"Старажытныя людзі гаварылі: "Пакуль дыхаю, спадзяюся" (Dum spiro, spero), а таксама "Жыцьцё бяз волі — нішто"( Vita sine libertate, nihil). Прывітаньне вам усім! Трымайцеся!", — сказаў у эксклюзіўным інтэрвію для праграмы "Свабода ў турмах", якая выйдзе ў эфір у панядзелак 4 ліпеня, кіраўнік гурту "Ляпіс Трубяцкой" Сяргей Міхалок.
Гурт "Ляпіс Трубяцкой", які лідзіруе ў апошніх гіт-парадах музычнага парталу "Тузін Гітоў" і чые канцэрты фактычна забароненыя цяпер у Беларусі, адчувае сваю духоўную еднасьць зь вязьнямі сумленьня, пацярпелымі ад палітычных рэпрэсіяў і іх блізкімі, з усімі бязьвінна асуджанымі беларусамі, якія цяпер за кратамі.
Пра гэта падчас нашай сустрэчы ў Вільні паведаміў кіраўнік гурту Сяргей Міхалок. Размова адбылася пасьля канцэрту. Сяргей Міхалок узгадваў, як калісьці раней гурт выступаў у беларускіх турмах:
"Мы выступалі ў турмах у Бабруйску і ў Менску… Цяпер нам не даюць граць ані ў турмах, ані на плошчах, ані ў дзіцячых садках. Аднак я веру, што нейкая нябачная энэргетычная камунікацыя існуе… Мы не падзяляем неяк людзей паводле таго, на якой мове яны размаўляюць ці якія яны інтэлектуальна… Мы імкнемся спачатку ўзьняць усім настрой, а потым гаварыць пра праблемы. Бо пазытыў — гэта ня проста быць жыцьцярадасным. Гэта ўсьведамляць, што сьвет недасканалы, прымаць яго такім і ўступаць у барацьбу з адкрытым сэрцам. Жадаючы нават вызваліць свайго ворага ад нейкіх дэманаў".
У часе канцэртаў у Літве Сяргей Міхалок, лідэр гурту "Ляпіс Трубяцкой", далучыўся да акцыі тэлебачаньня "Белсат" "Салідарныя з палітычнымі вязьнямі" і перадаў відэазварот да вязьняў сумленьня ў Беларусі.
Міхалок: "Вы больш свабодныя, чым гэтыя "зомбі-робаты", пра якіх мы сьпяваем у сваіх песьнях. Вы сьмелыя, мудрыя, і вы натхняеце нас — маленькіх паэтаў і мастакоў".
Разважаньні Сяргея Міхалка пра несвабоду тых, хто нібыта жыве на волі, і свабоду сумленных людзей, кінутых за краты, можна пачуць у чарговай праграме "Свабода ў турмах".
Сярод іншых тэмаў перадачы 4-га ліпеня:
Як пачыналася "Валадарка".
Вязьні як паддосьледныя трусікі пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1