Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прывёз Пуцін Лукашэнку?


Чаго чакаць афіцыйнаму Менску ад візыту расейскага прэм’ер-міністра Ўладзімера Пуціна? Ці прывёз ён крэдыты для беларускай эканомікі? І колькі трэба грошай, каб Беларусь выйшла зь цяперашняга крызісу?

Учора кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым пра выдзяленьне Менску 6 мільярдаў даляраў. Аднак расейскі міністар фінансаў Аляксей Кудрын казаў толькі пра адзін мільярд даляраў за кошт сродкаў антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. У Маскве адзначалі, што грошы беларускі бок можа атрымаць узамен на беларускія актывы — кантрольны пакет «Белтрансгазу» і іншыя. Назіральнікі чакаюць, што менавіта візыт Пуціна ў Менск і яго сустрэча з Лукашэнкам могуць вырашыць гэтыя пытаньні. Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, грашовае пытаньне цяпер жыцьцёва вострае для беларускага рэжыму:

Аляксандар Класкоўскі
«Дасьць ці ня дасьць Пуцін грошы — гэта наўпрост будзе залежаць ад таго, на якія саступкі згодны пайсьці беларускі бок. Вось зараз міністар фінансаў Харкавец сказаў, што нібыта ўжо ўзгодненая антыкрызісная праграма. Але гэта толькі мільярд з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Гэта каціныя сьлёзы для сёньняшняй катастрафічнай беларускай сытуацыі. І потым ёсьць яшчэ закулісная частка перамоваў. Я думаю, Расея ня столькі там змагаецца за рынкавыя рэформы ў Беларусі, колькі хоча скарыстаць сытуацыю, каб прыбраць да рук прывабныя актывы. Я думаю, што галоўная інтрыга палягае тут».

Леанід Злотнікаў
Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, тых шасьці мільярдаў, на якія разьлічвае Лукашэнка, будзе недастаткова, каб выцягнуць эканоміку з крызісу.

«Наагул, на год трэба 12–15 мільярдаў, каб стабілізавацца хаця б на ўзроўні 4 тысячаў за даляр. Ясна, што не хапае. І выйсьці з дапамогай гэтага з эканамічнага крызісу нельга, бо крызіс — у неэфэктыўнасьці эканомікі».

Менавіта на дзень візыту Ўладзімера Пуціна ў Менск выпала паўза ў судовых працэсах над удзельнікамі Плошчы 19 сьнежня: апошнія прысуды будуць вынесеныя менавіта 20 траўня. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька не выключае, што гэты перапынак у судах неяк зьвязаны зь візытам Пуціна ў Менск.

Анатоль Лябедзька
«Безумоўна, прыехаць Пуціну пасьля таго, як Міністэрства замежных спраў Расеі зрабіла такую даволі сэнсацыйную заяву і асудзіла парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, — гэта быў бы дрэнны фон для знаходжаньня ў Менску. Таму, я думаю, не абышлося без рэкамэндацый Масквы, каб гэты дзень быў такі чысты і нэгатыўным фонам для знаходжаньня Пуціна ў Беларусі не былі палітычныя працэсы над удзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі».

Паводле Лябедзькі, сёньня самая вялікая палітыка ў Беларусі — гэта эканоміка.

«Я думаю, што Пуцін прыехаў у Менск, каб паглядзець на тыя крэслы, якія цікавыя для Расеі, і назваць свой кошт. Ён тут валодае ініцыятывай. Таму ён паглядзіць, якія яму прапануюць крэслы, назаве свой кошт. А беларусы могуць разьлічваць пакуль што толькі на рыторыку і на тое, што ім пашчасьціць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG