Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ў Менску — дзясяткі затрыманых


У Менску адбылася штотыднёвая акцыя маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Яе вынікам сталі дзясяткі затрыманых удзельнікаў, выпадковых мінакоў, а таксама журналістаў.

Радыё Свабода асьвятляла акцыю ў онлайнавым рэжыме.

Затрыманьні на вуліцах Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00
Наўпроставы лінк


Яшчэ задоўга да пачатку акцыі Кастрычніцкая плошча Менску была абгароджаная турнікетамі, усе падыходы перакрылі супрацоўнікі спэцслужбаў і міліцыянты. У вакольных дварах прыпаркаваліся аўтазакі і аўтобусы са спэцназаўцамі ў поўнай збройнай амуніцыі. Бліжэй да абвешчанага часу збору людзей традыцыйна пачалі выштурхоўваць ад Кастрычніцкай у розныя бакі. Людзі адказалі аплядысмэнтамі:

Карэспандэнтка: «Што вы можаце сказаць пра тое, што адбываецца, і самі вы прыйшлі сюды чаму?»

Юначка: «Мне вельмі падабаецца быць у цэнтры Менску і пляскаць у далоні разам зь іншымі людзьмі».

Карэспандэнка: «А што можаце сказаць пра спэцслужбы і міліцыю, якія сочаць за гэтым дзействам?»

Юначка: «Я думаю, што ім таксама падабаецца».

Станцыя мэтро «Кастрычніцкая», як і мінулым разам, не працавала, адзіны аўтобусны маршрут быў таксама амаль спынены. Большая частка праспэкту Незалежнасьці таксама была перакрытая, а нумары аўтамабіляў, якія віталі прысутных сыгналамі, фіксавалі супрацоўнікі ДАІ, якія стаялі ўздоўж дарогі.

Адзін з прысутных: «Я жыхар Менску, прыйшоў сюды сьвядома, каб выказаць пратэст рэжыму, які ўжо дастаў. Я думаю, што людзі нарэшце зразумеюць, што нешта ў гэтай краіне трэба мяняць і ў першую чаргу палітычна».

На кавалку праспэкту ўздоўж Кастрычніцкай плошчы і каля яе міліцыянты забаранялі спыняцца мінакам. А іх частая беганіна суправаджалася воплескамі людзей, якія сядзелі ў летніх кавярнях. Неўзабаве ад будынку адміністрацыі прэзыдэнта выехалі некалькі аўтазакаў, якія паволі рухаліся ўздоўж праспэкту. Час ад часу спыняліся, і амапаўцы за рукі і ногі з грукатам закідвалі людзей усярэдзіну.

Сьведка: «Жахлівае відовішча. З аднаго боку радасна, што прыйшло шмат людзей, што была салідарнасьць, што ў паветры лунала радасьць. Але зараз мы бачым, што па галоўных вуліцах Менску едуць аўтазакі, амапаўцы хапаюць людзей і паводзяцца жахліва — нібыта сёньня сапраўды пачалася другая сусьветная вайна».

Калі аўтазакі напаўняліся людзьмі, на іх месца прыяжджалі новыя. Так былі затрыманыя дзясяткі чалавек, у тым ліку наш калега, журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч, журналіст «Нашай Нівы» Алесь Пілецкі, агенцтва «БелаПАН» Павал Падабед і многія іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG