САМ-НАСАМ З ЧАСАМ
АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ: "КОЖНЫ ВЕРШ МІЛАША НАБЛІЖАЕ ЧАЛАВЕКА ДА СВАБОДЫ"
2011 год абвешчаны ў многіх краінах сьвету Годам паэта, Нобэлеўскага ляўрэата Чэслава Мілаша. У сувязі з чым шмат дзе ўжо адбываюцца і яшчэ адбудуцца самыя розныя ўшанавальныя імпрэзы. Зь Міжнароднага паэтычнага фэстывалю ў Кракаве нядаўна вярнуўся паэт і перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч.
Міхась Скобла: “Андрэй, зь якімі ўражаньнямі вы прыехалі з Кракава? Што незвычайнага было ў праграме фэстывалю?”
Андрэй Хадановіч: “Праграма фэстывалю была вельмі насычанай і рознабаковай. Думаю, шматлікіх філёлягаў, якія з усёй Польшчы і з замежжа прыехалі ў Кракаў, моцна зьдзівіла б наша формула – паэтычны фэстываль. Яны прыехалі на вялікую навуковую канфэрэнцыю ў межах фэстывалю, якая праходзіла на розных факультэтах, у розных старадаўніх будынках і аўдыторыях Ягелёнскага ўнівэрсытэту. Напрыклад, у аўдыторыі “Максымум”, у Залі Бабжынскага штодзень з ранку да абеду цягам тыдня зьбіраліся мілашазнаўцы. Другі праект, таксама вельмі важны, каляпаэтычны, – гэта перакладчыцкі сэмінар, які таксама кожны дзень адбываўся. Мне пашчасьціла быць на ім і ў якасьці аўтара – чытаць свае вершы, і ў якасьці перакладчыка. Я быў запрошаны на чатырохдзённы сэмінар пад кіраўніцтвам былой сакратаркі Мілаша Агнешкі Касінскай і вядомага перакладчыка яго прозы Мікіты Кузняцова. Сустрэчы адбываліся на кракаўскай кватэры паэта, дзе ён больш за дзесяць апошніх гадоў пражыў, – на вуліцы Багуслаўскага, 6.
Скобла: “Там цяпер музэй?”
Хадановіч: “Пакуль яшчэ не музэй, але ўсё імкліва да таго ідзе. Пані Агнешка імкнецца падтрымліваць у кватэры такую атмасфэру, якая была пры Мілашу, там вялікая бібліятэка яго выданьняў і перакладаў. Я, напрыклад, з прыемнасьцю пабачыў там беларускі томік “Іншага канца сьвету ня будзе”, які выйшаў у 2006 годзе. Я папоўніў мілашаўскую бібліятэку сьвежым, 51-м нумарам часопіса “Дзеяслоў”, дзе зьмешчаная вялікая падборка Мілаша. Але вернемся да фэстывалю. Проста пасярэдзіне Кракава, на плошчы Шчыпаньскага, быў збудаваны такі часовы намёт, які называўся “Мілаш”, і там фактычна круглы тыдзень з ранку да вечара адбываўся продаж кніжак, ішлі сустрэчы з аўтарамі, дыскусіі, усе яны адразу пісаліся для тэлебачаньня. А апагеем фэстывалю сталі чатыры вечарыны з удзелам 16 паэтаў, польскіх і ня польскіх – з розных краінаў. Плянаваўся ўдзел і двух нобэлеўскіх ляўрэатаў. На жаль, у Лёндане захварэў і не прыехаў у апошні момант Дэрэк Уолкат. Затое на адной з вечарынаў я меў шчасьце прысутнічаць у бітма набітым касьцёле Божага Цела, дзе чытала Віслава Шымборска”.
Скобла: “Палякі ўмеюць ушаноўваць сваіх паэтаў – і пры жыцьці, і пасьмяротна. Невыпадкова трое зь іх – Міцкевіч, Норвід і славацкі – пахаваныя ў сьвятая сьвятых, у крыпце Вавэльскага сабору, поруч з каралямі і каралевамі. Мілаш таксама знайшоў месца апошняга спачынку ў Кракаве – але дзе менавіта?”
Хадановіч: “Мілаш пахаваны ў гэтак званай крыпце заслужаных, таксама культавым, як і Вавэль, месцы. Крыпта знаходзіцца ў хрысьціянскай частцы габрэйскага раёну Казімеж, які шырока вядома як Скалка. Турысты і проста людзі, якія глыбока паважаюць польскую культуру, ідуць туды валам, каб пакланіцца паэту”.
Скобла: “Дзіўныя адчуваньні перажываеш, калі чытаеш Мілаша. Пасьля Міцкевіча гэта другі самы блізкі нам польскі паэт. З Міцкевічам усё больш-менш зразумела: пісаў на беларускія тэмы, родам быў з Наваградчыны… А чым для нас блізкі, цікавы і родны Мілаш?”
Хадановіч: “Напраўду, паралель з Міцкевічам невыпадковая. Як і Міцкевіч, Мілаш трымаўся формулы: паляк, безумоўна, па мове (бо мова – айчына паэта), але і ліцьвін. Мілаш шматкроць называў сябе апошнім грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага і на практыцы імкнуўся захаваць гэтыя каштоўнасьці: надэтнічны, шматкультурны, талерантны і адкрыты для суседзяў характар гэтай культуры. А таму Мілаш ёсьць як бы
Мілаш – паэт польска-літоўска-беларускага памежжа, ён разумеў беларускую мову без перакладчыка...
нашым найбліжэйшым суседам. Якраз у Кракаве падчас дыскусіі перакладчыкаў я дазволіў сабе параўнаць Мілаша з такім старэйшым суседам, патрыярхам з вялікім жыцьцёвым досьведам. Ён паехаў у сьвет, дамогся посьпеху, як шмат хто з нашых вяскоўцаў ехаў у гарады па лепшую долю, і вярнуўся да сваёй “вёскі”. Вось ён – перайдзі дарогу, пастукай, папрасі дапамогі, парады – такі сусед заўсёды дапаможа. Таму, калі крыўдзяць літоўцаў, Мілаш, безумоўна, – літовец, калі парушаюцца правы беларусаў, Мілаш – беларус, чалавек, які з дзяцінства усмактаў у сябе, увабраў проста з вуснага гаварэньня шмат славянскіх і неславянскіх моваў. Мілаш – паэт польска-літоўска-беларускага памежжа, ён разумеў беларускую мову без перакладчыка”.
Скобла: “У сваёй Нобэлеўскай лекцыі Мілаш гаварыў: “Той, хто трымае ўладу, таксама можа кантраляваць і мову, і ня толькі праз усталяваньне цэнзуры, але яшчэ і праз зьмяненьне сэнсу словаў”. Як жа гэтыя словы зразумелыя ў сёньняшняй Беларусі! Як на вашу думку, непрыманьне таталітарызму было для Мілаша сьветапоглядным, як, напрыклад, і для Салжаніцына?”
Хадановіч: “Мілаш – чалавек, які зьведаў некалькі таталітарызмаў, некалькі чалавекафобскіх ладаў. Мілаш – паляк, які быў пад нямецкай акупацыяй, і Мілаш – чалавек, які вельмі рана сутыкнуўся з імпэрскай Расеяй, потым – са сталінскім Савецкім Саюзам. Таму невыпадкова Мілаш спачатку спрабаваў заставацца прыстойным чалавекам у межах польскага сацыялістычнага ладу, але ўжо ў 1951 годзе чаша цярпеньня ягонага перапоўнілася, і Мілаш выбраў эміграцыю. Жыў спачатку ў Францыі, потым у Амэрыцы і толькі на схіле гадоў вярнуўся ў Кракаў і ў сваю родную Літву. Адна з самых важных ягоных кніг – “Скуты розум” – пра спакусы таталітарызму і спосабы супрацьстаяньня гэтым спакусам. Кожны з тэзісаў у гэтай кнізе набліжае чалавека да свабоды, як, зрэшты, і ўся паэзія Мілаша”.
Скобла: “У 30-я гады, перад вайной, Мілаш жыў у Вільні і, працуючы там на польскім радыё, спрыяў беларусам – у эфіры гучалі беларускія песьні, выступалі беларускія лектары. Як прыгадваў сам паэт, у той час ён меў прабеларускія настроі і шавіністычную палітыку віленскага ваяводы Бацянскага лічыў памылковай. Чым у год Мілаша беларусы маюць аддзячыць за тое даўняе спрыяньне?”
Хадановіч: “З 8 па 10 верасьня ў Менску адбудзецца вялікі паэтычны фэстываль “Вялікае княства паэзіі”, сёлета прысьвечаны пэрсанальна
З 8 па 10 верасьня ў Менску адбудзецца вялікі паэтычны фэстываль “Вялікае княства паэзіі”, сёлета прысьвечаны пэрсанальна Мілашу ...
Мілашу. Я спадзяюся, калі ўсё складзецца і ня будуць спаць у шапку беларускія выдаўцы, на фэстывалі мы зможам прэзэнтаваць чатырохтомнік Чэслава Мілаша. У дзесяці сталіцах сьвету адначасова будуць прэзэнтаваныя дзесяць аўдыёкніг Мілаша. У Парыжы – па-француску, у Мадрыдзе – па-гішпанску, у Лёндане – па-ангельску, у Токіё – па-японску, у Маскве – па-расейску, у Кіеве – па ўкраінску, у Менску – па-беларуску... Мне выпаў гонар прадставіць у беларускай аўдыёкнізе свае беларускія пераклады. Мы іх запісвалі разам з пяцьцю цудоўнымі маладымі музыкамі, там будзе “Мілаш і клясыка”, “Мілаш і джаз”, “Мілаш і музычная імправізацыя”... Каб жа ўсё атрымалася!”
КНІГАРНЯ СВАБОДЫ
ВОЛЬГА ГАРБАЧОВА: "ЯНУШКЕВІЧ ВЫВЕЎ ЛЮДЗЕЙ НА ВУЛІЦУ, І ЯНЫ ЗАХАПІЛІ АШМЯНЫ"
Менскае выдавецтва "Лімарыюс" распачало новую кніжную сэрыю пад назвай "Беларуская мэмуарная бібліятэка". У ёй ужо выйшлі ў сьвет дзьве кнігі – "Успаміны пасла" Аляксандра Стагановіча і "Ўспаміны даэміграцыйнага пэрыяду 1805-1831 гадоў" Яўстаха Янушкевіча. Архіў апошняга – патомнага беларускага шляхціча і паўстанца – адшукала ў Ягелёнскай бібліятэцы ў Кракаве гісторык, дацэнт БДУ Вольга Гарбачова – госьця ДЛ.
Міхась Скобла: “Спадарыня Вольга, сваю прадмову да кнігі ўспамінаў Янушкевіча вы пачалі словамі, што аўтара прадстаўляць няма патрэбы, ён – асоба знакавая для XIX стагодзьдзя. І ўсё ж, хто ён, чыё поўнае імя – Яўстах Севярын Станіслаў Костка Янушкевіч?"
Вольга Гарбачова: “Сапраўды, для ХІХ стагодзьдзя Яўстах Янушкевіч зьяўляецца знакавай асобай. Па-першае, пасьля паўстаньня 1830-1831 гадоў ён быў вымушаны эміграваць і стварыў у Парыжы ўласную друкарню і кнігарню. Гэта была адна зь першых інстытуцый такога кшталту, заснаваная за мяжой падчас гэтак званай вялікай эміграцыі. Па-другое, ён быў адным з самых заможных прадстаўнікоў эміграцыі, і тыя сродкі, якія меў, выкарыстоўваў не на сваю карысьць, а на дапамогу сваім суайчыньнікам”.
Скобла: “Які канкрэтна ўдзел Яўстах Янушкевіч браў у нацыянальна-вызвольным паўстаньні 1831 году?”
Гарбачова: “Як толькі паўстаньне пачалося на беларуска-літоўскіх землях, Янушкевіч адразу выехаў зь Вільні ў якасьці эмісара – для перадачы распараджэньняў віленскага цэнтральнага паўстанцкага ўраду. І першае месца, куды ён прыбыў, былі Ашмяны. Янушкевіч павінен быў падгаварыць Юзафа Тышкевіча на тое, каб ён узначаліў паўстанцаў у гэтым рэгіёне. Прывяду тут характарыстыку Юзафа Зянкевіча, якую ён даў эмісару зь Вільні: “Янушкевіч гаварыў коратка, але ягоныя халодныя словы, вымаўленыя спакойна, былі настолькі пераканальнымі, што тым, хто прытрымліваўся ягонай думкі, прыносілі радасьць, а асобам слабой веры – страх”. Яўстах Янушкевіч вывеў людзей на вуліцу, і яны захапілі Ашмяны. Пазьней Янушкевіч як эмісар паехаў далей – на Палесьсе і Валынь. Ён быў надзелены паўнамоцтвамі прадстаўніка нацыянальнага ўраду і паведамляў у цэнтар аб падзеях, якія адбывалася на паўсталых землях”.
Скобла: “У многіх удзельнікаў паўстаньня расейскія ўлады адбіралі маёнткі, сканфіскоўвалі ўсю да драбніцаў маёмасьць. Як склаўся пасьляпаўстанцкі лёс Янушкевіча?”
Гарбачова: “Пасьляпаўстанцкі лёс Янушкевіча быў падобны да лёсаў другіх актыўных удзельнікаў паўстаньня. Каля 1500 паўстанцаў, ратуючыся ад расейскіх карнікаў, выехалі на эміграцыю. Расейскім урадам
Сорак гадоў цягнуўся працэс, але маёнтак у Янушкевічаў расейскія ўлады так і не забралі ...
былі вызначаныя катэгорыі злачынцаў, і найбольш знакавыя і актыўныя паўстанцы былі аднесеныя да першай ці другой катэгорыі. Яўстах трапіў у другую катэгорыю, а гэта азначала, што ўся ягоная маёмасьць таксама трапляла пад канфіскацыю. Праўда, сям’я Янушкевічаў была вельмі прадбачлівай, і сам Яўстах, і ягоны бацька былі юрыстамі. Бацька незадоўга да сьмерці склаў тастамэнт, на падставе якога ўсё было разьмеркавана так, што большасьць атрымлівалі дочкі, а браты ўступалі ў валоданьне толькі пасьля сьмерці маці. І таму, калі пасьля паўстаньня пачаліся судовыя разборкі зь Яўстахам і ягонымі братамі (Адольф і Рамуальд таксама прымалі ўдзел у паўстаньні), то ўлады проста ня здолелі канфіскаваць іхні маёнтак Дзягільна. Сорак гадоў цягнуўся працэс, але маёнтак у Янушкевічаў расейскія ўлады так і не забралі”.
Скобла: “А як праявіў сябе Янушкевіч-выдавец?”
Гарбачова: “Адзін зь першых яго выдавецкіх праектаў – Янушкевіч хацеў перавыдаць Літоўскі Статут 1588 году – скончыўся няўдала. А яшчэ да выезду на эміграцыю Янушкевіч спрычыніўся да асобнага выданьня верша Адама Міцкевіча, якое было зьвязана з прыездам у Вільню ў статусе прафэсара Іяхіма Лелявеля. Гэта была настолькі важная ў культурным і інтэлектуальным сэнсе падзея, што Міцкевіч напісаў верш, і гэты верш на сабраныя студэнтамі грошы быў выдадзены як буклецік-улётка. А ў пачатку 1840 году Янушкевіч засноўвае сваю парыскую друкарню. Там выходзілі творы Адама Міцкевіча, Маўрыцыя Магнацкага, Браніслава Залескага – пераважна тых ліцьвінаў, якія пісалі падчас эміграцыі ў Парыжы”.
Скобла: “Успаміны Яўстаха Тышкевіча напісаныя па-польску, але нават на польскай мове яны не друкаваліся. Тут вам заслужана належыць пальма першынства. Дзе вы адшукалі рукапіс успамінаў?”
Гарбачова: “Успаміны пачалі стварацца ўжо прыканцы жыцьця Яўстаха Янушкевіча – у 1871 годзе. Потым яны трапілі ў родавую калекцыю Янушкевічаў у Вялікіх Чаплях, а пазьней апынуліся ў Ягелёнскай бібліятэцы ў Кракаве. Дзе ляжаць і па сёньня. Задоўга да мяне іх праглядаў вядомы міцкевічазнаўца Станіслаў Пігань, але ён зьвяртаў увагу на іншае. Тэкст ня быў уведзены ў сталыя зборы, і таму лічаныя дасьледчыкі маглі на гэтыя ўспаміны натрапіць”.