Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт ізноў вяртаецца да Беларусі


Сёньня ў Страсбуры дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту абмяркуюць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Дэбаты пройдуць у рамках веснавой сэсіі Эўрапарлямэнту. Па выніках абмеркаваньня чакаецца прыняцьце спэцыяльнай рэзалюцыі.

Хаця абмеркаваньне беларускага пытаньня ў парадку дня сэсіі значыцца 12 траўня, яно фактычна пачалося ўжо ўчора. Беларускую тэму ў сераду ўзьняла ў сваім выступе вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі Кэтрын Эштан. Яна заявіла, што дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі зрабілі непазьбежнымі санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі:

"Ён не пакінуў нам іншых варыянтаў, акрамя як увесьці ў адказ жорсткія санкцыі, скіраваныя супраць прадстаўнікоў рэжыму, адказных за рэпрэсіі, у тым ліку супраць самога прэзыдэнта Лукашэнкі. Таксама мы павінны ўзмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасьці і кантакты паміж людзьмі”.

Спадарыня Эштан нагадала аб сваёй сустрэчы зь сем'ямі арыштаваных падчас сьнежаньскіх падзеяў у Менску беларускіх апазыцыянэраў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці. Сярод іх была і Вольга Бандарэнка – жонка палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі, актывіста "Эўрапейскай Беларусі". Спадарыня Вольга сказала "Свабодзе", што яна вітае абмеркаваньне эўрапейскімі парлямэнтарамі беларускай сытуацыі:
Нашым сядзельцам, нашым родным перад такімі сходамі заўжды даюцца нейкія палёгкі...


"Я шчасьлівая ўжо таму, што пытаньне пра Беларусь не сыходзіць з парадку дня, што яно ўвесь час уздымаецца. Я казала: зьбірайцеся часьцей. Бо так атрымліваецца, што нашым сядзельцам, нашым родным перад такімі сходамі заўжды даюцца нейкія палёгкі. То артыкул абвінавачаньня зьменяць на лягчэйшы, то яшчэ нешта. Кожны раз было нешта добрае".

Адным з ключавых тэзісаў выступу Кэтрын Эштан быў заклік не абмяжоўвацца рэакцыяй у форме заяваў і пратэстаў у дачыненьні да рэжымаў, ацэненых як антыдэмакратычныя, а ўжываць супраць іх канкрэтныя дзеяньні.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць рэзалюцыю Эўрапарлямэнту аб сытуацыі ў Беларусі надзвычай важнай:
Палітычнае поле для манэўраў афіцыйнай беларускай улады істотна зьменшылася...


"Сёньня мы становімся сьведкамі таго, што міжнародная супольнасьць выпрацоўвае адзінае пасланьне афіцыйнаму Менску. І гэта ёсьць новая якасьць сытуацыі. Калі перад прэзыдэнцкай кампаніяй мы бачылі, што такіх мэсыджаў было шмат, і яны былі абсалютна розныя паводле зьместу, то сёньня відаць, што ёсьць кансалідацыя ў гэтым пытаньні. А гэта азначае, што палітычнае поле для манэўраў афіцыйнай беларускай улады істотна зьменшылася. Прагназую, што гэтым разам будзе даволі жорсткая заява. І зь улікам таго, што Эўрапейскі парлямэнт увесь час пашырае свой уплыў на выканаўчыя структуры Эўрапейскага Зьвязу, я ня стаў бы адносіцца да гэтага як да нейкай чарговай паперкі".

Прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк учора разам з групай дэпутатаў зьвярнуўся да старшыні Міжнароднай фэдэрацыі хакею з заклікам не праводзіць чэмпіянату сьвету ў Менску, пакуль у Беларусі ня будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязьні.


20 студзеня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў і заклікаў Раду Эўразьвязу правесьці незалежнае расьсьледаваньне падзеяў пад эгідай АБСЭ.

10 сакавіка была прынятая яшчэ адна рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, якая асуджае выкарыстаньне катаваньняў адносна затрыманых па крымінальнай справе аб падзеях у Менску 19 сьнежня. Эўрадэпутаты выступілі з асуджэньнем створанай у краіне “атмасфэры страху, рэпрэсіяў і перасьледу грамадзянскай супольнасьці і СМІ” – ператрусаў у рэдакцыях і кватэрах журналістаў і актывістаў няўрадавых арганізацыяў, выключэньняў з ВНУ і звальненьняў з працы паводле палітычных матываў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG