Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да стагодзьдзя Чэслава Мілаша – “Эўрапейская Агора” ў Польшчы


Чэслаў Мілаш
Чэслаў Мілаш
На польска-літоўскім памежжы, у Сэйнах і Краснагрудзе працягваецца трохдзённы міжнародны сымпозіюм “Эўрапейская Агора”, прымеркаваны да 100-х угодкаў з дня нараджэньня знакамітага паэта, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Чэслава Мілаша.

Цэнтральным пунктам імпрэзы стала адкрыцьцё ў чацьвер у Краснагрудзе, у сядзібе, дзе Мілаш праводзіў у маладосьці свае вакацыі, Міжнароднага цэнтру дыялёгу – унікальнага асяродку для міжкультурнага дыялёгу.

У праграме сымпозіюму – шматлікія выставы, дэбаты, лекцыі і канцэрты. У Краснагруду і Сэйны зьехаліся аматары творчасьці Мілаша з усяго сьвету. Беларусь на імпрэзе прадстаўляюць літаратары Ігар Бабкоў і Андрэй Хадановіч.

У інтэрвію нашаму радыё Андрэй Хадановіч расказаў пра сьвяткаваньне:

Андрэй Хадановіч
“Сьвяткаваньне пачалося 30 чэрвеня – у дзень сотай гадавіны з дня нараджэньня Мілаша, а працягваецца 1 ліпеня – у дзень, калі пачалося польскае старшынёўства ў Эўрапейскім Зьвязе. Польшча хоча зрабіць стаўку на культуру, а Мілаш як пэрсона шматкультурная, талерантная, адкрытая, пэрсона, якая яднае сваё і чужое, вельмі тут прыдатны.

Учора мы мелі тры часткі сьвята – так званую “Агору філёзафаў” – дыскусію, у якой між іншых выступаў знаны інтэлектуал Зыгмунт Баўман, “Агору паэтаў” з удзелам выдатных аўтараў – паляка Адама Загаеўскага і літоўца Марцэліюса Марцінайціса, чые “Баляды пра Кукуціса” цудоўна пераствараў па-беларуску Алесь Разанаў. А потым была кантата, якая прагучала ў Сэйненскай базыліцы на словы Мілаша. Музыку напісаў малады, 25-гадовы кампазытар Улад Маргулец зь дзіўным, пакручастым, амаль мілашаўскім лёсам: народжаны ў Менску, выхаваны ў польскай культуры, жыве ў Амэрыцы, на пытаньні інтэрвіюерам пры гэтым адказвае на расейскай мове.

Сёньня ў Белай сынагозе ў Сэйнах ад ранку доўжылася шматчасткавая інтэлектуальная дыскусія на тэму “Роднай Эўропы”. Што такое “Родная Эўропа” – паводле назвы Мілашавай знакамітай кніжкі? Чыя яна для палякаў, для літоўцаў, для беларусаў?

І тут трэба пазначыць беларускую прысутнасьць у гэтай “Роднай Эўропе”. Як мысьляр у дыскусіі ўзяў удзел Ігар Бабкоў. А ўвечары сёньня – лятаючая кавярня "Эўропа" з удзелам паэтаў з розных краінаў. Мне шанцуе: разам са мной у Сэйны прыехаў з Варшавы прэзыдэнт польскага ПЭН-клюбу, цудоўны перакладчык Адам Паморскі, так што мы будзем чытаць двума галасамі на дзьвюх мовах – я беларускія арыгіналы , а Адам свае прыўкрасныя польскія перастварэньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG