Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры могуць стаць невыязнымі?


Беларускія ўлады могуць забараніць выезд за мяжу прыблізна 200 апазыцыянэрам і прапанаваць амбасадарам шэрагу дзяржаў Эўразьвязу пакінуць межы краіны, калі ЭЗ увядзе ў дачыненьні да Беларусі эканамічныя санкцыі. Такое паведамленьне сёньня распаўсюдзіла агенцтва Інтэрфакс-Захад са спасылкай на неназваную крыніцу ў адміністрацыі Лукашэнкі.

"Беларускі бок спакойна ўспрымае такія заявы пра санкцыі, мы працуем над шэрагам захадаў у адказ. У комплексным пляне магчымых захадаў прадугледжана і забарона на выезд за мяжу шэрагу дзеячаў беларускай апазыцыі, якія найбольш актыўна заклікалі і працягваюць заклікаць улады Эўразьвязу да ўвядзеньня эканамічных санкцый супраць беларускага народа", — адзначыў прадстаўнік адміністрацыі.

Акрамя таго, супрацоўнік адміністрацыі ня выключыў, што "будзе прапанавана пакінуць межы краіны некаторым амбасадарам дзяржаў Эўразьвязу ў Беларусі".

На дадзены момант "Свабода" ня мае пацьвярджэньня гэтай інфармацыі з прэзыдэнцкай адміністрацыі. А прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных сказаў нашаму радыё, што ён такой інфармацыяй не валодае.

Некаторыя палітолягі лічаць, што гэтыя захады могуць быць адказам на ўчорашні выступ у Эўрапарлямэнце кіраўніцы дыпляматыі Эўразьвязу Кэтрын Эштан. Тая заявіла, што Лукашэнка не пакінуў ЭЗ іншага выбару, акрамя дзеяньняў супраць ягонага рэжыму. "Ён навязаў нам прыняцьце строгіх санкцый супраць яго, супраць яго краіны. Мы павінны дзейнічаць супраць гэтага рэжыму, уключна з самім Лукашэнкам, супраць тых, хто нясе адказнасьць за жорсткасьць сілавых органаў", — сказала Кэтрын Эштан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG