Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльская баляда з Гусаркі


Да Клімавіччыны пад’яжджаў увечары паўз адселеныя пасьля Чарнобылю вёскі — цёмныя, бязьлюдныя, зь перакошанымі хацінамі ды забітымі аканіцамі.

Засталося іх у раёне 5, было 16. Дый што там — да 1996 году палова Клімавіч лічылася зонай адсяленьня. 29 паселішчаў, дзе радыяцыя звыш 1 кюры на квадратны мэтар, мелі да пачатку стагодзьдзя статус пацярпелых, людзі атрымлівалі — праўда, мізэрныя — так званыя «грабавыя». Восеньню мінулага году тут зрабілі наступны крок да забыцьця Чарнобылю — на 5000 га забруджаных тэрыторый быў скасаваны кантрольна-прапускны рэжым. І што важней — яны перасталі быць зонай пэрыядычнага радыяцыйнага кантролю. Тлумачыць лекар-інфэкцыяніст, экс-загадчык Клімавіцкага чарнобыльскага рэгістру асобаў, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, спадар Міхась Шпакаў.


Шпакаў: «Ад 1 да 5 кюры — гэта калі людзі аглядаюцца мэдработнікамі, падлягаюць спэцыяльнай дыспансэрызацыі, маюць ільготы дзеці пры паступленьні ў навучальныя ўстановы і пры атрыманьні інтэрнатаў…».

Карэспандэнт: «Раптам гэта зьнята, лічыцца, у эканамічных інтарэсах дзяржавы. Наколькі гэта мэдычна абгрунтавана — няўжо радыяцыя сышла і тыя кюры не засталіся?».

Шпакаў: «Канечне, пэрыяд распаду гэтых элемэнтаў — дзясяткі год. Рашэньне пра ліквідацыю — чыста палітычнае. На здароўі адаб’ецца не найлепшым чынам, таму што досьледы прафэсара Бандажэўскага паказваюць, што малыя дозы радыяцыі ўзьдзейнічаюць на арганізм больш жорстка і іх уплыў да канца не вядомы…».

У 2000-м спадар Шпакаў паказальна адмовіўся ад «чарнобыльскай» пасады.

Шпакаў: «Фармальнасьць рэгістру ў тым, што мэдагляды ўчастковыя службы ў нашых умовах ня маюць рэсурсаў праводзіць. Таму гэта рэгістрацыя статыстыкі, і ўсё. Маладыя спэцыялісты не затрымліваюцца, як правіла, больш за 2 гады. Мы ня можам зрабіць дыспансэрызацыю — не хапае рэактываў, каб досьледы праводзіць. Тым больш, афіцыйна прымаюцца рашэньні, што Чарнобылю ўсё менш і менш. І на фінансаваньні гэта адбіваецца…».


Месца вандроўкі з рэдактарам незалежнага грамадзка-палітычнага бюлетэня «Клімавіцкая інфа-панарама» Сяргеем Аржанцавым асабліва не выбіралі. Найбольшая колькасьць забруджаных зямель была «вызваленая» ля вёскі Гусараўка, што за 10 км ад Клімавічаў. Маршрутка спынілася ля сярэдняй школы — на дзіва, сьвежапафарбаванай, з мноствам забаўных драўляных фігурак на двары. Мо й заробкі адпаведныя зьнешняму ўбранству? Пытаюся ў настаўніцы пачатковых клясаў Сьвятланы Братусевай.

Братусева: «Не, мільёна не атрымліваем. У мяне катэгорыі пэдагагічнай няма — тысяч 850. Колькасьць дзяцей скарачаецца — зараз 43. Калі прыйшла 3 гады таму, было 50…».

Карэспандэнт: «А менш за 40 будзе — могуць закрыць…».

Братусева: «Чакаем, што раней-пазьней так будзе…».

Аржанцаў: «Дарэчы, я ведаю, у Гусаркаўскую школу возяць дзяцей з гарадзкіх ускраінаў — ідуць на ўсё, каб захаваць школу. Але на колькі гэтага хопіць…».

Апошнія словы Сяргей Аржанцаў сказаў мне, калі праз стары хваёвы лес падыходзілі да ўскраіны Гусаркі, дзе яна плаўна пераходзіла ў калісьці шматлюднае, кінутае жыхарамі Селішча. 73-гадовая Марыя Кірыневіч выйшла з хаты сустракаць аўталаўку. Разгаварыліся.

Кірыневіч: «Радыяцыя мо была, мо і не. Але нават лес быў жоўты. Цяпер засталося нас каля 30, мужыкоў няма, краму зачынілі гады тры. Яшчэ дзяржу двух парсюкоў, а так больш ні ў каго няма…».

Карэспандэнт: «Вы самая заможная?».

Кірыневіч: «Ой, па звычцы, божа. (Сьмяецца.) Кароў ніхто не трымае. Пэнсія — 662 тысячы. Зараз нам малако, сьмятана, масла — аўталаўка ўсё прыважваець. Сёньня прыедзе і ў пятніцу, два разы на тыдзень маршрутка…».


Недзе ззаду даклыпала з кульбачкай 75-гадовая суседка Еўдакія Ісачанка. Прыслухалася ды ўставіла сваё слоўца.

Ісачанка: «Ой, малайцы, такая мова беларуская! Жывем патрошку, а паміраць варта — нецікава нам жыць, усё хварэем і хварэем. Пасьля радыяцыі толькі тры бабы здаравейшыя, а так калекі — ногі баляць, ня дойдуць сюды па хлеб. Дзякуй, дзеці прыяжджаюць, хоць лазьню вытапяць, укол зробяць, бо ціск дужа вялікі…».

Кірыневіч: «Ніхто да нас ня стукае, машыны ўлетку бываюць па ягады, па грыбы. Ільготаў у Гусарцы 5 тысяч плацілі, цяпер няма. Каторыя тады пайшлі ў бальніцу, далі групы па інваліднасьці. А цяпер не даюць — а таблеткі дарагія такія!».

Бабулі голасна хваляць «дзеда Міколу», які штодзень самым нямоглым дапамагае па гаспадарцы. Празь які кілямэтар зайшлі ў «хібару» 67-гадовага Мікалая Кузьмянкова. Пакой зь невысокай стольлю, абадранымі сьценамі, жалезным ложкам ды раскіданым «шмацьцём». А вось і гаспадар — выглядае сапраўды «дзедам», з абветраным, рагавічным тварам — сядзіць пасярод хаты ў валёнках ды шапцы-вушанцы — чысьціць бутэлькі.


Карэспандэнт: «У аўталаўцы і бутэлькі можна здаць?».

Кузьмянкоў: «Так. На поўначы ўсё жыцьцё, прыехаў сюды пасьля перабудовы. Наконт пэнсіі зь Петразаводзку дакумэнтаў няма — там лес „траляваў“. З Надыму зараз прыйшла — 786 тысяч беларускіх…».

Карэспандэнт: «А колькі дагэтуль плацілі?».

Кузьмянкоў: «І 300 не выходзіла. Без прадуктаў ня жыў — дапамагаў пэнсіянэрам. Бульбу капаў, ваду насіў, дровы калоў. І зараз дапамагаю — кормяць і 100 грам хватаець. А зараз пэнсія больш, чым у каго…».

Карэспандэнт: «Мо ў хату нешта набудзеце?».

Кузьмянкоў: «Навошта яно ўжо трэба — вунь поўны чамадан. І так усе бягуць да мяне. Тут моладзь ёсьць, але іх дубінай трэба самых лупіць, не працуюць, горш за бамжоў, крадуць. 150 кароў было, ніводнай няма. Во Віталік-камэрсант трымае. Дапамагаю, калі прыходзіць, сена грузіць, вадой паіць…».

Віталь Суздалеў — былы «даішнік», адседзеў калісьці за злоўжываньні. Гады два таму разам з братам заснавалі ля Гусаркі фэрмэрскую гаспадарку. Вольнай травы вакол процьма, так што малако каровы даюць добра. У мінулым годзе пра іх напісалі як пра «першапраходцаў» на забруджаных тэрыторыях «Аргументы и факты». Віталь дагэтуль кляне той час.

Суздалеў: «Хлопцы, я не хачу ўздымаць лішняй шуміхі. Калісьці зьвярнулася Пракопчык, начальніца ідэалягічнага аддзелу — „Давайце здымем кіно“. Пасьля гэтага такія эксцэсы з райвыканкамам! Трэба нейкую карову купіць — 4 тысячы за кіляграм жывой вагі, а для тых, хто не ў калгасе, для нас, зрабілі 8 тысяч. Таму я не хачу гаварыць з прэсай…».

Карэспандэнт: «А ці праўда, што сельсавет сабе прыпісвае ў плян ваша малако як „сваё“?».

Суздалеў: «Купляе гаспадарка, якую лікёра-гарэлачны ўтрымлівае, сельсавет — крайні на паперы. Хадзілі да былога старшыні райвыканкаму Грышанава — „Я магу дапамагчы, каб нецель прадалі па сабекошце“. А пасьля таго як паскардзіліся ў КНК, палеткаў не далі пасьвіць. Усё, што трэба, я сабе вазьму — адключаем магнітафон!».

Вядомы нам ужо лекар Міхась Шпакаў, якому расказаў пра сытуацыю, пракамэнтаваў яе так:

Шпакаў: «У тым і праблема, што выкарыстоўваюць забруджаныя тэрыторыі для сельгасвытворчасьці. Потым гэтыя прадукты атрымліваюць самі беларусы — чыстае малако ідзе ў Расею. Гэта сьвядомая антыбеларуская палітыка, якая праводзіцца гэтым урадам і гэтым прэзыдэнтам — у прыватнасьці, у Гусарцы…».

* * *

Мой спадарожнік Сяргей Аржанцаў распавёў мне пра выпадковае знаёмства зь мясцовым, 21-гадовым Сашам Балобіным, які нядаўна вымушаны быў перабрацца працаваць зь вёскі ў Клімавічы. Дзе гандлюе лятарэйнымі квіткамі. Адметны ж тым, што ні дня не прапускае эфіраў Радыё Свабода ды тэлеканалу «Белсат». Я адшукаў хударлявага хлопца за гандлёвым столікам. Саша, хвалюючыся, але зь відавочным імпэтам, загаварыў па-беларуску.


Балобін: «Два гады таму сустрэў Сяргея, ён прыносіў мне незалежныя выданьні. Радыё Свабода, „Белсат“ — вельмі добра, што ёсьць каналы, дзе можна без цэнзуры паслухаць і пабачыць апошнія навіны…».

Карэспандэнт: «Але з чаго ўзьнікла непрыняцьце дыктатуры?».

Балобін: «Дыктатура — гэта хлусьня на ўсіх узроўнях улады, беззаконьне ў судах. У нашым раёне, калі зьвярнуцца ў райвыканкам з просьбай, — цішыня. Мой бацька мяняе пашпарт з СССР-аўскага на новы, але прапісацца ў нашым доме ня можа. Ён у 93 годзе ў спэцвойсках бараніў Ельцына, шмат езьдзіў працаваць у Расеі. У нашым пашпартным аддзеле падазраюць, што ў яго ёсьць расейскае грамадзянства — запыты нейкія робяць. І 8 год бяз пашпарту і без прапіскі. На вёсцы зарплата маленькая — вартаўнікі на фэрмах зараз атрымалі 167 рублёў, даяркі 500-600. Заканчваў ліцэй Клімавіцкі, па прафэсіі трактарыст, сьлесар. Патрэбныя людзі ў калгас, але трактарыст у зімовы пэрыяд атрымлівае 200-250 тысяч, улетку 300-350. Тут я 400-450, усё ж такі болей, чым зарабляў у калгасе, ходзячы па гнаі альбо яго адвозячы. А галасаваў я за Ўладзіміра Някляева…».

На зваротным шляху празь лес убачылі трактар, што ўкладаў сьпілаванае бярвеньне на прычэп. Кароткая размова з маладым кіроўцам пры нявыключаным маторы.


Спадар: «У лясьніцтве працую — заробак мільён пяцьсот. Гружу за дзень кубоў 30 — задаволены. Завуць Аляксандар, 23 гады…».

Размова прыгадалася на школьным двары, дзе ўжо мяне адшукаў 49-гадовы вартаўнік Мікалай Чаркасаў.

Міхась: «Я ў кацельнай палю — 400 тысяч, больш ня маю. Раз ты журналіст, скажу, чым тут займаюцца. Дырэктар — Сьцяпан Міхайлавіч, хадзіць ня можа — мае трох коней, быка, індыкоў, курэй. Усе ходзім на працу не сюды, а на яго гаспадарку. Я прыходжу — мне дровы калоць. Во пойдзем, я правяду…».

Дырэктара, Сьцяпана Вітуна, у Гусарцы ў той дзень не было. Але словы Міхася пацьвердзілі трое здаровых работнікаў рознага ўзросту, што акурат вярнуліся з таго самага ляска, дзе ўсьлед за трактарыстам нагрузілі воз зь непрыдатнымі для апрацоўкі пнямі ды кавалкамі дрэў.


Спадарства: «А гэта дровы, ці што? Мы возім, школа цёплая… Прывезьлі, рэжам самі і сваімі піламі! Райана выпісвае „дзялянку“, Міхалыч адмаўляецца — яму пералічэньне нейкае ідзе. А куды тыя грошы ідуць… Потым паціху самі нарыхтоўваем… А гэты калоць ня хоча — палка яму цяжкая…». (Сьмех.)

Памянёны Міхась правёў нас на другую ўскраіну вёскі, дзе жыве сямейства Курносавых — 69-гадовая гаваркая цётка Зінаіда ды 72-гадовы былы брыгадзір трактарнай брыгады ды, як сам кажа, «вершаплёт» — спадар Рыгор. Яго, як на канцэртах, прыходзяць вечарамі паслухаць суседзі. Гаспадары ўзгадваюць нават гісторыю вёскі.

Зінаіда: «У 1812 годзе, калі вайна з французамі, старыя кажуць, гусары ў нас стаялі…».

Карэспандэнт: «А пасьля Чарнобылю скарацілася насельніцтва?».

Рыгор: «Асабліва! Я быў супраць, каб будавалі дамы каля гораду, на партсходзе з болем у сэрцы выступаў — у нас жа фэрма, сьвіньні былі. Толькі што тут школа, сельсавет, пошта. А домікаў 10 па маёй прапанове сталі будаваць у Гусарцы — людзі і зараз жывуць…».

Зінаіда: «Дзетачкі, у нас хворыя чалавекі засталіся. Я думаю, Чарнобыль вінаваты — у лесе дужа многа сухіх дрэваў напавал, трава з жоўтым пылком — і летам не сыходзіць. І маладыя — косьці ломіць…».

Рыгор: «Зь яе ўнукамі ў футбол пагуляем — «ой, у мяне ногі баляць…».

Зінаіда: «Мы здаравейшыя былі. Колькі голаду прынялі! Я ў 7 кляс хадзіла і ня ведала, што такое смак хлеба. А тут хлебапякарня была. Кажу, дзяўчаты дарагія, пайду працаваць, каб толькі хлеба паесьці і дамоў прынесьці. З 14 год на фэрме працавала, ня бачыла сьвету белага — і ні за што, пражылі, ня дай божа. Чаго чакаць, здаецца, маладым — і булкі, і цукеркі, і пячэньне. А заробкі дрэнныя — 300—400—500, дык гэта дужа добра. Я во 500 пэнсіі — нам не хапаець, бо такія цэны, што невыносна. У краме 20–30 тысяч аддасі — есьці няма чаго! Нібы і пэнсію, заробак дабавяць па тэлевізары — яны дзесяць раз узялі ў нас! Ці дзяржава, правіцелі вінаватыя — а галасуем, мы ж ня ведаем, за каго. Во б вылучылі чэснага, справядлівага — я не хачу на Лукашэнку казаць, але нашто яго ўключылі, кажу?!».


Зінаіда ды Рыгор, тым ня менш, усё жыцьцё пражылі душа ў душу. Апошні кажа — «Жонка лаецца, а я „чарнобыльскім“ вершыкам у адказ». Сапраўды, ну як жа безь яго?

Рыгор:

«У лясу стаіць сасна,
дык да етай жа сасонцы яшчык трэба віна.
І водка, і скандалы, і гора ад ума —
у такіх умовах будуем мы дама.
Эх, віны, чорны віны — а ўсёжай мы іх п’ём!
А ня піць — пустая фраза. Ну як жа нам ня піць?!
Пакойніка, младзенца нам нада замачыць.
Ды віно прывозяць часта, водку ізрэдка.
Наконт кілбаскі-рыбкі ня відна пака.
На гэтым я сканчаю, бо ж з п’янствам у нас бой.
Но мы „бамбім“ як нада — усім горлам, усёй душой…» .

На аўтобусным прыпынку на ўсю даўжыню чорна-чырвоныя графіці і надпіс — СТАЛКЕР. Тут і дзелімся ўражаньнямі ад вандроўкі зь Сяргеем Аржанцавым.


Аржанцаў: «Гібее вёска, сьлёзы наварочваюцца. Яны разумеюць, што яны апошнія на гэтай зямлі. Трагічны сымбаль — школа, якую павінны зачыняць, а насупраць магільнік — глядзіць вокнамі на крыжы некалькіх пакаленьняў людзей, што пахаваныя там. 7 кілямэтраў ад гораду, і да чаго давялі вёску гэтыя ўлады! У нас у Клімавіцкім раёне 9 аграгарадкоў — ну і што? Паводле афіцыйных дадзеных, апошняе месца ў краіне па разьвіцьці жывёлагадоўлі, па малаку…».

Карэспандэнт: «Затое фэрмэра Віталя давялі да таго, што свае 10 кароў ня ведае, куды схаваць — спачатку ўзьнесьлі да кіно ды „Аргумэнтаў і фактаў“, а пасьля пачалі прадаваць цялят па звышкоштах…».

Аржанцаў: «Чалавек ня хоча ні з кім размаўляць — ня верыць ані ўладам, ані тым, хто, можа, яму спачувае. Рэчаіснасьць праклятая адбівае жаданьне працаваць нават у тых, хто можа рабіць…».

Карэспандэнт: «Наколькі апалітычнымі табе падаліся гусараўцы?».

Аржанцаў: «Жонка Рыгора сказала — проста ня ведае іншых. Каб яны ведалі больш пра грамадзтва, дзе жывуць, былі б больш сьвядомыя. Разумеюць, што ўшчэнт кінутыя Богам, уладамі і людзьмі. У Гусарцы няма і больш ня будзе гусараў…».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG