Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворым: "Фукусіма", а чуем: "Астравец"


Пашкоджаныя трэці і чацьвёрты рэактары АЭС Фукусіма ў Японіі.
Пашкоджаныя трэці і чацьвёрты рэактары АЭС Фукусіма ў Японіі.
"Выклікам грамадзкай думцы" называюць многія экспэрты міжурадавыя пагадненьні паміж Расеяй і Беларусьсю аб будаўніцтве ў Астраўцы атамнай электрастанцыі. Іх падпісалі ў Менску 15 сакавіка, не зважаючы на падзеі ў Японіі, дзе ў выніку землятрусу адбыліся выбухі на некалькіх энэргаблёках атамнай санцыі Фукусіма і вялікія тэрыторыі апынуліся пад пагрозай радыяцыйнага забруджаньня.

Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімер Пуцін заявіў, што "ўзровень абароненасьці на Беларускай АЭС будзе значна вышэйшы, чым у Японіі". Вось як ацэньвае гэтыя запэўніваньні старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня, прафэсар фізыкі Станіслаў Шушкевіч:

"Пуцін гаворыць тое, што яму гаворыць ягонае атачэньне. Расея ўпэўненая, што ў яе цяпер лепшыя атамныя станцыі ў сьвеце. Я быў упэўнены, што найлепшыя — японскія. А бачыце, што атрымалася! Яны ж 40 гадоў эксплюатаваліся, і ніякіх непаразуменьняў не было. А ў Расеі новыя рэактары зьявіліся толькі ў апошнія гады, а Пуцін ужо гарантуе, што яны лепшыя ў сьвеце. Гэта звычайная прапагандысцкая акцыя.

Але ж вельмі недарэчна прымаць у гэтыя дні такое рашэньне. Гэта — выклік усім. Маўляў, мы наладзім усё лепей за іншых".

Прашу Станіслава Шушкевіча выказаць меркаваньне: чаму Пуцін і Лукашэнка не адклалі падпісаньне ядзерных дакумэнтаў, зважаючы на крытычную сытуацыю на АЭС у Японіі?

"Яны ж толькі на тым і працуюць — і адзін, і другі. То "рабіць выклік", то "мачыць у сарціры", то "блытаць катлеты і мухі". Гэта не таго роўню палітыкі, каб у іх чалавечая годнасьць займала высокае месца".

Незалежны экспэрт, прафэсар Уладзімер Дунаеў называе падпісаньне дакумэнтаў пра будаўніцтва Беларускай АЭС "цынічнай справай":

"Гэта цалкам у духу той цынічнай палітыкі, якая цяпер неяк вельмі дэманстратыўна рэалізуецца і адным, і другім бокам. І я думаю, што ў значнай ступені больш гэты цынізм дэманструе Расея ў такой сытуацыі".

Прафэсар Дунаеў ацэньвае ўчорашнія дамоўленасьці найперш як недарэчныя:

"У такі час гэта вельмі недарэчна. Можна было адкласьці, можна было запатрабаваць дадатковую экспэртызу. То бок зрабіць палітычны жэст, які ў нейкай ступені мог бы зьмякчыць гэтае рашэньне ў сытуацыі ядзернага крызісу".

Старшыня грамадзкай арганізацыі "Саюз Чарнобыль Беларусь", якая зарэгістраваная ў Кіеве, Аляксандар Ваўчанін кажа: зь Японіі ўжо прыйшлі зьвесткі, што японскім ліквідатарам наступстваў аварыі даюцца велізарныя гарантыі:

"Дзяржава японская ня будзе іх так марочыць, як нас марочаць з сацыяльнымі гарантыямі. І крый Божа, калі нешта зноў здарыцца ў Беларусі, то хто пойдзе ліквідаваць аварыю? Пакуль канкрэтна ня вырашыцца пытаньне пра сацыяльныя гарантыі з боку дзяржавы, я лічу, гэта нават несур'ёзна — пачынаць будаваць атамную станцыю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG