Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў мае намер высьветліць, хто напаў на яго ў дзень выбараў


Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў мае намер высьветліць, хто напаў на яго ў дзень выбараў 19 сьнежня 2010 года і хто справакаваў зьмену сцэнара "Плошчы".

"Пакуль гэта цікавіць больш нас, чым праваахоўныя органы", - адзначыў палітык 23 траўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску, перадае Інтэрфакс.

"Чаму ў апошні момант зьмяніўся маршрут руху, нам яшчэ трэба будзе разабрацца. Была вялікая сумятня. Я думаў – КДБ, іх правакатары, але яны кляліся: усё, што заўгодна, але ня гэта", - сказаў Някляеў.

Някляеў распавёў аб меркаваным сцэнары разьвіцьця падзеяў 19 сьнежня.

"Першае – правесьці на "Плошчы" Усебеларускі народны сход, на які мяне не пусьцілі. На ім стварыць "Беларускi народныя Рух". Стварыць мясцовыя органы. Потым прыняць рэзалюцыю народнага
сходу".

Ён прызнаў, што "плян руху на плошчу Незалежнасьці існаваў - плянавалася перадаць гэтую рэзалюцыю ў прыёмную прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага, а той павінен быў паступаць паводле сваіх уяўленьняў аб будучыні краіны. У нас была інфармацыя, што Сідорскага адхілілі ад абавязкаў, якія ён выконваў на той момант. У мяне асабіста быў невялікі, але чалавечы разьлік на Сідорскага.

Мы разумелі, што гэтага не адбудзецца, але і не чакалі брутальнага разьвіцьця падзей".

Экс-кандыдат у прэзыдэнты паведаміў, што кампанія "Гавары праўду" мае намер рэалізаваць праект "100 пытаньняў ураду".

"Чаму не прэзыдэнту? Бо ён ужо мае адказы на ўсе пытаньні ", -
адзначыў Уладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў быў моцна зьбіты 19 сьнежня, калі калёна яго прыхільнікаў рушыла з вуліцы Калектарнай у бок Кастрычніцкай плошчы. На людзей наляцелі каля 50 чалавек у чорным. Прыхільнікаў Някляева пачалі брутальна зьбіваць, узрываліся шумавыя гранаты. Някляева ў шпіталь адвезла хуткая дапамога.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG