Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Законьнікаў: «У школьных праграмах працягваюць шукаць нацыяналістаў»


Сяргей Законьнікаў
Сяргей Законьнікаў
Чатыры гады таму навучальныя праграмы па беларускай літаратуры зазналі істотную рэвізію. Міністэрства адукацыі сумесна з прыўладным Саюзам пісьменьнікаў ачысьціла школьныя падручнікі ад «шкодных» твораў, замяніўшы іх творамі «дабранадзейных» літаратараў. Здавалася б, справа закончылася. Але нядаўна ў інтэрвію тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» старшыня СПБ Мікалай Чаргінец заявіў, што праблема да канца нявырашаная, і яна будзе абмяркоўвацца на чарговым зьездзе саюзу. Паэт Сяргей Законьнікаў, чые творы пакуль застаюцца ў школьнай праграме, пагадзіўся адказаць на нашы пытаньні.

— Спадар Сяргей, у 2007 годзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што са школьных праграмаў па яго асабістым указаньні былі выкінутыя «ўсе нацыяналісты». Дык што ў школьных праграмах ізноў не дае спакою чыноўнікам?

— Самая галоўная праблема для чыноўнікаў — беларуская мова. «Нацыяналісты» для іх усе, хто гаворыць па-беларуску. І ў школьных праграмах яны працягваюць шукаць той самы «нацыяналізм», супраць якога змагаюцца на нашай беларускай зямлі ўжо не адно стагодзьдзе.

— А можа, праблема палягае ў іншым? Вось на сайце прыўладнага саюзу пісьменьнікаў я чытаю: «Наш Саюз таксама зацікаўлены, каб беларускія дзеці ведалі і творчасьць рускамоўных празаікаў Беларусі, такіх, як М.Чаргінец...

— Стварэньне яшчэ аднаго саюзу пісьменьнікаў, які сёньня змагаецца з незалежнымі літаратарамі, — гэта ня проста нейкі ідэалягічны выбрык чыноўнікаў. Тут яшчэ спрацавала зацятая крыўдлівасьць, агрэсіўная амбітнасьць гэтых людзей, творча абмежаваных. Яны лічаць, што пры ранейшай уладзе ім нечага не дадалі: пасадаў, прэміяў, ордэнаў, выданьняў... Як сьведчаць выступы ў друку Мікалая Чаргінца, ён змагаецца з навучальнымі праграмамі ў тым ракурсе, што зь іх трэба выкінуць творы нацыяналістычнага характару.

— А яны там засталіся пасьля 2007 году?
З падручнікаў вычышчаецца дух свабоды, які ёсьць у творах выдатных нашых пісьменьнікаў, дух непадпарадкаваньня таталітарызму.

— У разуменьні сёньняшніх чыноўнікаў, у тым ліку і экс-чыноўнікаў такога рангу, як Мікалай Чаргінец, нацыяналістычным зьяўляецца ўсё, што напісана па-беларуску. Са школьных падручнікаў ужо выкінутыя такія выдатныя творы, як п’еса Янкі Купалы «Тутэйшыя». Чаму? Таму што ў ёй паказана барацьба за нацыянальнае, высьмеяны ўсе мікіты зноскі, якія пагардліва адносяцца да ўсяго беларускага. З праграмаў зьнятая і аповесьць Васіля Быкава «Аблава». І таксама зразумела, па якой прычыне. Гэта вельмі востры твор, які кладзецца на нашу сёньняшнюю сытуацыю. Увогуле, са школы выганяюцца ня толькі нацыяналістычныя творы, з падручнікаў вычышчаецца дух свабоды, які ёсьць у творах выдатных нашых пісьменьнікаў, дух непадпарадкаваньня таталітарызму. Гэта адразу кідаецца ў вочы.

— Чаргінец у інтэрвію «ЛіМу» заявіў, што некаторыя літаратурныя творы ў школьнай праграме «ідуць насуперак нацыянальнай ідэі, падрываюць дух патрыятызму». А патрыятызм у падручніках у дастатковай ступені прысутнічае?

—Нягледзячы на ўсе чысткі, дух патрыятызму ў цяперашніх школьных падручніках прысутнічае. Многія выдатныя творы там усё ж засталіся — Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна... Беларускія пісьменьнікі там прадстаўленыя, можа быць, ня так поўна, як хацелася б, але школьныя праграмы ўсё ж скіраваныя на выхаваньне патрыётаў. Таму мне незразумела, на якую адсутнасьць патрыятызму спасылаецца Мікалай Іванавіч Чаргінец.

— Яшчэ раней Чаргінец, спрабуючы ўплываць на ўсё айчыннае кнігавыданьне, раскрытыкаваў сьпіс сацыяльна-значнай літаратуры, рэкамэндаванай да выпуску Акадэміяй навук. Нібыта там ён убачыў ваш шматтомавік, у той час, як, цытую, «дай Божа, каб у Законьнікава два тамы набралася.

— Па-першае, мне ўжо надакучылі ўсе паклёпы і хлусьня наконт майго нейкага «сямітомавіка». Па-другое, я самакрытычны чалавек і ведаю выдатна, што я зрабіў. На ніякія шматтомавікі я не разьлічваю, мне дастаткова таго, што я ў свой час нармальна выдаваўся ў дзяржаўных выдавецтвах. А сёньня ў нашай дзяржаве, якая мяне ўключыла ў чорныя сьпісы, я выдаюся сам, за свае грошы. І кнігі мае разыходзяцца. Таму няхай Мікалай Чаргінец пра мяне не клапоціцца, аніякіх сямітомавікаў я ад дзяржавы не хацеў і не хачу.

— Вы часта выступаеце ў навучальных установах. Як вы на сёньня ацэньваеце агульны стан літаратурнай адукацыі ў Беларусі?

— Тут я застаюся аптымістам, нягледзячы на тое, што ў нашых школах дайшло да таго, што вучні ня ведаюць элемэнтарных беларускіх словаў. Скажам, слова «прозьвішча» і г.д. Я думаю, што гэта катастрафічная сытуацыя. У некаторых школах урокі беларускай літаратуры праходзяць па-расейску, а толькі самі тэксты чытаюць па-беларуску. І яшчэ адна праблема. Узровень падрыхтаванасьці настаўнікаў-беларусістаў значна зьнізіўся ў параўнаньні з ранейшымі часамі. Атмасфэра на ўроках абсалютна казённая, ня творчая, а ўрокі літаратуры павінны быць творчымі. На ўроках літаратуры павінны выхоўвацца патрыёты сваёй дзяржавы. І таму сёньня зьвярнуць увагу на выкладаньне літаратуры ў нашых школах трэба абавязкова.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG