Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч пра плян ураду: "Шок без тэрапіі"


Урад Беларусі абнародаваў антыкрызісны плян дзеяньняў, распрацоўшчыкі якога ставяць на мэце "забесьпячэньне збалянсаванага разьвіцьця эканомікі ва ўмовах зьмяненьня афіцыйнага курсу беларускага рубля".

Дзеля гэтага "збалянсаванага разьвіцьця" прапануецца, у прыватнасьці, "аптымізацыя" і "ліквідацыя дыспарытэту цэнаў", што ў перакладзе з чыноўніцкай мовы азначае далейшы рост коштаў на многія тавары і паслугі. "Свабода" папрасіла беларускіх эканамістаў ацаніць гэты плян.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч кажа, што назваць гэты плян праграмай аздараўленьня эканомікі нельга — гэта ня больш чым набор захадаў. Рэальная праграма павінна была б вызначыць вузкія месцы ў эканоміцы і прадугледзець комплекс захадаў па іх вырашэньні, а гэтага ў пляне ўраду няма, — кажа спадар Багданкевіч:

Станіслаў Багданкевіч
"Гэта ня плян, там ёсьць пункты тры-чатыры, якія могуць стаць больш-менш сур'ёзным крокам у кірунку аздараўленьня. Усё астатняе — звычайная адпіска".

Пазытыўна Багданкевіч ацаніў палажэньні пляну аб скарачэньні выдаткаў бюджэту, безрэсурснай крэдытнай эмісіі, хоць назваў іх палавіністымі, а ўсю праграму — недастатковай. Некаторыя пункты ўвогуле нагадваюць савецкія "заклікі да 1 траўня".

"Там няма ні пытаньняў прыватызацыі, ні стварэньня ўмоваў для прыцягненьня замежных інвэстыцый, ні зьніжэньня ўзроўню падаткаабкладаньня — там нічога такога няма".

Ацэньваючы сацыяльныя наступствы крызісу, спадар Багданкевіч зазначыў, што людзі пацярпяць, і гэты плян ня зможа мінімізаваць зьніжэньне ўзроўню жыцьця:

"Гэта шок без тэрапіі. Шок выкліканы папярэдняй палітыкай і гэтай эканамічнай мадэльлю, якую трэба мяняць. А тэрапіі там рэальнай няма".

Злотнікаў: "Любімыя праграмы прэзыдэнта" не забылі


Іншы эканаміст, Леанід Злотнікаў, кажа, што не пабачыў у пляне галоўнага — свабоднага валютнага курсу, вольнага доступу да валюты для суб'ектаў гаспадараньня і насельніцтва:

Леанід Злотнікаў
"Самага галоўнага — што будзе з валютным курсам — няма. А ёсьць тое, што прэзыдэнцкая праграма будаўніцтва малочнатаварных фэрмаў, якая патрабуе вельмі шмат грошай — 24 мільярды даляраў на пяцігодку, будзе забясьпечаная ў аб'ёмах, прадугледжаных плянамі".

Дарэчы, будаўніцтва малочнатаварных фэрмаў (пункт 15 праграмы) увайшло ў разьдзел, прысьвечаны фінансавай палітыцы. Леанід Злотнікаў лічыць падобныя "любімыя праграмы прэзыдэнта" малаэфэктыўнымі і непрымальнымі з эканамічнага пункту гледжаньня. Але ад іх не адмаўляюцца нават у крызіс, яны трапілі ў плян ураду. Рэформы ж у гэты плян не трапляюць, — кажа спадар Злотнікаў:

"Там няма нічога пра прыватызацыю, нічога пра лібэралізацыю, там не прадугледжваюцца рэформы. Вось як была сыстэма, якая ўвайшла ў крызіс, таму што яна неэфэктыўная, так яна і застаецца цэлай, гэтая сыстэма. А без рэформаў ня будзе эфэктыўнай эканоміка".

Спадар Злотнікаў кажа, што сам напісаў шмат праграм, што трэба рабіць для рэфармаваньня эканомікі. Гэтыя праекты вядомыя ўраду і даступныя ў сеціве.


Чалы: "Спэктакль для МВФ"


Эканаміст Сяргей Чалы кажа: сваім плянам урад прадэманстраваў, што ягоны прыярытэт — недапушчэньне незадаволенасьці сярод насельніцтва. Адыходзіць жа ад адміністратыўнага кіраваньня курсам беларускага рубля ўрад не зьбіраецца:

Сяргей Чалы
"Там нічога новага. Гэта працяг таго, што рабілася раней. Нічога радыкальнага. Ніякіх структурных захадаў плян увогуле не прадугледжвае. Прыватызацыі там няма. Увогуле гэта было, хутчэй за ўсё, зроблена, каб паказаць, што хоць нейкі плян ёсьць. Сабралі ўсё тое, што казалі розныя ведамствы".

Сяргей Чалы не выключае, што гэты плян урад прадэманстраваў, каб паказаць яго МФВ, куды афіцыйны Менск зьвярнуўся па крэдыт:

"Хутчэй за ўсё, тут згулялі для МВФ спэктакль: спачатку сказалі, што ў нас ёсьць нейкі сакрэтны плян і там такія непапулярныя захады, што мы нават ня будзем яго паказваць насельніцтву. Потым Румас сьмела заявіў, што не, мы павінны прадэманстраваць гэтыя захады. Мне падаецца, што гэта інсцэніроўка, такія спэцэфэкты, каб паказаць наяўнасьць волі, што мы нібыта гатовыя ісьці шляхам пераўтварэньняў. А зьмест там ніякі".

Сяргей Чалы зазначыў, што каб ліквідаваць прычыну цяперашніх дыспрапорцыяў у эканоміцы, перш за ўсё трэба перайсьці на рынкавы курс нацыянальнай валюты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG