Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На крок наперадзе кошкі»: свабода слова ў Інтэрнэце і спосабы яе ўціску


Учора Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў удзельнікаў сацыяльных сетак у падбухторваньні да акцыяў пратэсту. Многія інтэрнэт-выданьні абнародавалі інфармацыю, праўда, зь неправераных крыніцаў, што ўлады плянуюць у хуткім часе наагул зачыніць доступ да сацыяльных сетак Вконтакте, Facebook і Twitter.

На думку некаторых экспэртаў сацыяльныя сеткі адыгралі выключную ролю палітычнай мабілізацыі ў рэвалюцыйных падзеях апошніх гадоў, у прыватнасьці, у Малдове, Іране, а таксама ў апошніх рэвалюцыях у Тунісе, Эгіпце і іншых краінах арабскага сьвету. Хаця іншыя экспэрты лічаць журналісцкім перабольшаньнем тэзу пра вырашальную ролю сацыяльных мэдыяў у гэтых падзеях, пэўную ролю яны ўсё ж адыгрываюць.

Па меншай меры ўлады аўтарытарных краінаў зараз вядуць упартае змаганьне са са свабодай слова ў інтэрнэце.

У траўні, напярэдадні Сусьветнага дня свабоду друку Камітэт абароны журналістаў (CPJ) абнародаваў даклад «10 інструмэнтаў прыгнятальнікаў Інтэрнэту».

Паводле дакладу некаторыя аўтарытарныя рэжымы выкарыстоўваюць сродкі надзвычай прымітыўныя – эгіпэцкі рэжым Хосьні Мубарака ў разгар сёлетніх масавых акцыяў пратэсту проста адключыў інтэрнэт-трафік па ўсёй краіне.

DOS-атакі часта выкарыстоўваюцца супраць сайтаў незалежных выданьняў у Беларусі.
У іншых краінах ужываюцца больш вытанчаныя сродкі, кшталту так званых DOS-атак, калі штучна створаны шквал запытаў блякуе працу сэрвэра. Падобныя атакі часта выкарыстоўваюцца супраць сайтаў незалежных выданьняў у Беларусі.

Кітайскія ўлады ўжываюць больш вытанчаныя мэтады. Журналісты, якія займаюцца расьсьледаваньнямі, атрымліваюць на электронную пошту лісты зь нібыта карыснай інфармацыяй ад імя людзей, якіх яны нібыта ведаюць. Але ў паведамленьне ўмантаваная праграма-шпіён. Той, хто яе паслаў, атрымлівае магчымасьць пранікнуць у кампутар журналіста і сачыць за рухам і зьместам інфармацыі ў ім.

У ліку краін, якія ўжываюць анлайнавыя сродкі для ўціску свабоды слова ў Інтэрнэце, у дакладзе Камітэту абароны журналістаў называліся Кітай, Бірма, Расея, Беларусь і Казахстан. Але ў якасьці найбольш абуральнай адзначалася іранская практыка.

Падчас і пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2009 году шмат якія назіральнікі распавядалі, як апазыцыя ўдала выкарыстоўвала Twitter і Facebook для палітычнай мабілізацыі і якія дурнаватыя іранскія ўлады, што праспалі гэтую пагрозу.

Было прынятае рашэньне, што ўсе вэб-сайты павінны быць зарэгістраваныя ў міністэрстве культуры. Тысячы сайтаў былі заблякаваныя.
Але іранскія ўлады хутка зьвярнулі ўвагу на праблему і выпрацавалі мэтады барацьбы зь ёй. Было прынятае рашэньне, што ўсе вэб-сайты павінны быць зарэгістраваныя ў міністэрстве культуры, тысячы сайтаў былі заблякаваныя, улады выдзелілі вялікія сродкі для арганізацыі сачэньня ў Інтэрнэце. Таксама былі ўзьнятыя цэны на доступ у Сеціва, высокахуткасны інтэрнэт стаў проста не па кішэні сярэдняму іранцу.

Улады Расеі, Беларусі, краін Каўказу і Цэнтральнай Азіі таксама шырока практыкуюць абмежаваньні распаўсюду навін і інфармацыі ў Сеціве. Вядзецца маніторынг блогаў, чатаў і форумаў, якія да нядаўняга часу былі вольныя ад такога назіраньня.

Улады гэтых краін выкарыстоўваюць супраць незалежных інтэрнэт-мэдыяў заканадаўства аб кібэрзлачынствах гэтак жа, як заканадаўства аб паклёпе і абразе выкарыстоўваецца супраць традыцыйных незалежных мэдыяў.

Але, як сьведчыць ваенная гісторыя, на вынаходніцтва новых відаў брані знаходзяцца новыя віды снарадаў, якія яе разбураюць.

Адміністрацыя Барака Абамы працуе над стварэньнем "ценявога" інтэрнэту і "ценявых" сыстэм мабільнай сувязі, якія маглі б выкарыстоўваць дысыдэнты ў краінах, дзе ўлада спрабуе блякаваць ці фільтраваць доступ да Сеціва.
New York Times у траўні паведаміла, што Адміністрацыя Барака Абамы працуе над стварэньнем "ценявога" інтэрнэту і "ценявых" сыстэм мабільнай сувязі, якія маглі б выкарыстоўваць дысыдэнты ў краінах, дзе ўлада спрабуе блякаваць ці фільтраваць доступ да Сеціва.
Ва ўмовах адключэньня камунікацыяў з навакольным сьветам доступ да інтэрнэту можа быць забясьпечаны з дапамогай так званага "інтэрнэту ў валізцы". Самі валізкі могуць быць перапраўленыя ў краіну, дзе адбываюцца хваляваньні ці рэвалюцыя, і, такім чынам, тэлекамунікацыйная блякада, усталяваная ўладамі той ці іншай дзяржавы, можа быць прабітая.

Узор сотавай сеткі, якая забясьпечвае "ценявую" мабільную сувязь, па сутнасьці, ужо функцыянуе ў Аўганістане. На гэты праект Пэнтагон і дзярждэпартамэнт выдаткавалі $50 млн.

Да таго ж нядаўна ЗША выдаткавалі $19 млн на стварэньне тэхналёгіі для барацьбы з інтэрнэт-цэнзурай у краінах, якія абмяжоўваюць доступ сваіх грамадзян да некаторых сайтаў. Найперш кібэр-вайна разгорнецца ў накірунку Кітаю, Ірану, а таксама іншых аўтарытарных рэжымаў, што блякуюць Інтэрнэт.

Грошы будуць выдаткаваныя на стварэньне тэхналёгіяў, якія дазваляюць зьняць абмежаваньні ў доступе да многіх забароненых рэсурсаў, у прыватнасьці, заходніх навінавых сайтаў, блогаў, рэсурсаў апазыцыі. Гэта першае практычнае дзеяньне дзярждэпартамэнту ЗША пасьля таго, як інтэрнэт быў абвешчаны стратэгічным прыярытэтам.

Памочнік дзяржсакратара Майкл Познэр, адказны за правы чалавека, паведаміў, што вылучаныя грошы пойдуць на распрацоўку перадавых тэхналёгіяў, што будуць здольныя вызначаць, якія інтэрнэт-рэсурсы ў тых ці іншых краінах блякуюцца для карыстальнікаў, і зьняць абмежаваньні ў доступе.

«Па сутнасьці, мы зьбіраемся вяртаць інфармацыю, якую ўлады паспрабавалі заблякаваць», — заявіў Познэр, параўнаўшы спробы Белага дому ў супрацьстаяньні з цэнзурай у аўтарытарных краінах з гульнёй у кошкі мышкі. — «Мы спрабуем быць на адзін крок наперадзе кошкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG