Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Гарэцкі: У Астраўцы можа быць землятрус да 7 балаў


Госьць “Начной Свабоды” – былы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук, акадэмік Радзім Гарэцкі. Тэма гутаркі – сэйсьмічныя асаблівасьці тэрыторыі Беларусі ў сувязі з паведамленьнямі некаторых мэдыяў, што ў Астраўцы, дзе мае зьявіцца беларуская АЭС, могуць адбывацца землятрусы.



Гутарка з Радзімам Гарэцкім
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:10:01 0:00
Наўпроставы лінк


Сяргей Абламейка: Пытаньне да вас як да заснавальніка беларускай школы тэктаністаў. Некаторыя мэдыі ў апошнія дні на фоне падзеяў у Японіі напісалі, што Астравецкі раён, дзе вырашана пабудаваць беларускую АЭС, зьяўляецца сэйсманебясьпечнай зонай. Пішуць, што ў 1909 годзе там адбыўся землятрус сілаю 7 балаў, пасьля якога ўзьнік яр даўжынёй 2 кілямэтры. Ці праўда, што там – сэйсманебясьпечная зона?

Калі там будаваць АЭС, дык трэба безумоўна будаваць АЭС з разьлікам на землятрус да 6-7 балаў
Радзім Гарэцкі:
Уся наша зямная кара разьбіта на так званыя геаблёкі, маецца на ўвазе геаблёчная дзялімасьць, і ўся зямная кара разьбіта на 9 вялізарных літасфэрных пліт, і на мяжы гэтых пліт самая небясьпечная сытуацыя, таму што яны разьдзелены зонамі разломаў, вялікімі трэшчынамі глыбінёй да 70 і болей кілямэтраў. І Японія як раз знаходзіцца на такім месцы паміж гэтымі літасфэрнымі плітамі, таму там і такая жудасная сытуацыя, і там вельмі часта адбываюцца землятрусы. І апрача таго там акіян і ня менш небясьпечная сытуацыя пасьля землядрыгу – гэта канечне цунамі.

Нашая тэрыторыя знаходзіцца ў сярэдзіне Ўсходне-Эўрапейскай літасфэрнай пліты, таму такога моцнага землятрусу і тым больш цунамі ня можа быць. Гэта можна адназначна сказаць. Але на нашай тэрыторыі таксама могуць быць землятрусы, таму што літасфэрныя пліты разьбіты на геаблёкі меншага памеру, і паміж гэтымі геаблёкамі таксама разломы, трэшчыны зямной кары, якія досыць глыбокія, да 40 кілямэтраў.

Чарнобыльская АЭС была пабудавана без уліку геалягічных асаблівасьцяў, і яна як раз стаяла на такім разломе. І расейскі геафізік акадэмік Страхаў і ўкраінскія навукоўцы прааналізавалі гэтую сытуацыю і прыйшлі да высновы, што магчыма там таксама быў невялікі землятрус
І як раз каля Астраўца ёсьць так званы Ашмянскі разлом. І па гэтым разлому быў зафіксаваны землятрус у 1908 годзе. Асабліва гэта было добра бачна на так званай станцыі Гудагай, дзе тыя самыя зьявы, пра якія вы гаварылі, ёсьць, і нават можна ўбачыць невялікі роў. Два гады таму зусім нядаўна быў так званы Калінінградзкі землятрус, таксама па разлому паміж двума геаблёкамі – 5-6 балаў. А Гудагайскі, Ашмянскі быў 6-7 балаў. Пляцоўка Астравец знаходзіцца ад гэтага разлому ў некалькіх дзясятках кілямэтраў. Нашы сэйсмолягі разьлічвалі гэта. Яны лічыць, што там можа землятрус 5-6 балаў. Таму калі там будаваць АЭС, дык трэба безумоўна будаваць АЭС з разьлікам на землятрус да 6-7 балаў.

Абламейка: Мы можам сказаць усё ж, што тэрыторыя Астравецкага раёну зьяўляецца сэйсьмічна небясьпечнай зонай?

Гарэцкі:
Трэба сказаць, што ў многіх мясьцінах на нашай тэрыторыі могуць быць мясцовыя землятрусы да 6 балаў, якія адбываюцца ў месцы, дзе праходзіць разлом. А ёсьць так званыя далёкія землятрусы, калі асабліва ад Швэцыі і Нарвэгіі ці з Карпатаў да нас даходзяць землятрусы. Калі там трасе, да нас даходзіць 4-5 балаў на поўдні. У нас рэдка гэта бывае, але могуць быць землятрусы, і таму трэба вельмі акуратна з геалягічнага боку выбіраць мясьціны.

Ёсьць нават такая думка, што Чарнобыльская АЭС была пабудавана без уліку геалягічных асаблівасьцяў, і яна як раз стаяла на такім разломе. І расейскі геафізік акадэмік Страхаў і ўкраінскія навукоўцы прааналізавалі гэтую сытуацыю і прыйшлі да высновы, што магчыма там таксама быў невялікі землятрус. Для АЭС, асабліва калі ідуць рамонтныя працы, нават невялікі землятрус можа прывесьці да непрыемных сытуацый. Тут трэба вельмі асьцярожна будаваць, і павінен быць ня той тэхналягічны матэрыял, які быў на Чарнобылі, а трэба новую, значна іншую канструкцыю гэтай АЭС рабіць.

Абламейка: А як вы ставіцеся да пабудовы АЭС у Беларусі? Некаторыя беларускія навукоўцы, палітыкі і публіцысты сьцьвярджаюць, што ў краіне, якая найболей пацярпела ад Чарнобылю, будаваць АЭС – немаральна.

Гарэцкі: Я не надта вялікі прыхільнік АЭС, і ня толькі з маральнага пункту гледжаньня. У мяне іншыя ёсьць высновы. Па-перашае, экалягічны чыньнік. Месца, якое выбралі, самае чыстае, самае прыгожае, самае выдатнае месца ў Беларусі для турызму. І Нарач там блізка, і іншыя азёры. Я лічу, што за турызм мы маглі б у тых месцах атрымліваць вялікія грошы. Гэта было б эканамічна выгадна. Калі там будзе АЭС, ня кожны захоча туды ехаць. І любая АЭС, нават тая, якая вельмі добра зроблена, усё роўна вакол яе бываюць выкіды, і людзі пазьбягаюць такіх месцаў.

Вельмі важны эканамічны чыньнік. Трэба падлічыць, ці выгодна гэта. АЭС працуе каля 30 гадоў, потым калі яе выводзяць з эксплюатацыі, каб закрыць, гадоў 50 трэба за ёй сачыць. Я ня ведаю, ці гэтыя 50 гадоў улічваюць, калі разьлічваюць яе кошт. Нам даюць 9 мільярдаў даляраў крэдыту, але трэба ўлічыць і інфраструктуру, і потым тое, што трэба будзе пасьля закрыцьця зь ёй працаваць, захоўваць адкіды ці вывозіць, што ёсьць вялізарная праблема. Калі суміраваць, то гэта будзе зусім ня танная энэргія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG