Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьні «Ваўчыных нор» сьпяць пад адкрытым небам


Палітвязьня Мікіту Ліхавіда зноў кінулі ў карцэр — гэтым разам на 5 дзён. Зьмітра Дашкевіча раптоўна перавялі ў жодзінскі ізалятар. Павал Вінаградаў у карантыне калёніі «Ваўчыныя норы» сьпіць пад адкрытым небам. Былы кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітры Вус пераведзены ў іншую камэру.

Мікіта Ліхавід, актывіст руху «За свабоду», трэці раз за месяц трапіў у карцэр. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла ягоная маці Алена Ліхавід:

«Сёньня я патэлефанавала ў калёнію, мне абяцалі паведаміць, як справы ў сына пасьля выхаду з карцэру, дзе ён адбыў 15 дзён. І раптам мне кажуць, што Мікіта зноў трапіў у карцэр — гэтым разам яму далі 5 дзён. За што, не сказалі. Яшчэ буду званіць выхавальніку, зь якім учора размаўляла, можа, ён патлумачыць, што адбылося».

Мікіта Ліхавід быў пакараны за Плошчу на 3 гады зьняволеньня. Ад пачатку траўня ён адбывае тэрмін у наваполацкай калёніі. Там Мікіта адмовіўся называцца асуджаным. За гэта ён атрымаў спачатку 10 дзён карцэру, потым яшчэ 15, зараз 5 дзён.

У судзе актывіст Мікіта Ліхавід не прызнаў сябе вінаватым і працягвае дамагацца апраўданьня, знаходзячыся ў калёніі. Ліхавід кажа пра сябе «незаконна асуджаны» і таксама не выконвае некаторыя загады адміністрацыі.

9 чэрвеня намесьніца кіраўніка «Маладога фронту» Наста Палажанка прыйшла ў турму на вуліцы Валадарскага, каб зрабіць перадачу Зьмітру Дашкевічу. Там высьветлілася, што напярэдадні Дашкевіча перавялі ў жодзінскі ізалятар. Днём раней зь ім сустракалася адвакат, і тады размовы пра перавод не было. Раней меркавалася, што Дашкевіч дачакаецца на Валадарцы разгляду сваёй касацыйнай скаргі.

Наста Палажанка: «У любым разе гэта напружана — у тым ліку этап, бо гэта адзін з самых складаных этапаў турэмнага жыцьця. Калі цябе беспадстаўна і без папярэджаньня перакідваюць з адной турмы ў іншую — гэта напружвае. Ужо чакалі апошнія тыдні да этапу ў Горкі, і раптам перакідаюць у Жодзіна. Там ёсьць пэўныя абмежаваньні ў перадачах па ежы, там нельга карыстацца вэнтылятарам, з падпіскай праблемы — яе гэтак хутка не перакінеш».

Паводле зьвестак ад Дашкевіча, у камэру на Валадарцы, дзе ён раней знаходзіўся, перавялі былога кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса. «У камэры 6 чалавек, абстаноўка там нармальная», — раней казаў пра умовы ўтрыманьня Дашкевіч.

Бацька актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава Юры Вінаградаў атрымаў ад сына ліст з калёніі «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі. Павал піша, што знаходзіцца яшчэ ў карантыне і сьпіць пад адкрытым небам.
Там ідзе рамонт корпусу, дзе трымаюць у карантыне, і таму ложкі стаяць на вуліцы, камароў гэтак кормяць.

«Піша, сьпяць на вуліцы, камароў шмат. Там ідзе рамонт корпусу, дзе трымаюць у карантыне, і таму ложкі стаяць на вуліцы, камароў гэтак кормяць. Яшчэ напісаў, што надзвычай пільная ўвага да яго з боку адміністрацыі. Проста немагчыма».

Павал Вінаградаў асуджаны на 4 гады зьняволеньня. Актывіст сваёй віны не прызнаў.

Разгляд касацыйнай скаргі на прысуд журналістцы Ірыне Халіп, сузаснавальніку Партыі БХД Паўлу Севярынцу і дэмакратычнаму актывісту Сяргею Марцалеву прызначаны на 21 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе. Заводзкі суд Менску пакараў Ірыну Халіп 2 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на 2 гады, Паўла Севярынца — 3 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстановы адкрытага тыпу, Сяргея Марцалева — 2 гадамі пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

Мікіта Ліхавід


Мікіта Ліхавід
Нарадзіўся 27 траўня 1990 г. у Менску. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Менскага інстытуту кіраваньня. Навучаўся завочна. Пасьля падзей 19 сьнежня, па словах кіраўніцтва факультэту, выключаны ня быў, але аўтаматычна трапіў у акадэмічны адпачынак (не пасьпеўшы здаць адзін залік з-за арышту), аднаўленьне зь якога ў бліжэйшыя 1—2 гады наўрад ці магчымае. Хоць у той жа час хлопцу прыйшло афіцыйнае запрашэньне на сэсію.

Актывіст руху "За свабоду". Затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, асуджаны на 15-суткавы арышт. 23 студзеня пастанова аб арышце скасаваная. Мікіта зрабіўся абвінавачаным па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці.

Зьміцер Дашкевіч


Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG