Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніл Джарман: Ацэнка падзей 19 сьнежна будзе гатовая да лета


Ніл Джарман
Ніл Джарман
Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі прызначыў адмысловым дакладчыкам па падзеях 19 сьнежня 2010 году ў Менску Ніла Джармана, дырэктара Інстытуту па вырашэньні канфліктаў у Бэлфасьце. Ніл Джарман распавёў Свабодзе, як бачыць сваю дзейнасьць на гэтай пасадзе.

Максімюк: Спадар Джарман, чым вы будзеце займацца як дакладчык у справе пасьлявыбарчага пратэсту ў Менску?

Джарман:
Праца дакладчыка заключаецца ў ацэнцы падзей у Менску 19 сьнежня 2010 году з пэрспэктывы правоў чалавека. Дакладчык павінен разглядзець тое, што там адбылося, як паводзілі сябе ўдзельнікі дэманстрацыі, і як дзяржава адрэагавала на яе.

Максімюк: З кім вы маеце намер сустрэцца і пагаварыць у сувязі з вашым расьсьледаваньнем?

Джарман: На гэтым пачатковым этапе мая праца засяроджваецца на пераглядзе і вывучэньні дакумэнтацыі, сабранай праваабарончымі групамі. Гэта толькі пачатак працэсу. Пасьля мы вырашым, з кім нам трэба будзе сустракацца і гаварыць.

Максімюк: Ці маеце вы намер паехаць у Беларусь у сувязі з вашым расьсьледаваньнем?

Джарман: Цяпер у мяне няма плянаў ехаць у Беларусь, але я маю надзею выбрацца туды на пазьнейшым этапе расьсьледаваньня.

Максімюк:
Як вы думаеце, як паставіцца афіцыйны Менск да вашага расьсьледаваньня? Ці ня думаеце, што ў вас могуць узьнікнуць праблемы з атрыманьнем беларускай візы?

Джарман: Такое можа быць. Пакуль што ў мяне не было кантактаў зь беларускім урадам.

Максімюк:
Ці вы займаліся Беларусьсю раней, як экспэрт АБСЭ?

Джарман:
Канкрэтна Беларусьсю мы не займаліся, але ў мяне, у якасьці ўдзельніка групы АБСЭ па свабодзе сходаў, была праца па Малдове, Казахстане, Армэніі, Грузіі. У мінулым я таксама браў удзел у дыялёгу зь беларускімі актывістамі ў Літве.

Максімюк:
Калі можна чакаць вашага дакладу пра пасьлявыбарчы пратэст у Менску?

Джарман:
У нас няма выразна вызначанага тэрміну. Я спадзяюся, што праца над маім дакладам закончыцца да лета.

Ніл Джарман – незалежны міжнародны экспэрт, кіраўнік Інстытуту па вывучэньні канфліктаў (Вялікабрытанія), кіраўнік групы экспэртаў АБСЭ па свабодзе мірных сходаў. Пры ім таксама будзе працаваць група экспэртаў з краін АБСЭ па праблематыцы свабоды сходаў і мерах паліцэйскага рэагаваньня, якую ўзначаліць Майкл Гамільтан — калега Джармана, прафэсар Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту.

Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі – асамблея недзяржаўных праваабарончых арганізацый з краін-сябраў АБСЭ, якая была ўтвораная ў студзені сёлета ў сувязі з падзеямі 19 сьнежна 2010 году ў Менску і іх наступствамі. Камітэт не зьяўляецца афіцыйным прадстаўніцтвам АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG