Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязень Класкоўскі: «Нават у клетцы я больш вольны чалавек за пракурора ці судзьдзю»


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі атрымаў спатканьне з жонкай у СІЗА КДБ. Актывіста Паўла Вінаградава адправілі ў калёнію, не дачакаўшыся касацыі. Арцёму Грыбкову не дазволілі мець у камэры вэнтылятар. Зьмітра Бандарэнку асудзілі за дзень, а пратакол працэсу пішуць ужо месяц.

Натальля Класкоўская мела з мужам трохгадзіннае спатканьне ў СІЗА КДБ. Аляксандар Класкоўскі быў прызнаны вінаватым і асуджаны на 5 гадоў калёніі. Жонцы вязень сказаў, што хацеў бы, каб яго хутчэй адправілі ў калёнію, — горш, чым у «амэрыканцы» ўжо ня будзе. «Але падрабязьней на гэтую тэму ён гаварыць ня стаў, сказаў, што там усё праслухоўваецца», — згадала Натальля Класкоўская. Пры гэтым жанчына адзначыла, што яе муж не скарыўся і захаваў добры настрой:

«Ён казаў, што падчас суду сябе нашмат больш свабодна адчуваў у клетцы, чым пракурор і судзьдзя. Яны, казаў, не свабодныя, на іх аказваюць ціск, а я, хай і ў клетцы, але вольны чалавек, бо гэта мой выбар, а за іх выбар зрабілі іншыя».
Я, хай і ў клетцы, але вольны чалавек, бо гэта мой выбар, а за іх выбар зрабілі іншыя.

Паводле Натальлі Класкоўскай, у турме КДБ яе муж чытае кнігі Аляксандра Салжаніцына. Пра здароўе Класкоўскі сказаў жонцы, што ў яго задача праз 5 гадоў вярнуцца хаця б напалову здаровым.

Актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава этапавалі з «валадаркі». Бацька вязьня Юры мяркуе, што сына адправілі ў калёнію пад Івацэвічамі «Ваўчыныя норы».

«Ягоная дзяўчына, Сьвятлана, атрымала ад яго апошні ліст яшчэ з „валадаркі“. Чакаў да апошняга і напісаў, калі ўжо загадалі з рэчамі выходзіць. Сёньня я бачыўся са Сьветай, яна апавяла пра гэта».

Паводле Юр’я Вінаградава, разгляд касацыйнай скаргі ягонага сына на прысуд яшчэ не прызначаны.

Не прызначана касацыя і ў каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Дзьмітрыя Бандарэнкі, хоць ужо мінуў месяц ад суду над апазыцыянэрам. Паводле закону, касацыю можна прызначыць толькі пасьля таго, як асуджаны азнаёміцца з пратаколам працэсу. Між тым гэты пратакол Бандарэнка дагэтуль не атрымаў.
Відаць, прыдумляюць гэты пратакол — у мяне такое ўжо ўзьнікла падазрэньне, а што яшчэ думаць?

Жонка вязьня Вольга: «Адзін дзень ішоў суд. Відаць, прыдумляюць гэты пратакол — у мяне такое ўжо ўзьнікла падазрэньне, а што яшчэ думаць? Шмат хто з тых, каго пазьней асудзілі, прычым суды цягнуліся некалькі дзён, ужо атрымалі пратаколы. А Дзіму — адзін дзень суду, а пратаколаў ніяк да яго не давязуць».

У Дзьмітрыя Бандарэнкі з-за хваробы суставаў амаль зьнерухомела нага. Паводле зьвестак, якія мае жонка Бандарэнкі, вязьню не палепшала.

Маці актывіста руху «За свабоду» Мікіты Ліхавіда Алена кажа, што ня мае зьвестак пра тое, як яе сын трымаецца ў карцэры. Мікіта атрымаў другое па ліку пакараньнье карцэрам за тое, што працягвае называць сябе ў калёніі «незаконна асуджаным». «Лісты з карцэру перадаваць забаронена», — кажа Алена Ліхавід.

З Арцёмам Грыбковым, якога на мінулым тыдні асудзілі на 4 гады за ўдзел у Плошчы, у турме сустрэлася швагерка Сьвятлана:

«Прасіў, каб перадалі вэнтылятар, — не дазволілі. Казаў, што лепш бы ўжо паехаў у калёнію, у ізалятары вельмі цяжкія побытавыя ўмовы. Але прыйдзецца быць там сама меней да 5 чэрвеня».

Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут сустрэўся з жонкай Аксанай. Спатканьне доўжылася каля 1,5 гадзіны. Паводле Аксаны, да мужа ад моманту яго зьмяшчэньня пад варту так і не пусьцілі сьвятара.

«У астатнім у Андрэя ўсё нармальна: штодзень шпацыруе па 2 гадзіны, перадачы і пошту атрымлівае», — распавяла жонка журналіста. Дата суду над Андрэем Пачобутам пакуль не прызначана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG