пакуль няма.


У Наваполацку на плошчы Будаўнікоў сабралася каля 200 чалавек — так кажа тамтэйшы актывіст Віктар Калесьнік:


«Каля 200 чалавек было, стаялі, пляскалі ў ладкі. Улады прыгналі дзьве машыны ДАІ, яны стаялі паабапал плошчы і спынялі аўтааматараў, якія нам сыгналілі. Верагодна, іх штрафавалі, бо трымалі дужа доўга».


У Наваполацку двое затрыманых.


Напрыканцы прысутныя прайшлі пад воплескі каля 100 мэтраў па цэнтры гораду. Паводле не пацьверджанай пакуль інфармацыі, у Наваполацку таксама ёсьць двое затрыманых. А яшчэ мясцовая служба ДАІ аштрафавала некалькі кіроўцаў, якія сыгналілі, вітаючы пратэстоўцаў.


Без затрыманьняў акцыя маўклівага пратэсту прайшла ў Воршы — там на плошчы каля помніка Леніну сабралася прыблізна 50 чалавек. Апошнія 5 хвілін над плошчай гучалі воплескі, і ўсё гэта здымала мясцовая тэлерадыёкампанія «Скіф».

Акцыя ў Воршы.

Зьвесткі пра затрыманьні па вобласьці яшчэ няпоўныя, ня выключана, што іх больш за 20 чалавек у розных рэгіёнах.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Загад у Гомелі: «На прыпынку не стаяць!»


У Гомелі а 19-й гадзіне цэнтральная плошча Леніна была зноў закрыта. Як і ў папярэднія «маўклівыя» акцыі пратэсту, на плошчу выгналі трэніравацца ў хадзьбе калёнамі супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.


Міліцыя перакрыла прыпынак «Плошча Леніна».


Міліцыя перакрыла й прыпынак грамадзкага транспарту «Плошча Леніна». Ні тралейбусы, ні аўтобусы тут не спыняліся. Усталяваны былі камэры відэаназіраньня. У шмат каго зь мінакоў спраўджвалі й запісвалі пашпартныя зьвесткі. Пры гэтым міліцыянты сьцьвярджалі, што імярэк падобны да нейкага хулігана ці злачынцы.

Народ яшчэ больш будзе кансалідавацца.

Гараджанін паважнага веку так выказваецца наконт убачанага:

«Гэта дурнота ўладаў. Народ яшчэ больш будзе зьбірацца, кансалідавацца, паколькі спэцыяльна ў гэты дзень прызначаюць трэніроўку».


Некалькім дзясяткам мінакоў усё ж такі ўдалося наблізіцца па адным з бакоў вуліцы Працоўнай да прыпынку «Плошча Леніна». Але літаральна праз 10 хвілін міліцыя пачала іх выцясьняць.


Гаворыць спадар Васіль:


«Міліцыя не дала сабрацца людзям. Ланцугом па вуліцы Працоўнай выціскаюць у бок вуліцы Кірава, вуліцы Інтэрнацыянальнай. І на прыпынку не даюць спыняцца транспарту. На плошчы Леніна нейкія вучэньні МНС ці нешта такое адбываецца — туды нікога не пускаюць. Вельмі шмат міліцыі ў цэнтры гораду, на праспэкце Леніна. Шмат і дзяржаўтаінспэктараў».


Каманды міліцыі: «Тут нельга хадзіць, тут нельга стаяць...»


Яшчэ адзін удзельнік акцыі кажа:


«Я думаю, што гэта супрацьзаконна, гэта наўпроставае парушэньне Канстытуцыі. У людзей ёсьць права вольна перамяшчацца, ёсьць свабода слова. Шмат хто хацеў пайсьці на набярэжную Сажа, але на гэтых прыпынках транспарт не спыняецца. Тут нельга хадзіць, нельга стаяць. Кажуць, загад — і ўсё».


На гэты час няма зьвестак, затрымалі каго ў Гомелі ці не.


Толькі ў Калінкавічах міліцыя затрымала двух маладзёнаў, якія ў цэнтры гораду пляскалі ў ладкі.

На плошчы Леніна зноў трэніроўка.
Кіеўскі спуск перакрыты.

МЕНШЧЫНА


У Слуцку перад пачаткам заплянаванай акцыі пачалася сапраўдная залева. Аднак гэта не спыніла ні міліцыянтаў, якія хаваліся ў аўтамабілях, ні ўдзельнікаў акцыі, якія стаялі пад праліўным дажджом.


Перадае ўдзельніца акцыі Юлія Балакір:


«Быў у нас вельмі моцны дождж. Аднак 17 чалавек усё ж выйшлі на плошчу. Затрымалі зь іх —11. Сярод іх і бацька майго мужа. Ён дагэтуль знаходзіцца ў міліцыі.


Мы з мужам ужо прыехалі ў міліцыю. Нас, 10 чалавек, дапытвалі ў машынах, а пасьля адпусьцілі. Аднак пра лёс майго сьвёкра нам нічога ня кажуць.


Міліцыянты ў дождж сядзелі ў машынах у цывільным. Потым выскоквалі, хапалі людзей і кожнага цягнулі ў асобную машыну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG