На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітоляг Юры Чавусаў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.
«Міністры прычапіліся да кіраўніцтва Беларусі не таму, што ў нас тут недахоп дэмакратыі, а таму, што ў гэтых міністраў няправільная арыентацыя».
Цыганкоў: Сваімі заявамі Лукашэнка працягнуў тую лінію, якую ён разьвівае ў адносінах з Захадам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў — лінію на канфлікт, на пагаршэньне адносінаў. «Пляваць я хацеў на ўсе іх камэнтары. Гэта злыя і непрыстойныя людзі. Зь імі нельга ні размаўляць, ні выбудоўваць адносіны, — сказаў Аляксандар Лукашэнка, маючы на ўвазе крытычную рэакцыю Захаду на першы прысуд удзельніку Плошчы.
Што азначаюць гэтыя заявы? Ці спальвае беларускі кіраўнік усе масты ў адносінах з Захадам, ці проста падымае стаўкі ў будучым палітычным гандлі з Эўропай? Наколькі рызыкоўная такая палітыка?
Класкоўскі: Калі Лукашэнка кажа «напляваць», гэта дакладна азначае адваротнае. Кіраўнік дзяржавы доўга адсутнічаў на публіцы, і зараз трэба насельніцтву паказаць, што ён не перад кім гнуцца не зьбіраецца, што ніхто «нас не нахіліць».
Калі Лукашэнка кажа «напляваць», гэта дакладна азначае адваротнае.
Дарэчы, менавіта таму былі абрана пэрсона Парфянкова, з судзімасьцю, каб трошкі зьвязаць рукі Захаду ў гэтым сэнсе. Менск прамацвае глебу і сочыць, як Захад будзе рэагаваць.
Цыганкоў: Ці можа сказаць, што сваімі рэзкімі словамі пра гомасэксуальныя меншасьці Лукашэнка працуе менавіта на беларускі электарат? Ці азначае, што цяпер унутраная палітыка, падтрымка электарату любой цаной яму важней за тыя страты ў замежнай палітыцы, якія атрымліваюцца ў выніку такіх заяваў?
Класкоўскі: Безумоўна. Бо беларускае кіраўніцтва было напалохана ростам палітычнай актыўнасьці беларусаў, і зараз галоўная задача — загнаць джына назад у бутэльку, павысіць узровень страху ў грамадзтве. А акрамя таго, трэба тлумачыць народу, што Захад вераломны і падступны. А яшчэ лепей — перавесьці стрэлкі.
Калі падымаецца тэма сэксуальнай арыентацыі, то гэта дзейнічае на тую частку грамадзтва, у якой мала дакладнай інфармацыі пра патрабаваньні Эўропы і высокі ўзровень гамафобіі. Гэтым людзям уводзіцца ў мазгі, што асобныя міністры прычапіліся да кіраўніцтва Беларусі не таму, што ў нас тут недахоп дэмакратыі, а таму, што ў гэтых міністраў няправільная арыентацыя.
Гэта грубы, недыпляматычны прыём, але ён працуе ва ўмовах нізкай палітычнай культуры грамадзтва.
«Да гонару заходніх палітыкаў у ацэнцы прысуду Парфянкову былі вельмі дакладна расстаўленыя акцэнты»
Цыганкоў: Ці можна сказаць, што Лукашэнка рыхтуецца да даволі доўгай халоднай вайны у адносінах з Захадам?
Чавусаў: Натуральна, што адрасатам гэтых выказваньняў Лукашэнкі ёсьць беларускія выбаршчыкі. Калі гандаль адносна палітвязьняў, узаемных саступак сапраўды пачнецца, то ён будзе весьціся не публічнымі выказваньнямі, а кулюарна, праз тых пэрсонаў, які фактычна самім Захадам прызначаныя ў якасьці перамоўшчыкаў (гэта тыя, хто ня траіў у сьпіс невыязных).
Што да крытыкі на адрас заходніх палітыкаў, якія выказалі абурэньне першым прысудам, то тут мы бачым яшчэ не гандаль, а расстаноўку пазыцыі бакоў напярэдадні перамоўнага працэсу. Менск будзе казаць — «мы трактуем гэтых асобаў як крымінальных злачынцаў, якія ажыцьцяўлялі масавыя беспарадкі. Вы, Захад, трактуеце іх няслушна».
Я думаю, што беларускія кіраўнікі былі непрыемна зьдзіўленыя рэзкай рэакцыяй адносна прысуду спадара Парфянкова.
Такім чынам, нас чакае даволі працяглы пэрыяд узаемных абвінавачваньняў, якія зьменяцца з цягам часу ўзаемнымі саступкамі. Але саступкі будуць адбывацца па выніках кулюарных перамоваў.
Я думаю, што беларускія кіраўнікі былі непрыемна зьдзіўленыя рэзкай рэакцыяй адносна прысуду спадара Парфянкова. Выглядае, яны чакалі больш мяккую рэакцыю, бо гэта не кандыдат у прэзыдэнты, не кіраўнік штабу, а звычайны актывіст зь нібыта радыкальным мінулым. Але да гонару заходніх палітыкаў тут былі вельмі дакладна расстаўленыя акцэнты, што гэта прысуд палітычны, Парфянкоў ёсьць палітычным зьняволеным. Цяпер беларускаму рэжыму больш складана будзе накідаць таўро злачынцаў на палітычных дзеячоў.
«Зьяўленьне сілы, якая магла б разбурыць чорна-белую карціну, магло б стаць спадзевам для беларускага грамадзтва»
Цыганкоў: Падчас адказваў на пытаньні журналістаў Лукашэнка таксама выказаўся пра апазыцыю. Тут прагучала два тэзісы. Па-першае, Лукашэнка імкнецца укараніць у сьвядомасьці беларусаў фармулёўку — «апазыцыя — гэта вайна».
Другі тэзіс Лукашэнкі — пра магчымасьць зьяўленьня канструктыўнай апазыцыі. «Хоча апазыцыя канструктыўная зьявіцца — хай зьяўляецца. Я хачу, каб у нашай краіне людзі не толькі на кухнях шапталіся і нешта абмяркоўвалі, я хачу, каб людзі, як сапраўдныя беларусы, прыстойныя, абмяркоўвалі праблемы», — сказаў Лукашэнка
Ці будзе ўлада ствараць кішэнную апазыцыю? Ці выберуць кагосьці з існуючых рухаў ці будуць ствараць новы? Ці ўлада пусьціць гэта на самацёк?
Класкоўскі: Адназначна — на самацёк улада гэта ня пусьціць. Гэта будзе кіраваны працэс. Бліжэй недзе да парлямэнцкіх выбараў 2012 году гэтае пытаньне актуалізуецца. Раней Лідзія Ярмошына ўжо казала, што, магчыма, тыя выбары пройдуць па партыйных сьпісах.
Натуральна, ёсьць ужо гатовы праект, так бы мовіць «прадукт глыбокай замарозкі», арганізацыя «Белая Русь», якую вельмі проста разгарнуць у партыю. Гэтага будзе мала, і таму, я думаю, узьнікне шэраг такіх кіраваных партыяў.
Ёсьць ужо гатовы праект, так бы мовіць «прадукт глыбокай замарозкі», арганізацыя «Белая Русь».
Цыганкоў: Падчас онлайну на нашым сайце былы кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі сказаў, што ён хацеў бы аб’ядноўвацца, але цяжка аб’ядноўвацца з тымі, хто не змагаецца з рэжымам, а дапамагае яму. Ці будзе разьвівацца гэты падзел у беларускай апазыцыі?
Чавусаў: Падзел у беларускім грамадзтве на чорнае і белае, тых, хто за Лукашэнку, і хто супраць — гэта тое, што транслюецца разам, супольна, як лідэрамі апазыцыі, так і кіроўным рэжымам. Але гэта вельмі выгадна рэжыму — максымальна ўзмацніць барыкаду, якая падзяляе беларускае грамадзтва, максымальна спрасьціць карціну.
Калі ты кажаш пра магчымасьць дыялёгу, значыць ты такі самы як Лукашэнка. Застаецца толькі бескампраміснае змаганьне, радыкальныя мэтады барацьбы. На дзіва, тут асобныя лідэры апазыцыі і Лукашэнка адзін аднаго дапаўняюць.
Насамрэч, карціна ў беларускім грамадзтве іншая, больш складаная. Зьвярніце ўвагу на камэнтары звычайных удзельнікаў Плошчы 19 сьнежня. Многія зь іх казалі, што не ўпадабалі ніводнага кандыдата, але яны за альтэрнатыву — негвалтоўную і памяркоўную.
Мне ўяўляецца, што зьяўленьне нейкай сілы, якая магла б разбурыць гэтую чорна-белую карціну, магло б стаць спадзевам для беларускага грамадзтва. У адваротным выпадку, у межах гэтай дыхатаміі «улада-апазыцыя» нас чакае яшчэ шмат выбарчых цыкляў паводле ўзору— «барацьба, рэпрэсіі, перамовы з Захадам і зноў змаганьне».