Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пагражае Эўразьвязу «крокамі ў адказ»


Сёньня ў Страсбуры дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту абмеркавалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Па выніках дыскусіі прынятая рэзалюцыя, у якой Эўрапарлямэнт заклікае кіраўніцтва Эўразьвязу пашырыць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, улучна з увядзеньнем адрасных эканамічных санкцыяў.

Аляксандар Мілінкевіч
Кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч так пракамэнтаваў для «Свабоды» сёньняшнюю рэзалюцыю:

«Першая рэакцыя — дагуляліся. Эўразьвяз вельмі неахвотна ідзе на такія меры. Але тыя неадэкватныя прысуды людзям, фактычна ні за што, за тое, што яны стаялі на Плошчы, калі кара вымяраецца гадамі, паказвае неадэкватнасьць беларускіх уладаў. І таму сёньня Эўразьвяз ня мае пернікаў для Беларусі, а бізун будзе выкарыстоўваць. Канечне, гэта кепска і для беларускага народу, бо эканамічныя санкцыі б’юць і па ім. Але рэакцыя мусіць быць адпаведнай маральным нормам Эўразьвязу і тым каштоўнасьцям, на якіх аб’ядналіся краіны Эўразьвязу».

Ігар Карпенка
Цікавасьць да Беларусі з боку эўрапейскіх дэпутатаў старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка лічыць навязьлівай: маўляў, калі б не было такой дзяржавы, як Беларусь, то ім не было б чым займацца:

«На жаль, вось гэта іх так званая бязьдзейнасьць і няздольнасьць вырашаць праблемы насельніцтва нараджае ў Эўразьвязе навязьлівую ідэю — экспартаваць дэмакратыю любымі спосабамі ў іншыя краіны, уключаючы і Рэспубліку Беларусь. А ў іх сваіх праблем хапае. Гэта і беспрацоўе, і сацыяльныя гарантыі, і тое, што адбываецца, напрыклад, у Грэцыі і Партугаліі. І ўсё гэта ідзе менавіта ў такім рэчышчы».

Сяргей Калякін
Лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна сёньняшняя рэзалюцыя эўрапарлямэнтароў не зьдзівіла:

«Гэта вельмі чаканая падзея. Усё, што адбываецца цяпер у Беларусі, менавіта да гэтага і вяло. Рашэньне Эўрапарлямэнту будзе ня вельмі прыемнае для беларускага народу. Тым больш для беларускага ўраду. Але ён сам стварыў такую сытуацыю, вынікам якой сталі магчымыя санкцыі. Пацерпяць улады, але, на жаль, пацерпяць і беларускія грамадзяне».

Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту таксама характарызуе справы аб масавых беспарадках як палітычна матываваныя і сумнеўныя, адзначаючы, што ў іх расьсьледаваньні не хапала аб’ектыўнасьці. Абвінавачаньні, высунутыя супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты рэзалюцыя характарызуе як неправавыя і непрымальныя.

Андрэй Савіных
Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць арыштаваных удзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў і зьняць зь іх усе абвінавачваньні.

На гэты дакумэнт адрэагавала і Міністэрства замежных спраў Беларусі. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных назваў падыходы Эўрапарлямэнту непрымальнымі і супярэчнымі прынцыпам добрасуседзтва:

«Эўрапарлямэнт узнаўляе і навязвае ўсім далёкія ад рэальнасьці, скажоныя трактоўкі падзей, што адбываюцца ў Беларусі,— заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС. — Намаганьні, што мы прыкладаем, накіраваныя на вяртаньне да канструктыўнага дыялёгу, натыкаюцца на ўльтыматумы і пагрозы, якія выдаюцца за прынцыповую пазыцыю».

«У выпадку прыняцьця такіх мер беларускі бок будзе вымушаны зрабіць крокі ў адказ», — заявіў Савіных. Паводле яго слоў, яны будуць «уяўляць сабой адэкватныя меры ў адказ, накіраваныя пераважна на пэрсаналіі і структуры, якія зьяўляюцца актыўнымі генэратарамі антыбеларускіх дзеяньняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG