Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пакараньне нясуць і родныя зьняволеных


Праваабаронцы зь Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека разам зь беларускім Цэнтрам прававой трансфармацыі дасьледавалі прыкладна дзьве сотні анкетаў людзей, затрыманых падчас акцыі 19 сьнежня ў Менску. І прыйшлі да высновы, што зьдзек, зьнявага і іншыя формы жорсткасьці з боку ўладаў назіраліся ў дачыненьні ня толькі да арыштаваных, але і да іхніх сем’яў. Напрыклад, затрыманым, пра якіх цягам некалькіх дзён нічога ня ведалі дома, забаранялася інфармаваць блізкіх, дзе яны знаходзяцца.

Як мяркуюць адмыслоўцы, разам са зьняволенымі, прычым ня толькі палітычнымі, пакараньне ў Беларусі фактычна нясуць і іх родныя — бацькі, жонкі, мужы, браты, сёстры. Амаль усе яны, асабліва старэйшыя, у той ці іншай ступені перажываюць дэпрэсію, псыхічную нестабільнасьць, а нярэдка і абвастрэньне хранічных захворваньняў.

Дэпрэсія адыходзіць, калі пачынаеш падтрымліваць іншага


Як кажа афіцыйная беларуская статыстыка, паводле колькасьці
Пашырана думка, што арыштаваных і асуджаных так шмат не таму, што законы жорсткія, а таму, што людзі дрэнна выхаваныя і імкнуцца да лёгкай нажывы.
зьняволеных на 100 тысяч чалавек краіна займае адно зь вядучых месяцаў у Эўропе і сьвеце. Наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны — пакараньне адбываў або сам чалавек, або яго сваякі. Такі рэкордны ўзровень яскрава ілюструюць вялікія чэргі, якія штодня можна бачыць ля сьледчых ізалятараў краіны.

...У 50-гадовай архітэктаркі Галіны, якая прыйшла на Валадарку, у СІЗА сядзіць 20-гадовая дачка Оля. Дзяўчыну пасадзілі за хаваньне наркотыкаў. У яе сумцы знайшлі "траву". Дзяўчынка не была ані "кончанай" наркаманкай, ані тым больш наркагандляркай, кажа маці. Калі б у Галіны былі грошы, яна магла б купіць свабоду для дачкі. Ва ўсялякім разе, ёй на гэта намякалі.

Арышт Олі і першы час пасьля яго жанчына параўноўвае з суцэльным абвалам. Бацька дзяўчынкі, у якога цяпер новая сям’я, параіў Галіне больш не зьвяртацца да яго. Натуральнае жаданьне маці аблегчыць лёс дзіцяці ад самага пачатку ўпіралася ў шматлікія перашкоды, абразы, прыніжэньні. Гэта доўгія і часта беспасьпяховыя паходы па розных кабінэтах дзеля таго, каб перадаць Олі самае неабходнае, у тым ліку мэдыкамэнты. Гэта фінансавыя праблемы, калі трэба было аплачваць адвакацкія паслугі. Гэта цікаўныя позіркі суседзяў, калегаў. Гэта раптоўнае ахаладжэньне стасункаў з сваякамі і колішнімі сябрамі. Бо сярод большай часткі грамадзтва, тлумачаць сытуацыю экспэрты НІСЭПД, пашырана думка, што арыштаваных і асуджаных так шмат не таму, што законы жорсткія, а таму, што людзі дрэнна выхаваныя і імкнуцца да лёгкай нажывы.

Галіна: "Тут у чэргах я пазнаёмілася з рознымі маці і жонкамі. Як мне здаецца, 90% пакут у такой сытуацыі звычайна прыпадае на жанчыну. Спачатку, як і ў многіх, у мяне былі і сьлёзы, і адчай. Наваліліся самыя розныя хваробы. Але калі ты разумееш, што твая падтрымка
Гэта тыя абставіны жыцьця, да якіх трэба паставіцца па-філязофску. Галоўнае, не паказваць ім нашы пакуты.
неабходная яшчэ камусьці, ты вяртаесься да жыцьця, пачынаеш змагацца, у цябе зьяўляецца імунітэт да ўсяго. Маёй дачцэ толькі зьбіраюцца вынесьці прысуд. І гэта зусім ня значыць, што яе трэба караць да суду ўмовамі ўтрыманьня ў СІЗА, пазбаўляць яе права на мэдычную дапамогу, калі яна цяжка хварэе. Я пісала лісты, хадзіла на прыёмы, дамагалася. Спачатку мяне футболілі тут, на Валадарцы. Локцямі таўхалі, аднак я пачала гэтыя локці адштурхоўваць. Я пачала дамагацца тых правоў, якія існуюць фармальна. Зразумела, не ўва ўсіх гэта атрымліваецца. Хтосьці ня можа, хтосьці здаўся і пакутуе, а хтосьці ня ведае як. Але, хто хоча навучыцца, той навучыцца".

Дадатковыя сілы здабыла дзякуючы бацькам палітычных


Галіна кажа, што сярод яе новых знаёмых ёсьць і сваякі так званых "палітычных". Гэтыя людзі далі ёй нямала карысных парадаў і, галоўнае, далі адчуць, што чалавек, якія аднойчы спатыкнуўся, ня можа на ўсё жыцьцё заставацца ізгоем.

"Зь іх дзяцей, якія пайшлі на ўсё сьвядома, ня проста "пабузіць", вырастуць сапраўдныя змагары, квінтэсэнцыя грамадзтва. Калі чалавек не прайшоў праз гарніла пакут — гэта , магчыма, гучыць неяк патасна, — ён нічога так і не зразумее", кажа жанчына.

Не дачакаецеся!


Паводле Тацьцяны Севярынец, маці грамадзкага і палітычнага дзеяча Паўла Севярынца, які цяпер утрымліваецца ў СІЗА КДБ, шматгадовыя катаваньні яе сына, з усімі турмамі, "хіміяй", зразумела ж, не дадалі ёй здароўя. Аднак жанчына кажа: "Не дачакаецеся!"
Моц духу, форма, вытрымка гэтага старэйшага і такога загартаванага пакаленьня выклікае захаплень.
Апошнім часам яе сталы маршрут — Віцебск — Менск — Віцебск. Той факт, што дадому нарэшце пачалі даходзіць лісты ад сына, яна зьвязвае са шматлікімі скаргамі, якія пісала і заносіла ў самыя розныя інстанцыі.

Севярынец
: "Самае галоўнае ў гэтых умовах, што мне хацелася б данесьці, бо я сустракаюся зь некаторымі роднымі, гэта: каб не паказваць нашы пакуты на тыя вочы. Па-другое, гэта наша жыцьцё, тыя абставіны, зь якімі ня тое што трэба зьмірыцца, бо зьмірыцца з гэтым нельга, а да якіх трэба паставіцца па-філязофску. Гэта пройдзе. Трэба верыць у лепшую будучыню, сьмяяцца зь іх. Вось гэта я раблю часьцяком. Яны думаюць, што яны зьдзекуюцца з нас, прыніжаюць нас, спрабуючы даставіць нам дыскамфорт рознага кшталту — фізычны, псыхалягічны. Аднак наш дух мацнейшы. У такой сытуацыі мы знаходзім сілы падтрымліваць ня толькі сваіх родных, але і іншых".

Дапамагае тое, што мы разам


"Нам дапамагае тое, што мы трымаемся разам", кажа жонка вязьня СІЗА КДБ Зьмітра Бандарэнкі і адна з актывістак грамадзянскай ініцыятывы "Вызваленьне" Вольга Бандарэнка. У ініцыятыву ўвайшлі сваякі новых беларускіх палітвязьняў, экс-кандыдатаў на прэзыдэнта і іх паплечнікаў. Амаль два месяцы ў шмат якіх з гэтых сем’яў так і ня ведаюць пра сапраўдны стан здароўя арыштаваных.

Зьміцер і Вольга Бандарэнка
Бандарэнка
: "Па-мойму, усе трымаюцца цудоўна. Асабліва перажывалі напачатку за нашых старэйшых. Напрыклад, бабулю Сяргея Марцалева, маці Андрэя Саньнікава, бацькоў Іры Халіп. Але, нават нягледзячы на нейкія іхныя хваробы, яны малайцы. Прычым калі спачатку было болей разгубленасьці, стрэсу, сьлёз, то цяпер усе мабілізаваліся. Плюс — мы ўсё ж разам. Спачатку ты таксама ня ведаў, на каго можна абаперціся. Цяпер бачыш, што на ўсіх.

Малайцы яны! У захапленьні ад іх моцы духу, ад іх формы, ад вытрымкі гэтага старэйшага і такога загартаванага пакаленьня".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG