Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Том Стопард: “Мы не павінны разгубіцца ад гэтай жорсткасьці”


Том Стопард
Том Стопард
“Ці зьбіраемся мы дазволіць вясковаму тырану перавесьці дух пры адсутнасьці кантролю і адказнасьці?” – ставіць пытаньне брытанскі драматург Том Стопард у прысьвечаным сытуацыі ў Беларусі артыкуле, што друкуе сёньня брытанская газэта “The Independent”. Далей – пераклад артыкулу.

Ці беларускія падзеі важныя? Будзьце асьцярожныя, адказваючы на гэтае пытаньне. Беларускія падзеі нялёгка фіксуюцца на плёнку, яны непадатлівыя для тэлевізіі. У любым разе сам факт карумпаванай і помсьлівай аўтакратыі – не навіна ў гэтым грэшным сьвеце.

Так што вам можна дараваць пытаньне: ці ж няма наўкол важнейшых падзеяў для занепакоенасьці, чым злачынствы Аляксандра Лукашэнкі і яго грамілаў – на фоне таго маштабнага гвалту, што чыняць, помсьцячы, аўтакратычныя рэжымы ў Паўночнай Афрыцы і Пэрсыдзкай затоцы?

Гэта няправільнае пытаньне.

Лепш спытацца: ці зьбіраемся мы дазволіць вясковаму тырану перавесьці дух пры адсутнасьці кантролю і адказнасьці з той прычыны, што на гэты момант нашу ўвагу забралі больш маштабныя, гучныя, больш сэнсацыйныя і лягчэйшыя для фіксацыі камэраю навіны зь іншых месцаў?

“Прэзыдэнт” Лукашэнка сфальшаваў сваё абраньне, а цяпер заняты фальшаваньнем працэсаў над апазыцыйнымі кандыдатамі, што адважыліся выступіць супраць яго.
Мая зацікаўленасьць ува ўсім гэтым не безасабовая.
Кандыдаты былі сярод сотняў арыштаваных. Больш як 30 чалавек трымаюць у цэлях КДБ у Менску. Іншых – пад хатнім арыштам і строгаю вартай. Сытуацыя набывае форму прававога злачынства.

Мая зацікаўленасьць ува ўсім гэтым не безасабовая. З адным з кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым мы пасябравалі пасьля таго, як пазнаёміліся ў Менску некалькі гадоў назад. Таксама, як і зь яго жонкаю Ірынай. (Абое былі затрыманыя, абвінавачаныя і ўзятыя пад варту.)

Я таксама сустракаўся з Уладзімерам Някляевым – яшчэ адным кандыдатам. Моцна зьбіты, арыштаваны, ён, беларускі паэт, чакае суду пад хатнім арыштам.

Не было патрэбы ні ў чым з названага. Лукашэнка трымае гэтую краіну пад замком ня менш як тузін гадоў – з таго дужа цёмнага часу, калі некалькі зь яго найбольш дзейных апанэнтаў зьніклі пры крывавых абставінах. Леташнім сьнежнем ён ізноў дапяў свайго – абсалютнай бальшыні галасоў, і – трэба пра гэта сказаць – для шмат каго з старэйшых выбарцаў, перадусім для вайсковых вэтэранаў, ён застаецца аб’ектам нацыянальнай гордасьці і гарантам дыктатарскай стабільнасьці.

Калі прыблізна 10 тысяч людзей сабраліся ў нядзелю пасьля выбараў на мірную дэманстрацыю, дыпляматы, прыехаўшы на месца падзеяў, вырашылі, што падстаў для трывогі няма, і вярнуліся ў свае пасольствы.
Беларусь гнаіцца, што пухір, на мапе пачцівай і разважлівай Эўропы.
Пазьней новыя тысячы грамадзянаў, што трымаліся былі перад тым убаку, прыйшлі да той самай высновы. Бліжэй да ночы грамада патроілася. І менавіта тады войска накінулася на сабраных з ашаламляльнаю жорсткасьцю.

Як выглядае з рэтраспэктывы, Лукашэнка загадзя пастанавіў пайсьці на канфрантацыю – пра гэта сьведчаць некалькі прэвэнтыўных нападаў на паасобных людзей. Ствараецца ўражаньне, што іншадумства, якое ён мог успрымаць як раздражняльнік, стала абразаю яго вялікасьці.

І вось цяпер Беларусь гнаіцца, што пухір, на мапе пачцівай і разважлівай Эўропы.

Што ж рабіць?

Пачнем з таго, што ў лябірынце эўрапейскіх абрэвіятураў ёсьць такая АБСЭ – Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. Яна мае права ініцыяваць, галасуючы, працэдуру пад назваю “Маскоўскі мэханізм”. Пры дапамозе такой працэдуры, на дзіва, АБСЭ можа змусіць любую эўрапейскую краіну прыняць экспэртаў для вывучэньня процізаконных дзеяньняў. Маскоўскі мэханізм практыкуецца рэдка, але здаецца, што Беларусь – адпаведны выпадак, каб скарыстаць яго.

Другое і больш пікантнае – гэта падача ў цывільным судзе прыватнага пазову асабіста супраць Лукашэнкі. Ёсьць група юрыстаў, якія на працягу апошніх тыдняў вывучалі магчымасьць такога пазову. Выглядала, што гэты ход мае мала шанцаў на посьпех (бо ёсьць пытаньні нацыянальнага сувэрэнітэту), але на мінулым тыдні ў справе зьявіўся новы чыньнік: катаваньні.

Кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, арыштаваны, абвінавачаны, а тады выпушчаны з КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе, публічна разарваў дамову аб маўчаньні і апісаў, як зь ім абыходзіліся ў КДБ – у прыватнасьці пра тое, як разьдзявалі дагала і трымалі на дварэ пры мінусавай тэмпэратуры.

Паводле аднаго з адвакатаў, “катаваньні – чыньнік, што зьмяняе правілы гульні”. Эўрапейскім міністрам замежных спраў, здаецца, таксама трэба зьмяніць правілы гульні. Ці надышоў момант для дзеяньняў, якія адпавядалі б словам міністраў?


Том Стопард – адзін з заснавальнікаў кампаніі Free Belarus Now. Кампанія мае намер дамагацца ацэнкі дзеяньняў беларускай улады міжнароднымі інстанцыямі, такімі як ААН і міжнародныя суды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG