Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяці Ўладзімера Конана


Уладзімер Конан не жыве. Яшчэ адзін сьветлы чалавек Беларусі адышоў у іншы сьвет назаўсёды. Зрэшты, адышла толькі яго прысутнасьць. Ён застанецца ў нашай культуры, філязофіі і культуралёгіі як адкрывальнік і тлумачальнік прыгожай праўды разьвіцьця беларускага эстэтычнага духу. Конан ня толькі дасканала раскрываў сутнасьць беларускай эстэтыкі і культуры, ён пісаў “класна”, паказваў прыгожы ўзровень думкі.

Я ведаў яго з 60-х гадоў, з часу выданьня першых ягоных прац па беларускай эстэтыцы. Гэта быў ясны сумленны беларускі розум. У яго не было абсалютна ніякага налёту саветызму. І за саветамі ён думаў і паводзіў сябе як вольны беларус, прадстаўнік эліты нашай інтэлігенцыі.

Гэта быў вельмі сьціплы і сымпатычны чалавек зь ціхім голасам і задуменным позіркам, павернутым унутр самога сябе, як бывае ў людзей рамантычнай душы. Як чалавек, як асоба ён заўсёды чымсьці нагадваў мне мае ўяўленьні пра Максіма Багдановіча. І думаю, што маё адчуваньне мяне не падманвала.

Бывай, дарагі Валодзя! Можа там вы спаткаецеся разам... Там, ля сіняй бухты, у краіне сьветлай...

Зянон Пазьняк
6 чэрвеня 2011 г.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG