Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты ЭГУ выказалі салідарнасьць з Атрошчанкавым


Аляксандар Атрошчанкаў
Аляксандар Атрошчанкаў
Студэнцкае прадстаўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і моладзевая ініцыятыва "Studalliance" выказвае сваю салідарнасьць са зьняволеным з палітычных матываў студэнтам ЭГУ Аляксандрам Атрошчанкавым.

Аляксандар Атрошчанкаў вучыцца на 3 курсе Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці "Міжнароднае права" (завочнае аддзяленьне), паведамляе сайт ЭГУ.

"Мы перакананыя, што Аляксандар Атрошчанкаў быў асуджаны выключна па палітычных матывах. Ён зьяўляўся прэс-сакратаром кандыдата А. Саньнікава на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе. Прысуд 4 гадоў строгага рэжыму па надуманых абвінавачваньнях і за выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў (Аляксандар — журналіст) зьяўляецца амаральным і непрымальным" , — сказана ў заяве, падпісанай прэзыдэнтам Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Максімам Мілто і каардынатарам моладзевай ініцыятывы "StudAlliance" Кірылам Атаманчыкам.

"Не было ніводнага доказу віны Аляксандра ў так званых "масавых беспарадках". Ён не зьбіваў супрацоўнікаў правапарадку і не разьбіваў шкла ў Доме ўраду. У сілу сваіх журналісцкіх абавязкаў ён знаходзіўся ў самай гушчы падзей, але ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў не прадпрымаў (што і было відавочна ў ходзе судовага працэсу).

Відавочна, што Аляксандар Атрошчанкаў, як і іншыя палітычныя зьняволеныя, стануць прадметам гандлю беларускага рэжыму ў абмен на прэфэрэнцыі. Такога роду "сярэднявечная палітыка" абсалютна непрымальная ў 21 стагодзьдзі. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня нашага калегі і іншых палітычных зьняволеных", — сказана ў заяве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG