Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Буланава падазраюць хваробу, пры якой сьмяротнасьць — да 60%


Зьміцер Буланаў пераведзены ў турэмны шпіталь з дыягназам небясьпечнай хваробы. Пасьля допыту Дзьмітрыя Вуса на допыт выклікаюць ягоную жонку і сына. Супрацоўнік вайсковай контравыведкі наведаў на «Валадарцы» лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча.

Фігуранта справы 19 сьнежня Зьмітра Буланава з «Валадаркі» перавялі ў турэмны шпіталь. З-за хваробы малады чалавек ня можа сам хадзіць. Нядаўна Дзьмітрыя аглядалі дактары.

Маці Буланава Клаўдзія Якаўлеўна
: «Дыягназ такі: паўторная вострая рэўматычная ліхаманка, кардыт і не выключаецца інфэкцыйны эндакардыт. Пра наступствы гэтай хваробы можна паглядзець у інтэрнэце. Калі я зазірнула, то схапілася за галаву. Сьмяротнасьць ад яе ад 20 да 60%, патрабуюцца для лячэньня добрыя клінічныя ўмовы, пастаянныя пасеў на крыніцу інфэкцыі, кардыяграмы. Я ня ведаю, ці ёсьць такія ўмовы у гэтым шпіталі».

Клаўдзія Буланава паведаміла, што яе хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня для сына ў сувязі з хваробай сьледчы не задаволіў. Таксама ёй адмовілі ў спатканьні з сынам. 26-гадовага Дзьмітрыя Буланава абвінавачваюць ва ўдзеле ў падзеях 19 сьнежня і з таго часу трымаюць у зьняволеньні.


Да Зьмітра Дашкевіча, лідэра незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт», які знаходзіцца за кратамі, зноў прыходзілі супрацоўнікі вайсковай контравыведкі. Раней такія візыты адбываліся, калі Дашкевіча трымалі ў Жодзінскім ізалятары. Паводле зьвестак, ад актывіста дамагаюцца супрацоўніцтва са сьледзтвам. Зьміцер Дашкевіч сваёй віны не прызнае і на супрацоўніцтва не ідзе.

21 сакавіка ў Маскоўскім судзе Менску пачнецца працэс над Дашкевічам і ягоным аднадумцам Эдуардам Лобавым. Актывістаў абвінавачваюць у злосным хуліганстве — нібыта яны пабілі двух мінакоў у Менску. За дзень да прэзыдэнцкіх выбараў Дашкевіч і Лобаў былі арыштаваныя. Яны кажуць пра правакацыю з боку ўладаў.


14 сакавіка адбыўся чарговы допыт у КДБ былога кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса.

Вус: «Паказвалі відэаздымкі падзей на плошчы. Бралі тлумачэньні: чаму гэта, чаму тое. Заўтра запрашаюць у якасьць сьведак жонку і сына. Пакуль застаюся ў якасьці падазронага, а наколькі так далей будзе, ня ведаю. Таксама пыталіся пра мае тэлефонныя размовы са Статкевічам яшчэ да 19 сьнежня. Ня ведаю, наколькі законна было праслухваць тыя размовы. Праслушка пэўна была».

Паводле Вуса, у КДБ яму сказалі, што яго плянуюць яшчэ дапытваць. Пасьля першых допытаў Дзьмітрый Вус паведаміў журналістам, што на яго ціснуць, каб назваў Мікалая Статкевіча адным з арганізатараў масавых беспарадкаў 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG