Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны што, каменьнем кідаліся, стралялі ў каго?»


Вынікам маўклівай акцыі пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», якая адбылася ў шэрагу гарадоў Беларусі, сталіся сотні затрыманьняў. Людзі на вуліцах Менску выказвалі сваё стаўленьне да ўчорашніх падзеяў.

Карэспандэнтка: «Учора на гэтым месцы міліцыя затрымлівала моладзь, якая моўчкі, бязь лёзунгаў выйшла на плошчу на знак пратэсту. Як вы да гэтага ставіцеся?».

Спадарыня: «Моладзь ёсьць моладзь — у іх заўсёды вялікія жаданьні і вялікія спадзяваньні, а таму яны іх неяк жадаюць выказаць — пэўна, маюць права».

Спадар: «Я абсалютна супраць — гэта беззаконьне».

Спадарыня: «А можа, і ня варта было вось гэтую акцыю наладжваць, бо ўсе мы разумеем, якая зараз абстаноўка. Што цяпер нешта зьмяніць пакуль нельга».
А можа, і ня варта было вось гэтую акцыю наладжваць, бо ўсе мы разумеем, якая зараз абстаноўка.

Спадар: «Я думаю, што гэта поўная сваволя, што гэта поўнае беззаконьне. Людзі маюць права на пратэст. Тым больш — гэта была маўклівая акцыя. Яны што, каменьнем кідаліся, стралялі ў каго? Ды ўва ўсім сьвеце гэта звычайная зьява. Таму я лічу, што гэта беззаконьне і сваволя. А ўсё гэта вырабляе наша цяперашняя ўлада разам з прэзыдэнтам».

Юначка: «Так, я чула пра гэта. Асабліва ня ведаю, але кажуць, што бралі ўсіх людзей запар, з натоўпу. А навошта яны гэта рабілі — я ня ведаю, думаю, што гэта няправільна. Я таксама ведаю, што нейкія акцыі 3 ліпеня яшчэ плянуюцца. Ведаю, што мае многія знаёмыя зьбіраюцца. Пэўна, нешта жахлівае будзе адбывацца».

Спадарыня: «Я лічу, што тых, хто пратэстуе, ня варта чапаць — папратэстуюць і пойдуць. Улада не павінна апускацца да такіх рэчаў. Але гэта іх справа — яна ўлада і сама вырашае, што і як рабіць».

Юнак: «Я чуў пра гэта. Мне падаецца, што гэта ня вельмі правільна. Бо не было ж ніякіх гвалтоўных дзеяньняў. Людзі проста прыйшлі выказаць сваю думку. Гэта ненармальна, я лічу».

Юначка: «Я ня бачу падставы, каб іх арыштоўваць і затрымліваць. Людзі стаяць ці ходзяць, маўчаць, нічога ня робяць — каму гэта замінае? Гэта не падстава для затрыманьня. Проста я вучуся на юрыстку і нідзе ня бачыла, каб дзесьці было напісана, што да такіх людзей павінны прымацца меры стрыманьня ці прыцягненьня да адказнасьці. Я тут ня бачу праблемы».

Юнак: «Я вельмі дрэнна стаўлюся да таго, што наша дзяржава можа пакараць чалавека вінаватага ці невінаватага. Усіх забралі — хто, магчыма, нават проста выгульваў сабаку ці зь дзяўчынай гуляў. Людзі розныя, для многіх гэта вялікая траўма. Акрамя таго, пасьля ў многіх зьяўляюцца праблемы ва ўнівэрсытэтах, на працы. Таму мая такая думка, што падобнага не павінна быць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG