Рада Эўразьвязу сёньня пашырыла сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на сваю тэрыторыю, да 177. Да Аляксандра Лукашэнкі, ягоных старэйшых сыноў, кіраўнікоў выбарчых камісіяў, адказных за фальшаваньне вынікаў выбараў 19 сьнежня, прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, сілавых структураў, адказных за разгон акцыі пратэсту, дадаліся пракуроры і судзьдзі, якія выносяць суровыя прысуды арыштаваным апазыцыянэрам. Тым часам у беларускім урадзе заявілі пра свае візавыя санкцыі ў адказ — супраць прадстаўнікоў Эўразьвязу і ЗША.
Рада Эўрапейскага Зьвязу ўхваліла рашэньне аб пашырэньні абмежавальных захадаў (візавых і фінансавых) супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальшаваньне выбараў і рэпрэсіі адносна грамадзянскай супольнасьці. Як паведамляе прэсавая служба Рады Эўразьвязу, міністры замежных спраў 27 краін Зьвязу ўключылі ў сьпіс прадстаўнікоў беларускага рэжыму, адносна якіх дзейнічае забарона на паездкі ў Эўропу і замарожваньне актываў, яшчэ 19 асоб. Поўны сьпіс будзе апублікаваны 22 сакавіка ў выданьні "Official Journal".
Як раней заяўляла вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, "у адпаведнасьці з рашэньнем Рады па замежных справах ад 31 студзеня сьпіс асобаў, на якіх накладзеныя абмежавальныя захады, застаецца адкрытым і стала пераглядаецца з улікам далейшага разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі".
Падставай для такога пашырэньня "чорнага сьпісу" сталіся судовыя працэсы, якія пачаліся супраць арыштаваных у ходзе разгону дэманстрацыі 19 сьнежня, і жорсткія прысуды абвінавачаным. Агульны лік дзеячаў беларускага рэжыму, якім забаронена наведваць Эўропу і чые рахункі будуць замарожаныя, вырас да 177. Перш за ўсё да яго дадаліся пракуроры і судзьдзі, якія выступалі на крымінальных працэсах супраць удзельнікаў дэманстрацыі 19 сьнежня.
Праваабаронца Тацяна Равяка, якая сачыла за апошнімі судовымі працэсамі, перакананая ў слушнасьці такіх захадаў.
"Судзьдзі цалкам разумеюць, што яны выносяць незаконныя прысуды, якія не адпавядаюць нашаму закону, праву, і, вядома, на гэта павінна быць адпаведная рэакцыя. І калі ўнутры краіны яе нельга дамагчыся, калі няма іншых мэханізмаў для аднаўленьня законнасьці і права, то трэба карыстацца тымі мэханізмамі, якія засталіся, — найперш міжнароднымі".
Пад візавыя і маёмасныя санкцыі патрапілі таксама рэктары беларускіх ВНУ, якія выключалі сваіх студэнтаў за апазыцыйную дзейнасьць.
Апрача таго, у абноўленым "чорным сьпісе" беларускіх чыноўнікаў былі выпраўленыя некаторыя памылкі ў напісаньні прозьвішчаў. Некаторыя прозьвішчы па-ангельску запісваліся ў транскрыпцыі з расейскай мовы замест беларускай, што давала занесеным у гэты сьпіс дзеячам беларускага рэжыму шанец уехаць на тэрыторыю Эўразьвязу.
Сёньня ж стала вядома пра тое, што ўлады Беларусі падрыхтавалі захады ў адказ на рашэньне Эўразьвязу пра санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.
Візавая забарона закране больш за 150 асобаў з Эўрапейскага Зьвязу і ЗША, заявіла Інтэрфаксу крыніца ва ўрадавых колах.
Былі названыя некаторыя прозьвішчы — старшыні Эўрапарлямэнту Ежы Бузэка, эўрадэпутата Яцэка Пратасевіча.
Апрача таго, беларускі бок пагражае абмежаваць на тэрыторыі Беларусі дзейнасьць замежных фондаў і няўрадавых арганізацый.
Такі падыход беларускіх уладаў сьведчыць пра тое, што санкцыі Эўразьвязу і ЗША іх раздражняюць, хоць і не прымушаюць да саступак, мяркуе менскі палітоляг Андрэй Фёдараў:
"Яны раздражняюць, і таму ён, як і абяцаў, уводзіць санкцыі ў адказ. Іншая справа, што тыя ж Бузэк і Пратасевіч ня так ужо моцна імкнуліся сюды. Асноўная маса з гэтых 150 — я ня ўпэўнены, што яны так ужо хацелі б апынуцца ў Беларусі, асабліва зараз. У адрозьненьне ад асноўнай масы тых, хто з нашага боку падпаў пад гэтыя санкцыі".
Андрэй Фёдараў лічыць беларускія санкцыі зусім неэфэктыўнымі. Гэта толькі спроба Менску яшчэ раз паказаць сваю ўпартасьць, мяркуе ён.