Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект рэзалюцыі Кангрэсу ЗША: Ануляваць чэмпіянат па хакеі 2014 у Беларусі


У Сэнат ЗША 9 сакавіка быў унесены праект рэзалюцыі па Беларусі ў сувязі зь перасьледам апазыцыі і дэмакратычных актывістаў рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Сярод спонсараў праекту знаходзяцца сэнатары Дык Дэрбін, Джозэф Лібэрман, Джон МакКэйн, Бэнджамін Кардзін.

Рэзалюцыя асуджае "нелегітымныя" і "ашуканскія" прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня 2010 ды заклікае да вызваленьня ўсіх палітвязьняў, спыненьня перасьледу апазыцыі і правядзеньня ў Беларусі новых выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.

Рэзалюцыя настойліва заклікае прэзыдэнта ЗША і дзяржсакратара ЗША каардынаваць палітыку ЗША адносна Беларусі з палітыкай Эўразьвязу; узнавіць тэхнічную і матэрыяльную падтрымку апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі; пашырыць амэрыканскі сьпіс службовых асобаў Беларусі, адказных за перасьлед апанэнтаў рэжыму пасьля 19 сьнежня 2010, і накласьці мэтанакіраваныя санкцыі на гэтыя асобы ды іх сямейнікаў; вызначыць далейшыя прадпрыемствы, якія ўзбагачаюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ды забараніць гандаль зь імі і замарозіць іх актывы.

Рэзалюцыя настойліва заклікае Эўразьвяз далучыцца да амэрыканскіх санкцыяў супраць "Белнафтахіму" ("Лякафарбы" і "Шкловалакна"); спыніць усе праекты ў адносінах да беларускіх уладаў, адказных за падаўленьне апазыцыі і парушэньні правоў чалавека, ды выключыць беларускія службовыя асобы з удзелу ў сустрэчах Усходняга партнэрства; пашырыць эўрапейскі сьпіс службовых асобаў Беларусі, адказных за перасьлед апанэнтаў рэжыму пасьля 19 сьнежня 2010, і накласьці мэтанакіраваныя санкцыі на гэтыя асобы ды іх сямейнікаў.

Рэзалюцыя заклікае ўрад Літвы, якая старшынюе ў АБСЭ ў 2011, учыніць сваім прыярытэтам вяртаньне Офіса АБСЭ ў Менск.

Рэзалюцыя таксама заклікае Міжнародную хакейную фэдэрацыю забраць у Беларусі права на арганізаваньне чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе, калі беларускія ўлады ня вызваляць усіх палітзьняволеных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG