Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф заклікала дапамагчы ахвярам рэпрэсій і сем'ям палітвязьняў


Дапамагчы ахвярам палітрэпрэсій і сем'ям палітзьняволеных у Беларусі заклікала дакладчыца Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі, намесьніца міжнароднага сакратара фракцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі ў бундэстагу Ута Цапф.

У артыкуле, разьмешчаным на партыйным сайце, Цапф адзначае, што абвінавачваныя па справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня "практычна не маюць доступу да сваіх адвакатаў". Адвакаты, якія абараняюць апазыцыянэраў, "знаходзяцца пад націскам" з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад гэтага. Некаторыя "выключаны з калегіі адвакатаў і з прычыны гэтага маюць забарону на прафэсію".

"Некаторыя зьняволеныя часова вызвалены. Іх абавязалі нічога не гаварыць пра свае перажываньні падчас допытаў", — адзначае Цапф. Паводле яе слоў, у адкрытую выказаўся адзін з іх, Аляксей Міхалевіч, які пасьля гэтага пакінуў краіну і папрасіў прыстанішча ў Чэхіі.

Цапф піша пра лёс яшчэ аднаго кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах-2010 Уладзіміра Някляева, якому з-за дамашняга арышту "дазволена размаўляць толькі з жонкай". "Ніякага тэлевізара, інтэрнэту і тэлефона, ніякіх візытаў і забарона падыходзіць да акна і глядзець на вуліцу. Два ахоўнікі КДБ увесь час пільнуюць сямейную пару ў іх кватэры", — падкрэсьлівае нямецкі палітык.

"Рэпрэсіі набылі нябачаныя дагэтуль маштабы, — піша Ута Цапф. — Ёсьць асьцярога, што многія людзі, якія удзельнічалі ў дэманстрацыі ці падтрымалі выбар апазыцыйных палітыкаў, страцяць працу, будуць выключаны з унівэрсытэтаў і будуць адчуваць іншыя зьдзекі".

"Ім і сем'ям палітзьняволеных мы абавязаны дапамагчы. Важна міжнароднае назіраньне за працэсам. Мінск дапусьціў назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, і мы павінны сачыць за тым, каб так было і далей", — падкрэсьліла Цапф.

Паводле яе слоў, трэба апасацца "экстрэмальна жорсткіх прыгавораў". "Лукашэнка жорстка помсьціць", — лічыць нямецкі палітык.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG