Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абураныя аўтааматары паралізавалі галоўны праспэкт сталіцы

абноўлена

Аўтааматары — супраць росту цэнаў.
Аўтааматары — супраць росту цэнаў.
Сёньня ў Менску адбылася ўжо трэцяя ад пачатку году акцыя «Стоп-бэнзін», удзельнікі якой пратэставалі супраць рэзкага падвышэньня коштаў паліва на аўтазаправачных станцыях. Цягам двух тыдняў канцэрн «Белнафтахім» двойчы ўздымаў кошт бэнзіну і саляркі, агулам — больш, чым на 50%. На тле нядаўняй 56-працэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля, у выніку якой заробкі насельніцтва зьменшыліся напалову, чарговае падвышэньне кошту гаручага аўтааматары называюць няйначай як зьдзекам.




"Стоп-бэнзін" у Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:18 0:00
Наўпроставы лінк


На знак пратэсту супраць неадэкватнага кошту на паліва дзясяткі кіроўцаў выехалі на цэнтральны праспэкт Незалежнасьці. Сабраўшыся ў супрацьлеглых кропках Менску, двума калёнамі аўтааматары на мінімальных хуткасьцях рушылі насустрач адзін аднаму, пасьля чаго сустрэліся ў раёне плошчы Перамогі. Цягам двух гадзінаў з уключанымі кляксонамі і аварыйнымі сыгналамі аўтааматары езьдзілі па цэнтральным праспэкце сталіцы. Кіроўцы пачалі хаатычна спыняцца ў розных палосах руху, адчынялі капоты і багажнікі, даставалі пустыя каністры з аўтамабіляў, у якіх нібыта скончыўся бэнзін.

«Мы спаралізуем галоўную магістраль сталіцы, каб прадэманстраваць незадавальненьне ростам кошту паліва і зьніжэньнем узроўню жыцьця», — заявілі ініцыятары акцыі яшчэ да яе пачатку. Як паведамілі удзельнікі сёньняшняга флэш-мобу, па выніках акцыі на найбольш актыўных пратэстоўцаў супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі склалі адміністратыўныя пратаколы за парушэньне правілаў дарожнага руху.


Уся маштабная дзея адбывалася ў прысутнасьці вялікай колькасьці гледачоў: мінакі віталі кіроўцаў гучнымі воклічамі і аплядысмэнтамі. Многія машыны былі аблепленыя налепкамі супраць падаражаньня паліва, на антэнах луналі белыя стужкі — знак салідарнасьці. Міліцыянтам нічога не заставалася, як толькі цягам некалькіх гадзінаў назіраць за падзеямі.

Засьцерагаючыся прэвэнтыўных затрыманьняў, актывісты кампаніі «Стоп-бэнзін» ужо ад пачатку дня былі вымушаныя хавацца. Дзьве папярэднія акцыі скончыліся затрыманьнем аднаго зь лідэраў грамадзкага аб’яднаньня «За аўто» Арцёма Шаркова, на шэраг удзельнікаў былі складзеныя пратаколы за нібыта парушэньне правілаў дарожнага руху — у прыватнасьці, за налепкі «Мы супраць падвышэньня цэнаў на паліва» ды за несанкцыянаваны збор у недазволеным месцы.

Ад сёньня салярка падаражэла з 3900 да 5100 рублёў за літар, амаль на 31%. У выніку паліва зраўнялася з 92-м бэнзінам, які цяпер каштуе столькі сама. Бэнзін маркі «Нармаль-80» падаражэў на 28% — да 4950 рублёў, АІ-95 — на 33%, да 5800 рублёў. Увогуле сёлета кошты на паліва падвышаліся чатыры разы: 3 і 31 сакавіка, 24 траўня і 7 чэрвеня. Разам зь сёньняшнім падаражаньнем цана бэнзінаў АІ-92 і АІ-95 вырасла ў 1,8 разу, дызпаліва — у 2 разы, «Нармаль-80» — у 2,2 разы.

Кіроўцаў асабліва абурае, што чарговае падвышэньне цэнаў зроблена якраз у разгар вакацыяў, калі многія выяжджаюць на лецішчы, альбо дзеля эканоміі зьбіраліся зь дзецьмі выехаць ўласным транспартам да мора.

Затор — ад Плошчы Якуба Коласа да Кастрычніцкай.
Імітацыя «паломкі» аўтамабіля.
Да акцыі далучыліся і байкеры.
Удалося «падключыць» і міліцыю.








Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG