Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігі на вогнішчы – злачынства ці пакараньне?


САМ-НАСАМ З ЧАСАМ


АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ: “ЧАРГІНЦУ ДАЛЁКА ДА АГАТЫ КРЫСЬЦІ”

У Севастопальскім парку беларускай сталіцы адбылося кніжнае аўтадафэ – блогер Яўген Ліпковіч спаліў кнігі старшыні прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалая Чаргінца. Той пакрыўдзіўся і падаў у суд, дзе справа была тэрмінова разгледжаная, а блогер аштрафаваны. Ці здараліся падобныя выпадкі ў айчыннай гісторыі, і чаму мэтады сярэднявечнай інквізыцыі спатрэбіліся і ў XXI стагодзьдзі? Госьць ДЛ – гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч.

Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, я нават ня ведаю, ці зьяўляецеся вы аматарам творчасьці Мікалая Чаргінца, кнігі якога былі аддадзеныя агню. Якое ваша стаўленьне да гэтай акцыі?”

Анатоль Сідарэвіч: “Першы і апошні раз я чытаў нейкую кніжку Чаргінца ў эпоху разьвітога сацыялізму. Што можна сказаць… Чаргінцу далёка да Сімянона, да Агаты Крысьці ці Конан Дойла. А што тычыцца гэтай акцыі, то чалавек проста не падумаў, што ён робіць. У пэўным сэнсе ён зрабіў рэкляму Чаргінцу. Але ўсё ж паленьне кніг не ўпрыгожвае тых людзей, якія іх паляць. Ёсьць кнігі, якія ня трэба распаўсюджваць”.

Скобла: “Як бібліяфіла я вас разумею, але кнігі могуць несьці зло. Як, напрыклад, “Mein Kampf”.
паленьне кніг не ўпрыгожвае тых людзей, якія іх паляць ...


Сідарэвіч: “Я нешта ня бачыў, каб кніга “Mein Kampf” распаўсюджвалася ў нашай краіне. Я сам яе ніколі ня бачыў. Падобная літаратура не павінна прапагандавацца, але як дакумэнт гісторыі, як сьведчаньне, яна павінна захоўвацца ў навуковых бібліятэках, дзе працуюць спэцыялісты”.

Скобла: У гісторыі беларускай літаратуры ўжо здараліся выпадкі, калі адны аўтары прылюдна палілі кнігі другіх. Скажам, малады паэт Анатоль Сербантовіч у 1970 годзе спаліў кнігу тагачаснага старшыні Саюзу пісьменьнікаў БССР Петруся Броўкі “Між чырвоных рабін” – пасьля прысуджэньня ёй Дзяржаўнай прэміі рэспублікі. А Еўдакія Лось спаліла кнігу Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”. Вы ж, пэўна, ведалі Еўдакію Якаўлеўну. Як вы лічыце, што магло падштурхнуць яе на гэты крок?”

Сідарэвіч
: “Па-першае, Лось была беларускай паэткай, але яна была найперш савецкай патрыёткай, выхаванай у адпаведным духу. Па-другое, мяркую, Лось убачыла ў Геніюш моцную канкурэнтку сабе. А Еўдакія Якаўлеўна прэтэндавала на ролю першай паэткі Беларусі”.

Скобла: “Я пра такое нават ня чуў”.

Сідарэвіч: “Лось прэтэндавала. Канстанцыя Буйло ўжо была старая і жыла далёка, у Маскве. Маладой Жэняй Янішчыц Лось спрабавала апекавацца, паляпваць яе па плячы. Рая Баравікова таксама толькі на літаратурную сьцяжыну выходзіла. І вось зьяўляецца імя, выходзіць у Менску выдатная кніга “Невадам зь Нёмана”. Адным словам, Еўдакія Якаўлеўна адчула, што яна ня першая паэтка Беларусі. Магчыма, гэта і падштурхнула яе да такога неардынарнага ўчынку”.

Скобла: “А як да яго паставіліся калегі-пісьменьнікі?”

Сідарэвіч: “А як маглі паставіцца да гэткага выбрыку Янка Брыль, Максім Танк, Уладзімер Караткевіч? Яны з высокіх трыбунаў, у асабістых стасунках Ларысу Геніюш ставілі вельмі высока”.

Скобла: “То бок, было нейкае публічнае асуджэньне Лось?”

Сідарэвіч: “Разумееце, тады публічна выказацца ў абарону кнігі, выпушчанай у 1942 годзе пад нямецкім кантролем, было рызыкоўна. Але Еўдакія Якаўлеўна разумела, што яна зрабіла ня тое”.

Скобла: “Адной з маіх улюбёных кніг яшчэ ў школьныя гады быў зборнік эсэ знакамітых пісьменьнікаў сьвету пад назвай “Homo legens” (“Чалавек, які чытае”). Укладзены Сьвятаславам Бэлзам, ён меў вялікую колькасьць ілюстрацый. І памятаю, як уразіла мяне адна зь іх – кніжнае аўтадафэ ў фашысцкай Нямеччыне. Тысячы людзей на пляцы і вялізнае вогнішча з кніг… Дзе яшчэ спаленьне кніг праводзілася менавіта як дзяржаўны акт?”

Сідарэвіч: “У Масковіі палілі кнігі Івана Фёдарава. Наш зямляк Фёдараў з другім нашым земляком Пятром Мсьціслаўцам вымушаныя былі ўцякаць
ў 30-я гады гэпэушнікамі было зьнішчана 1054 кнігі, сярод якіх творы М. Багдановіча, В. Ластоўскага, Я. Пушчы… ...

назад у Літву, дзе Рыгор Хадкевіч даў ім магчымасьць выпусьціць “Вучыцельнае Эвангельле”. У Масковіі спальвалі кнігі старавераў, кнігі, выпушчаныя ў пэрыяд скасаваньня вуніі, мітрапаліт Іосіф Сямашка загадваў іх звозіць, і яны зьнішчаліся. Бальшавікі ніколі не афішавалі зьнішчэньня кніг, хоць яны іх палілі на вогнішчах, у печах тысячамі: кнігі таго ж Троцкага, Бухарына і дзясяткаў другіх аўтараў. Урэшце, чаго далёка хадзіць, у менскай “амэрыканцы” ў 30-я гады палілі кнігі беларускіх, і ня толькі беларускіх, пісьменьнікаў. Як падае ў сваёй кнізе “За кіпучай чэкісцкай работай” Аляксандар Лукашук, тады гэпэушнікамі было зьнішчана 1054 кнігі, сярод якіх творы М. Багдановіча, В. Ластоўскага, Я. Пушчы…”.

Скобла: “Калі манах учыняў несумяшчальны з манаскім жыцьцём учынак, яго расстрыгалі. Сьвятароў таксама пазбаўлялі права служэньня. Дапусьцім, пісьменьнік N. дыскрэдытаваў пісьменьніцкае званьне ў вачах калегаў. Ці ня ёсьць публічнае спальваньне яго кніг своеасаблівым “расстрыжэньнем”, пазбаўленьнем яго “сану”?

Сідарэвіч: “Спаліць кнігу ня значыць спаліць ідэю, якая ўтрымліваецца і прапаведуецца ў кнізе. Урэшце, кнігі спальвае час. Яны згараюць за непатрэбнасьцю, маральна згараюць, эстэтычна згараюць”.

Скобла: “Дык ці ёсьць спаленьне кнігі злачынствам?”

Сідарэвіч: “Гледзячы якой кнігі. Я ня ведаю, пры якіх умовах згарэлі рукапісны Полацкі летапіс або тыя рукапісныя кнігі, якія былі ў бібліятэцы Сафійскага сабору. Такія кнігі захоўваюцца ў адным асобніку, ад сілы бываюць перапісаныя ў двух асобніках. Вось такія кнігі паліць – злачынства перад культурай, перад гісторыяй. А калі наклад кнігі 100 000 асобнікаў, і нехта спаліў адну кнігу… Ну, такім чынам чалавек выказаў да яе аўтара свае адносіны. Але гэта не злачынства, бо ў бібліятэках засталіся яшчэ 99 999 асобнікаў”.


КНІГАРНЯ СВАБОДЫ


ЮРЫ СТАНКЕВІЧ: “БЕЛАРУСАЎ МОЖА ЗЬЯДНАЦЬ ТОЛЬКІ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ”

Два выдавецтвы – “Галіяфы” і “Ковчег” – супольна выпусьцілі ў сьвет раман Юр’я Станкевіча “П’яўка”. Праз два месяцы спатрэбіўся дадатковы наклад – кніга аўтара, які мае рэпутацыю наватара і радыкала, імкліва разышлася. “П’яўка” – раман-папярэджаньне, на старонках якога чалавецтва, што перажыло некалькі тэхнагенных і экалягічных катастрофаў, падведзенае да прорвы нябыту. Юры Станкевіч пагадзіўся адказаць на нашы пытаньні.

Міхась Скобла: “Спадар Юры, чаму ваш раман “П’яўка” выйшаў адразу кнігай, а не публікаваўся ў пэрыядычных выданьнях? У нас жа ёсьць незалежныя часопісы”.

Юры Станкевіч: “Я прапаноўваў раман часопісу “Дзеяслоў”. Нельга сказаць, што мне было адмоўлена, рэдакцыя абмежаваліся маўчаньнем. Гэта ўжо не ўпершыню. Зрэшты, я не крыўдую на “Дзеяслоў”, але трэба ж захоўваць элемэнтарную прыстойнасьць. Ім дасылаеш твор – яны не адказваюць, ім тэлефануеш – сувязі няма. Думаю, што часопісу трэба неяк удакладніць свае адносіны з аўтарамі. Наўрад ці такая няўвага да іх ідзе на карысьць выданьню”.

Скобла: “Дзеяньне ў вашым рамане адбываецца ў 2050 годзе – усяго праз сорак гадоў ад нашага часу. Але ці не зашмат глябальных зьменаў здараецца ў вас за гэты тэрмін? Расея стала Чайнаросяй, Эўропу апанавалі сорнеры – перасяленцы з поўдня і г.д. Фактычна, сьвет зьмяніўся да непазнавальнасьці – і ўсяго за сорак гадоў”.

Станкевіч: “Літаратура – адна рэч, а рэчаіснасьць – зусім другая. Але і сьвет зьмяняецца хутка. Хіба палёт на Месяц амэрыканскіх астранаўтаў – гэта ня доказ таму, як хутка адбываюцца зьмены? Сьвет зьмяняецца проста імкліва. А чалавек, па-сутнасьці, дэградуе: гараць лясы, акіяны забітыя плястыкам, адыходамі, атрутай, рэкі ператвараюцца ў памыйныя стокі, прырода крычыць крыкам. І ня толькі прырода. Усё гэта адбіваецца ў першую чаргу на самім чалавеку. І ня трэба быць вялікім спэцыялістам у экалёгіі, каб ведаць, чым гэта ўсё скончыцца. Я, вядома ж, не хачу, каб у нас скончылася так, як гэта апісана ў рамане, але засьцерагацца трэба. Гэта вельмі сур’ёзна. Тым больш, я не адзінокі ў сваіх папярэджаньнях. Ужо напісаўшы “П’яўку”, я натрапіў на раман амэрыканскага празаіка К. Макартні “Дарога”. Там апісваюцца падзеі яшчэ больш жудасныя”.

Скобла: “Некаторыя героі вашага раману размаўляюць на штучнай мове, якая называецца трансмог. І адразу на памяць прыходзіць Оруэл, яго раман “1984”, прыдуманае ім новамоўе. Пішучы “П’яўку”, вы не асьцерагаліся перагукваньня з Оруэлам?”

Станкевіч: “Я вельмі даўно чытаў раман “1984” і нават ня думаў пра Оруэла, калі пісаў свой раман. Але трансмог я ня выдумаў, а вычытаў інфармацыю пра яго ў сучасным друку. Усе ведаюць, што такое наша беларускае тэлебачаньне… Але неяк выпадкова я глядзеў яго і натрапіў на тэму несьмяротнасьці, у перадачы гаварылася пра перанос чалавечай сьвядомасьці на кампутарны носьбіт. Я вельмі зьдзівіўся, таму што якраз пра бессэнсоўнасьць гэтага пытаньня я пісаў у сваім рамане, гэта ўсё абсурдна. Прырода мозгу носіць квантавы характар, і перанос сьвядомасьці на кампутарны носьбіт навукоўцы лічаць безнадзейным. Увогуле, фонам у рамане праходзіць ідэя гэтак званай Сымуляцыі. Знаходзімся мы ў кампутарнай Сымуляцыі, ці мы зьяўляемся базавай Цывілізацыяй? Зразумела, верыць ці ня верыць у такія гіпотэзы – індывідуальная справа кожнага чалавека. Тым ня менш, ужо ёсьць распрацоўкі трансгуманістаў, філёзафаў, навукоўцаў, якія сьведчаць, што нас акаляе субматэрыя, па-сутнасьці – інфармацыя, на гэта знаходзіцца ўсё больш доказаў. Доказамі займаюцца і героі майго рамана. Мае героі зьбіраюць доказы, каб адпрэчыць ідэю несьмяротнасьці, на якой будуецца палітыка апісанай у рамане дзяржавы”.

Скобла: “Днямі па тэлебачаньні я глядзеў на чарговыя баржы зь лібійскімі ўцекачамі ў Міжземным моры. Сытуацыя на сто адсоткаў паводле Станкевіча: “Народы масава рынуліся на поўнач…”. Як вы змаглі прадбачыць падзеі, якія сёньня адбываюцца на італьянскай высьпе Лампедуза?”

Станкевіч: “Гэтыя падзеі адбываюцца ня толькі на італьянскай высьпе. Тэндэнцыя гэтай неверагоднай, фантастычнай міграцыі, перасяленьня народаў вызначылася яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, нават раней. Я лічу,
наш народ – народ-донар ...

што ідзе барацьба паміж народамі – за тэрыторыю, энэргарэсурсы, ежу, ваду. Гадоў пятнаццаць таму я напісаў раман “Любіць ноч – права пацукоў ” – там якраз пра гэта, і падзеі спраўджваюцца з клінічнай пасьлядоўнасьцю. І тут трэба сказаць непрыемную для нас рэч: наш народ – народ-донар. І гэта вельмі небясьпечна, беларускія рахманасьць і даверлівасьць у наш час становяцца заганамі. Ня толькі суседзі паглядаюць на нас ястрабіным вокам, але і прыхадні здалёк. Я не расіст, не ксэнафоб (хоць часам мне гэта закідаюць), але мне хацелася б задаць маім крытыкам адно пытаньне. Хто з тых прыхадняў, якіх улада актыўна запрашае ў Беларусь, працуе ў ліцейках ці ў калгасах? Ніхто. Як правіла, яны займаюцца гандлем і крыміналам”.

Скобла: “Адзін з герояў “П’яўкі” Юліюс Гармата гаворыць, што мастак павінен зазнаць уціск, голад і адзіноту, а свабода яго расхалоджвае. А што на гэты конт думае сам аўтар?”

Станкевіч:
“Гадоў трыццаць таму ў аднаго замежнага паэта я вычытаў радкі: “Голад, холад, адзінота – вось хлеб, які ўскормлівае перамогу”. Гэта мне запомнілася. Уціск на творцу будзе пры любым грамадзтве. Згадайма
Быў такі сьпявак Дын Рыд, дык ён дыктаваў Салжаніцыну, як трэба пісаць ...

Ніцшэ: “Свабодны розум – вораг ланцугоў, ён ненавісны народу, як воўк сабакам”. Гэта гучыць, магчыма, брутальна, але гэта так. У маім рамане ёсьць уціск гэтак званых людзей-ценяў. Возьмем сучасны сьвет. Умоўна кажучы, гэта сьвет “дураплясаў”. Яны пануюць у сродках масавай інфармацыі, на экранах кіно, асабліва на тэлебачаньні. Яны ўжо дыктуюць сваю волю творцам, і пачыналася гэта даволі даўно. Быў такі сьпявак Дын Рыд, дык ён дыктаваў Салжаніцыну, як трэба пісаць. Я перакананы ў адным: пакуль наш народ не сцэмэнтуе менавіта нацыянальная ідэя – нічога ў нас ня будзе. Дрэва з гнілым дуплом не стаіць”.

Скобла: “Чым вы можаце патлумачыць папулярнасьць “П’яўкі”? Дадатковы наклад – вялікая рэдкасьць для нашага кніжнага рынку”.

Станкевіч: “Магчыма, тым, што ў маім рамане прысутнічае нацыянальная ідэя. Да таго ж, тэма прыхадняў актуальная для ўсёй Эўропы. А мы мусім цьвёрда стаяць на сваёй зямлі. Прывяду вам прыклад з двума аўтарамі. Адзін больш-менш прыстойна ўладкаваўся за мяжой, гэта пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч. Другі – мастак Алесь Пушкін – жыве ў глыбокай правінцыі. Бахарэвіч апошнім часам высмоктвае з пустэчы свае пост-мадэрнісцкія тэксты. Яму варта было б усё ж вярнуцца на радзіму, прыслухацца і прыглядзецца да таго, што робіцца менавіта тут. А вось Алеся Пушкіна я лічу выдатным творцам. Менавіта ён і стаў правобразам мастака Юліюса Гарматы ў маім рамане”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG