Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дарагі Саша, твой жорсткі рэжым калісьці скончыцца»


Пад такім загалоўкам сёньняшняе выданьне брытанскай газэты The Independent апублікавала адкрыты ліст Мікалая Халезіна, аднаго з заснавальнікаў Беларускага свабоднага тэатру, да прэзыдэнта Беларусі.

«Зьвяртацца ў лісьце да цябе ветлівым спосабам было б неразумна. Бо мне трэба было б мець хоць кропельку павагі да чалавека, якому пішу. Таму я зьвяртаюся да цябе ў фамільярнай форме, як да Сашы.

Ты прымусіў мяне напісаць гэты ліст, памясьціўшы маіх сяброў у турму. Ты зрабіў гэта цынічным і гнюсным чынам, ты правёў іх праз усе колы пекла, выкарыстоўваючы катаваньні, зьнявагі і фізычныя пакуты.

Я пачаў шмат думаць аб тым, што здарылася з маёй краінай і яе народам. Я думаю аб тым, чаму ж гэта стала гідка да невыноснасьці жыць у Беларусі – краіне, якая калісьці была такая ўтульная і камфортная.

Мае думкі заўсёды вяртаюцца да адной і той самай карціны: ты стаіш на трыбуне ў сваёй дзівацкай вайсковай форме і аддаеш гонар параду грузавікоў, якія фанабэрыста вязуць размаляваныя ў кветкі прыбіральні і газавыя пліты мясцовай вытворчасьці. Вядома ж, мы не павінны забываць пра тых людаедаў, якія стаяць побач з табою, тых бандытаў зь сілаў правапарадку, зладзейскіх хлопчыкаў, рабскіх чыноўнікаў, забітых "настаўнікаў і лекараў", якіх ты так моцна выхваляеш менавіта таму, што яны забітыя – ну і людзей, якія проста дазваляюць усяму гэтаму адбывацца.

Кожны зь іх даклаў сваю цагліну да будаўніцтва гэтага хісткага хлява, які ты ставіш у краіне, якая прынамсі ў цяперашні час павінна быць пасьпяховай. Яны ўсе адыгралі сваю ролю і за гэта ім рана ці позна прыйдзецца адказаць – некаторым перад законам, некаторым перад сваімі дзецьмі, а некаторым перад уласным сумленьнем. Але вінаваты – ты.

Мае дзьве дочкі (адной зь іх 12 гадоў, другой 17) ня ведаюць іншага кіраўніка дзяржавы, чым ты. Яны вырасьлі пры табе, гэтак жа, як я рос пры Брэжневе. Але розьніца паміж намі ў тым, што я ня ведаў, што іншае жыцьцё было магчымае. Яны – ведаюць.

Ты навучыў беларусаў ненавідзець. Ты прымусіў іх ненавідзець апазыцыю, эўрапейцаў, расейцаў і саміх сябе. Ты паспрабаваў падмануць сапраўдны сьвет, ствараючы казку аб пасьпяховай краіне замест таго, каб стварыць насамрэч пасьпяховую краіну.

Але ўсё сканчаецца, Саша. Тваё бясслаўнае кіраўніцтва скончыцца таксама. Магчыма, табе ўдасца крыху працягнуць свой час, распрадаючы краіну і абапіраючыся на дубінкі тупых ахоўнікаў правапарадку.

Яны ўсё яшчэ ня ўцямілі, што шмат каму зь іх давядзецца навучыцца, як быць «асобай, абвінавачанай у зьдзяйсьненьні злачынства», дакладна такой асобай, якіх яны цяпер трымаюць пад вартай. І ўсё ж кожны наступны дзень твайго перабываньня ва ўладзе будзе штораз больш пакутлівы для цябе і штораз страшнейшы для тых, хто вакол цябе. Чым даўжэй ты будзеш выпрабоўваць цярпеньне ўсіх, тым страшнейшай будзе разьвязка. Так што ідзі, Саша. Ідзі, пакуль гэта яшчэ магчыма, бяз панікі і гістэрыі. У дыктатараў ёсьць толькі тры спосабы пазьбегчы паўстаньня: эміграцыя, магіла або лава падсудных».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG