Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаем адказаў міністра пра стан зьняволеных і зьбітых


Васіль Жарко
Васіль Жарко
Месяц таму Радыё Свабода прапанавала Міністэрству аховы здароўя падзяліцца інфармацыяй пра стан здароўя палітыкаў, зьбітых і зьняволеных у дзень выбараў. Усе яны, нягледзячы на зьняволеньне, паўнапраўныя грамадзяне Беларусі, якім канстытуцыя гарантуе права на ахову здароўя. Грамадзтву ж гарантуецца права на інфармацыю пра здароўе публічных палітыкаў.

Міністэрства і яго прэсавая служба выбралі тактыку поўнага маўчаньня. Прэсавая служба не адказвала на электронныя запыты, на факсы. Тэлефон прэсавай службы, апублікаваны на афіцыйных старонках міністэрства, аказаўся “спараным”: нічога, акрамя “перазваніце яшчэ раз” па ім мы не пачулі. Здабытая ўрэшце па мабільніку прэсавая сакратарка Вольга Шульпіна кінула трубку: “Я на бальнічным”.

У тыя ж дні нечаканай крыніцай распаўсюду афіцыйнай інфармацыі стала беларускае пасольства ў Лёндане. У яго заяве паведамляліся нават такія дэталі, як назвы дарагіх (!) таблетак, што прымае Аляксандар Фядута, і тое, што ўсе затрыманыя палітыкі “здаровыя”. Які доктар ці ўстанова зрабілі такое заключэньне? – зьвярнуліся мы да супрацоўніка пасольства Валерыя Курдзюкова. Спадар Курдзюкоў паабяцаў, што пасольства дасьць дадатковую інфармацыю “як толькі будзе мець яе ў сваім распараджэньні”.

10 лютага, роўна празь месяц пасьля накіраваньня пытаньняў ад Радыё Свабода, міністар аховы здароўя Васіль Жарко заплянаваў сваю онлайн-канфэрэнцыю на сайце БЕЛТА. Рэдакцыя БЕЛТА мяркуе, што гаворка пойдзе пра новыя тэхналёгіі ў айчыннай мэдыцыне, пра экспарт паслуг, пра новыя бальніцы ў раённых і абласных цэнтрах, пра пашырэньне спэктру платных паслуг...

Разам з тым рэдакцыя Радыё Свабода спадзяецца пачуць адказы на раней зададзеныя пытаньні. Ці сапраўды закончыў галадоўку Мікола Статкевіч і ці адбывалася гэта пад мэдычным кантролем? Ці можа хадзіць Саньнікаў? Ці ўдакладнены дыягназ траўмы Някляева? Як расцэньвае міністэрства факт выкраданьня цяжкога хворага з мэдычнай установы? Які стан дыябэтыка Фядуты? Чаму іх не паказваюць нікому? Якія паслугі зьбіраецца экспартаваць беларуская мэдыцына? Ці ня тое “завочнае лячэньне”, што прапанавалі Някляеву: хай жонка апіша па тэлефоне яго стан, а доктар выпіша таблеткі?

Даступнасьць міністра Жарко для пытаньняў заплянаваная на чацьвер, 10 лютага, ад 11 да 12 гадзін. Чакаем адказаў!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG