Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаны Буланаў зноў не падымаецца з турэмнага ложка


Вязень «Валадаркі» Дзьмітрый Буланаў з-за хваробы ня можа падняцца з турэмнага ложка. Калегі павіншавалі Ірыну Халіп кветкамі і словамі падтрымкі. Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч перанёс грып у «амэрыканцы».

На 3 сакавіка быў прызначаны першы з канца сьнежня допыт каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі, паведаміла «Свабодзе» жонка вязьня Вольга Бандарэнка. Днём раней Вольга атрымала ліст ад мужа, у якім Зьміцер піша пра сваё здароўе — «здавальняючае».

«Здавальняючае — гэта азначае, што вельмі дрэннае. Наколькі я ведаю Дзіму», — мяркуе Вольга Бандарэнка. У Зьмітра Бандарэнкі праблемы з пазваночнікам, ён перанёс некалькі апэрацыяў. Зьвесткі пра тое, што ў камэрах ізалятара КДБ холадна і што там ужываюць супроць вязьняў «расьцяжку» ды іншыя формы фізычнага ўзьдзеяньня, паводле Вольгі Бандарэнкі, таксама сьведчаць пра, што ў Бандарэнкі абвастрыліся ранейшыя хваробы.

Пытаньне здароўя — на першым месцы і адносна вязьня «Валадаркі» Зьмітра Буланава, якога таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня. Пасьля арышту ў Буланава пачалі балець суставы ног, дайшло да таго, што хлопец некалькі дзён не падымаўся з турэмнага ложка. Тыдзень таму становішча Буланава нібыта палепшала, але, як выявілася, цяпер яму зноў стала горай: з ложка хлопец зноў не падымаецца, і пры гэтым у турэмны шпіталь яго не кладуць, распавяла маці вязьня Клаўдзія Якаўлеўна:

Каб пайшоў, яму робяць уколы. Ацяклі ногі, ацяклі суставы.
«Справы дрэнныя. Ня ходзіць. Каб пайшоў, яму робяць уколы. Ацяклі ногі, ацяклі суставы. Да таго ж і дыягназ яшчэ ня вызначаны. Ён па-ранейшаму ў камэры, і меру стрыманьня зьмяніць яму не дазволілі. Я пра гэта ўжо атрымала паперу з пракуратуры — не дазволілі».

3 сакавіка Клаўдзія Буланава сустракалася зь лекарам сьледчага ізалятара. «Тая сказала, што будзе спрабаваць, каб яго перавялі хаця б у турэмны шпіталь», — кажа маці вязьня.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч перахварэў у камэры на грып, але цяпер яму лепей. Адвакат да яго ня ходзіць, бо Статкевіч адмовіўся ад кантактаў са сьледзтвам, а канфідэнцыйныя размовы з адвакатам усім абвінавачаным у справе 19 сьнежня забароненыя. З навінаў у Статкевіча тое, што цяпер палітык мае магчымасьць чытаць у турме кнігі і газэты, паведаміла Марына Адамовіч:

«Піша, што цяпер шмат чытае, у тым ліку і газэты. У прыватнасьці, згадаў „Камсамолку“. З гэтага мяркую, што раней быў інфармацыйны голад, і гэтым таксама на яго неяк спрабавалі ўзьдзейнічаць».

Ала Ўладзімераўна Саньнікава заявіла, што будзе дамагацца неадкладнага спатканьня з сынам Андрэем. Дадатковым штуршком стала заява Алеся Міхалевіча пра катаваньні вязьняў «амэрыканкі». «Я пасьля гэтага не магла ноч заснуць і падумала, што калі няма сустрэч з адвакатам, то я пайду дамагацца сустрэчы, можа, я змагу нешта высьветліць. Трэба дамагацца сустрэчы больш рашуча. Без сыстэматычнага ўзьдзеяньня гэтую сьцяну не праб’еш», — сказала Ала Саньнікава журналістам, пасьля таго як пашырыліся зьвесткі пра катаваньні ў вязьніцы КДБ.
Данік сказаў, што пакуль няма таты, ён будзе ў доме гаспадаром.


Уладзімер Халіп распавёў «Свабодзе» пра тое, як ягоная дачка Ірына, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам, адрэагавала на кветкі, якімі яе павіншавалі зь вясной калегі з БАЖу:

«Я перадаў ёй кветкі, перадаў словы, і Іру гэта вельмі ўзрадавала і ўсьцешыла. Яна была вельмі ўдзячная за тое, што пра яе не забываюцца, што падтрымліваюць, не пакідаюць у турме сам-насам з нашай магутнай уладай і аховай, паміж якімі няма мяжы. Усё гэта ператварылася для яе ў такое невялічкае сьвята, калі ў гэтых умовах можна яшчэ нешта сьвяткаваць».

Паводле Ўладзімера, сын Ірыны Халіп і Андрэя Саньнікава Данік паводзіць сябе ўсё больш па-даросламу. «Сказаў, што пакуль няма таты, ён будзе ў доме гаспадаром. Гэта выяўляецца найперш у тым, што больш слухае і дапамагае маці», — сказаў Уладзімер Халіп.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG