Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў: “Заслугі Гарбачова бясспрэчныя, як бясспрэчныя і хібы ягонай перабудовы”


Міхаіл Гарбачоў перад сваім бюстам. Бэрлін, лістапад 2009 г.
Міхаіл Гарбачоў перад сваім бюстам. Бэрлін, лістапад 2009 г.
Калі ў 1985 годзе Міхаіл Гарбачоў заняў пасаду генэральнага сакратара ЦК КПСС, ён быў больш як на дваццаць гадоў маладзейшы за свайго папярэдніка Чарненку. Гэта быў час, калі на чале Савецкага Саюзу былі асобы, чыя палітычная кар’ера фармавалася яшчэ за Сталіным. Прыход новага лідэра з надзеяй успрыняла як партыйная эліта, так і народ.

Зь перадачы «Ці спрычыніўся Міхаіл Гарбачоў да аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці?». Эфір -- сакавік 2001 г.

Да Беларусі ў Міхаіла Гарбачова было асаблівае стаўленьне.
Васіль Быкаў:
"Да Беларусі ў Міхаіла Гарбачова было асаблівае стаўленьне. Яно пачалося з чарнобыльскай катастрофы ды імкненьня беларускага кіраўніцтва «замазаць» перад сьветам наступствы тае бяды. Памятаю, як незабыўны Алесь Адамовіч паехаў у Маскву давесьці Гарбачову праўду пра тое, што сапраўды здарылася ў Беларусі, пятая частка якой апынулася пад радыенуклідамі. Вядома ж, пра тое яму не дакладвалі ні навукоўцы, ні беларускае кіраўніцтва, якое поўнілася аптымізмам кшталту таго, што «савецкаму чалавеку атам нястрашны». У бясьпецы атаму ўсё ж давялося ўсумніцца генсэку Гарбачову і пераканаць у тым беларускіх гаўляйтэраў, якія ўзьненавідзелі разам з Гарбачовым таксама і Адамовіча. Першага — за тое, што парушыў партыйную субардынацыю і паверыў беспартыйнаму, а другога — за тое, што выскачыў наперад тагачаснага беларускага «бацькі» Яфрэма Сакалова".

На мяжы 1980–90-х гадоў Яфрэм Сакалоў быў першым сакратаром ЦК КПБ і фактычным кіраўніком БССР. У 1988 годзе, калі артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці» распачаў працэс нацыянальнага абуджэньня, калі ўтварыўся Народны Фронт, а мітынг на Дзяды ля менскіх Усходніх могілак быў разагнаны міліцэйскімі дубінкамі, кіраўніцтва ЦК КПБ пастанавіла захаваць Беларусь як запаведнік сацыялізму і вельмі спадзявалася ў гэтым на падтрымку генэральнага сакратара.

Прыгадвае Васіль Быкаў:

Васіль Быкаў: "Другі раз Міхаіл Гарбачоў заступіўся за зьняважаны і абылганы беларускі народ, калі Міхаіл Гарбачоў на нарадзе з творчай інтэлігенцыяй у ЦК КПСС запатрабаваў распавесьці, што на справе адбылося ў Менску на славутыя Дзяды? Яго паінфармавалі беларускія босы, што была спроба антыдзяржаўнага перавароту, наладжанага Беларускім Народным Фронтам, і тая спроба была пасьпяхова сарваная аб’яднанымі высілкамі КГБ, МУС, частак савецкай арміі пад кіраўніцтвам ЦК. Выслухаўшы мой аповед, Гарбачоў выказаў недавер і зьдзіўленьне пазыцыяй Яфрэма Сакалова, які ўжо рыхтаваўся атрымаць чарговую зорку «Героя» за надта пасьпяховую апэрацыю падаўленьня прошукаў нацыяналістаў і ЦРУ.

Ён, у прынцыпе, падтрымліваў беларускую дэмакратыю супраць жорсткага рэакцыйнага дубаломнага партыйнага кіраўніцтва Беларусі.
Мабыць, тут дарэчы будзе ўспомніць, што менавіта Міхаіл Гарбачоў тады ж вельмі ўважліва і спачувальна выслухаў другога беспартыйнага — выдатнага расейскага пісьменьніка Віктара Астаф’ева, прамова якога была прасякнутая абурэньнем супраць беларускага кіраўніцтва ў ягоным стаўленьні да свайго народу. У нарадзе ўдзельнічала, можна сказаць, усё Палітбюро, зь беларускім кіраўніцтвам таксама. Але рэч у тым, што яны
ўсе сядзелі і стваралі як бы маўклівы фон Гарбачову, Гарбачоў адзін толькі трымаў дыялёг зь пісьменьнікамі і мастакамі, а ўсе астатнія маўчалі. Пасьля ў мяне было яшчэ некалькі сустрэчаў і канфідэнцыйных гутарак з Гарбачовым на гэтую ж тэму. Гутарак, дзе ён, у прынцыпе, падтрымліваў беларускую дэмакратыю супраць жорсткага рэакцыйнага дубаломнага партыйнага кіраўніцтва Беларусі".

Той давер, які мелі ў Гарбачова Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, нэрваваў менскую партыйную эліту і прымушаў яе шукаць падтрымкі ў кансэрватыўных асобаў, якіх у гарбачоўскім Палітбюро хапала.

ВасільБыкаў: "Калі на зьезьдзе народных дэпутатаў СССР ствараўся Вярхоўны Савет, якраз ад Беларусі выбралі мяне таксама ў гэты Вярхоўны Савет, але я на першым жа паседжаньні старэйшынаў зрабіў самаадвод, і тады на перапынку да мяне падышоў Гарбачоў і пытаўся, чаму я не хачу быць дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. Таксама зайшла гаворка пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Але, на жаль, у гэтым антракце не давялося нам паразмаўляць, бо адразу насунуліся на нас чужыя непатрэбныя вушы, і ён спыніў сваю размову. Хаця гэтая гутарка, я думаю, была б вельмі карысная і для яго, і для мяне таксама".

Васіль Быкаў прыгадаў пра падтрымку Гарбачовым дэмакратычнага працэсу ў Беларусі. Аднак наўрад ці генэральны сакратар ЦК і прэзыдэнт СССР мог пагадзіцца з тым, што дэмакратыя гэтая будзе стымуляваць сувэрэнізацыю самай, здавалася б, прарасейскай савецкай рэспублікі.

Станіслаў Шушкевіч, які як старшыня Вярхоўнага Савету навастворанай Рэспублікі Беларусь падпісаў гістарычныя Белавескія пагадненьні, мае адказ на пытаньне: дзякуючы ці насуперак жаданьню Гарбачова Беларусь атрымала незалежнасьць.

Ён пасьля вельмі шкадаваў, што Савецкі Саюз разваліўся.
Станіслаў Шушкевіч:
"Я мяркую, што катэгарычна насуперак! Ён пасьля вельмі шкадаваў, што Савецкі Саюз разваліўся. Хаця разваліў, у значнай ступені, яго ён, таму што ён фактычна нічога не рабіў, каб існавала такая дзяржава на новых прынцыпах аб’яднаньня — на новых, на дэмакратычных. А ён хацеў зрабіць «сацыялізм з чалавечым тварам», як ён тады казаў, гэта замяніць сабой Палітбюро і праводзіць нейкую больш лагодную палітыку. А дэмакратыя — гэта зусім ня тое, там трэба ўлічваць іншыя думкі, іншыя падыходы".

Міхаіл Гарбачоў і цяпер часта выказвае настальгію па Савецкім Саюзе. Псыхалягічна і палітычна зразумела, чаму былы прэзыдэнт СССР падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку менавіта як прыхільніка інтэграцыі. Цяжэй патлумачыць, чаму ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру падтрымлівае дыктатара, які апазыцыю судзіць, кідае ў турмы і запалохвае.

На Захадзе Горбі мае аўтарытэт і папулярнасьць, зь якой могуць канкураваць хіба толькі галівудзкія зоркі. Апошні раз я бачыў М.Гарбачова ў Нью-Ёрку, у першы год эміграцыі — на Пятай авэню ў кнігарні «Barnes & Noble» ён падпісваў толькі што выдадзеную кнігу мэмуараў. Чарга за аўтографам расьцягнулася на пяць кварталаў.

Васіль Быкаў:
"Ён разумеў творчасьць і палітычную пазыцыю Алеся Адамовіча, асабліва ў ягоным змаганьні супраць ядзернага шаленства, ды рэальнай ужо на той час пагрозы мілітарызацыі партыі і краіны. Памятаю, як з трыбуны зьезду народных дэпутатаў Алесь паказваў на небясьпеку з боку савецкага генэралітэту, які ўсё шчыльней акружаў свайго прэзыдэнта і рабіў тое з даволі празрыстымі мэтамі. Ня ведаю, ці паслухаўся тады Гарбачоў Адамовіча, але папярэджаньне апошняга вельмі хутка спраўдзілася. Фарос стаў закатам гарбачоўскай эпохі, якая спарадзіла вялікія спадзяваньні, хоць і ня шмат спраўдзіла зь іх.

Тым ня менш, заслугі Міхаіла Гарбачова бясспрэчныя, як, зрэшты, бясспрэчныя і хібы ягонай перабудовы.

Міхаіл Гарбачоў — чалавек Захаду, гэта значыць — будучыні.
На дэмакратычным Захадзе Гарбачова любяць нязьмерна больш, чым на постсавецкім Усходзе. І гэта зразумела. Там наступствы гарбачоўскай палітыкі выніковыя і адназначныя. Міхаіл Гарбачоў — чалавек Захаду, гэта значыць — будучыні. Хоць, як гэта нярэдка здараецца ў гісторыі, ягоная дзейнасьць ужо цалкам адышла ў мінулае. Што ж, мабыць, ён не пасьпеў за часам, даганяць які дадзена ягоным наступнікам, якія павінныя быць шчасьлівейшыя, а галоўнае — болей удачлівыя за свайго ініцыятыўнага папярэдніка".

Можна шмат казаць пра тое, якіх магчымасьцяў не скарыстаў Гарбачоў. Паспрабуем уявіць, што прыйшоўшы да ўлады ў 1985 годзе, Гарбачоў пажадаў бы абмежавацца мінімальнымі зьменамі. Да паслугаў генсэка былі апарат КГБ і адно з самых магутных войскаў сьвету. Магчыма, савецкая імпэрыя існавала б да гэтага часу, падобная на сучасны Кітай, дзе эканамічныя рэформы не скасавалі камуністычнай ідэалёгіі, а партыйныя ідэолягі зацьвярджаюць Далай-ламаў на пасаду ў Тыбэце, дзе забароненае само слова «сувэрэнітэт».

У гісторыі ХХ стагодзьдзя Міхаіл Гарбачоў застаецца тым, кім ён і быў: адданым камуністычнай ідэалёгіі партыйным функцыянэрам, які здолеў узьняцца на вяршыню таталітарнай улады, і рэфарматарам, пры якім гэты таталітарызм сканаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG