Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Іры і тата Насты


Ірына Халіп і Наста Палажанка
Ірына Халіп і Наста Палажанка
“Трансфармацыя афіцэра-палітработніка ў салідарнага з дачкой бацьку, а значыць і зь яе ўяўленьнямі аб свабоднай Беларусі – гэта драматургія шэксьпіраўскага градуса”, – так апісвае бацьку Насты Палажанкі карэспандэнтка расейскай “Новай газеты” Натальля Чарнова. У Менску яна сустрэлася з бацькамі Ірыны Халіп і бацькам Насты.

Ірына Халіп і Наста Палажанка – былыя сукамэрніцы. Гэтыя дзьве, мяркуючы зь меры стрыманьня, – становяць для дыктатара Беларусі найбольш сур'ёзную пагрозу.

Сорак дзён яны адседзелі разам у беларускай турме. Адной – сорак тры гады, другой – дваццаць. Іру тыдзень таму адпусьцілі пад хатні арышт, Наста па-ранейшаму ў камэры. Ірыну як жонку кандыдата ў прэзыдэнты Саньнікава ведае, мабыць, увесь сьвет. Насту – у асноўным паплечнікі з моладзевай беларускай арганізацыі «Малады фронт».

У дзень, калі ў Брусэлі абмяркоўваліся санкцыі супраць Беларусі, я сустрэлася з бацькамі Іры і Насты.

Бацькі Іры

Люцына Юр'еўна, мама Ірыны Халіп, сустрэла мяне на дварэ. Дадому, натуральна, нельга. Данька ішоў наперадзе. Адарваць яго ад мамы, каб выйсьці на сьвежае паветра, удалося, паабяцаўшы купіць у «Дзіцячым сьвеце» набор доктара. Данька цяпер усіх лечыць. Будзе ня дзіва, калі, вярнуўшыся дадому з запаветнай валізкай, ён адправіцца лячыць двух дзядзькаў, што пасяліліся ў доме.

Даньку патлумачылі, што дзядзечкі спатрэбіліся, каб ахоўваць маму ад усякай небясьпекі. Данька паверыў. Ён цяпер рэгулярна наведваецца да двух маўклівых мужчынаў – супрацоўнікаў КДБ – і спрабуе наладзіць зь імі адносіны. У "Дзіцячы сьвет" ён ідзе зь няняй, а Люцына Юр'еўна ўпершыню за гэтага паўтара месяца ідзе да сябе дадому – увесь гэты час яны з мужам пражылі з унукам у кватэры Ірыны і Андрэя. Уладзімер Трафімавіч, Ірынін бацька, ужо там.

Мы сядаем піць гарбату, і, страшна просячы прабачэньня, Люцына Юр'еўна кажа, што мяне зусім няма чым пачаставаць, таму што халадзільнік пусты. І яшчэ яна просіць прабачэньня, што непарадак: "Я пасьля ператрусу так толкам прыбраць і не пасьпела". У пакоі сушацца два швэдры – для Ірыны ў турму.

Я пачынаю іх распытваць пра Ірыну, пра яе самаадчуваньне, а яны, не згаворваючыся, на пытаньні пра дачку пачынаюць апавядаць пра ўнука. У гэтай пераадрасацыі няма нічога дзіўнага: Данька – сэнс Ірынага жыцьця і іхнага жыцьця адпаведна таксама. Адзінае, чым яны маглі рэальна дапамагчы дачцэ, гэта захаваць яе сына.

Успамінаючы гэтыя дні, Люцына Юр'еўна кажа: "Вы ведаеце, мяне жыцьцё ахоўвала, і ўсе цяжкасьці браў на сябе муж. Гэта значыць, я хачу сказаць, што нейкай асаблівай загартоўкі ў мяне няма. Але калі ўсё здарылася, а пасыпалася ўсё адразу – і Ірынін арышт, і сьледам тры апэрацыі на вачах у мужа, і пагроза, што Даню ў нас забяруць у дзіцячы дом, я мабілізавалася. Я пасьпявала ўсё, у мяне нічога не балела, я амаль не нэрвавалася. І Іра такая самая. Яна мне расказала, што, калі ёй казалі "стаць тварам да сьцяны", яна абсалютна спакойна на гэта рэагавала. Яна бар'ер паставіла".

Найстрашнейшым у гэтыя дні сталася пэрспэктыва дзіцячага дому для Дані. Не патэнцыйны турэмны тэрмін дачкі, а пагроза гвалтоўнага сіроцтва ўнука. Гэта значыць, па сутнасьці, ужо іхнаму хлопчыку пагражаў тэрмін у казённым доме. Адзіны шанец – апякунства – вісеў на валаску. У свае 74 года Люцына Юр'еўна магчымасьцяў свайго арганізму, а сьпіс "проціпаказаньняў" да апякунства налічвае 20 хвароб, не пераацэньвала. "Але я ўсіх лекараў прайшла. У мяне была задача такая. І кардыяграма, і аналізы аказаліся ў поўным парадку. Я думаю, што калі б была мэта – ня даць мне апякунства, яго б і не далі. Знайшлі б хваробы. Для мяне гэта была перамога, але я ведаю, што гэта ня толькі мая перамога. У нас нічога ня робіцца тут проста так".

Люцына Юр'еўна лічыць, што цяжэй за ўсё давялося ў гэтыя дні Даню. Ён увесь час чакаў маму. Кожны дзень. "Спачатку ён бясконца пытаўся пра бацькоў, а мы яму тлумачылі іх адсутнасьць камандзіроўкай. Потым ён раптам перастаў імі цікавіцца, мы нават пагаварылі зь дзіцячым псыхолягам. Аказваецца, нам патлумачылі, дзіця магло падумаць, што бацькі яго кінулі. Я зноў стала казаць, што мама і тата тэлефанавалі і прывітаньні перадавалі. А ён увесь час зьдзіўляўся: "Ну, калі яны ад'ехалі ў сваю камандзіроўку так надоўга, то чаму яны мяне з сабой не ўзялі?"

Потым Даня неяк вонкава супакоіўся і перастаў іх ірваць пытаньнямі. Але калі дзед стаў расказваць яму пра поры году, ён раптам спытаўся: "А калі ўсё зазелянее, мама ўжо вернецца?"

У дзень, калі яшчэ ніхто ня ведаў, што Іру раптам адпусьцяць дадому, Данька ўвесь змучыўся. Ён толкам ня еў, і заснуць днём ня мог, і бабулю змучыў капрызамі. А ўвечары раптам сказаў: "Каб вы ведалі, як я стаміўся з вамі жыць".

...Яны сустрэліся моўчкі. Данька кінуўся да мамы і павіс на ёй, і вісеў паўгадзіны, не расьціскаючы рук, і ні пра што не пытаўся. А Іра ўздрыгвала сьпінай.

Пакуль што яны разам.

Тата Насты

Яшчэ некалькі гадоў таму Ўладзімер Палажанка ўсімі магчымымі бацькаўскімі сіламі ваяваў з дачкой супраць яе зацікаўленьня палітыкай. Ваяваў дзейна – выкідаў з дому кніжкі, выганяў сяброў, дома замыкаў. Сёньня ён – яе асноўная апора. Такая калізія. Нестандартная. Ён ня бачыў яе з ночы 19 сьнежня: а палове чацьвёртай уварваліся ў кватэру людзі ў цывільным і Насту павезьлі. Як там дачка, ён ня ведаў амаль месяц – адвакату забаранілі распавядаць нават пра стан яе здароўя, а ён толькі ў канцы студзеня атрымаў некалькі яе лістоў, у якіх яна напісала, што ўсё ў яе добра, і папрасіла касмэтыку і фарбу для валасоў.

Мы сядзім у кавярні, Уладзімер Міхайлавіч сарваўся з вытворчай планёркі, каб сустрэцца са мной. У яго падрыгваюць пальцы, і гальштук крыху набок. Ён вельмі сьпяшаўся пасьпець на сустрэчу, каб расказаць пра дачку.

Я пытаюся: "А вы што, ведалі, якую фарбу для валасоў ёй купіць?" Ён, ледзь дзівячыся: "Гэта ж мая дзяўчынка".

Наста – татава дачка, па злым сцэнары лёсу толькі татава. Мама Насьціна памерла ад запаленьня лёгкіх, калі Насьце было дванаццаць. У 14 гадоў Наста трапіла ў "Малады фронт" – самы шматлюдны на сёньня ў Беларусі моладзевы рух, які змагаецца за свабодную і дэмакратычную радзіму.

У 20 гадоў у яе салідны досьвед палітычнай барацьбы з рэжымам.

Шэсьць гадоў Уладзімер Міхайлавіч Палажанка на гэтай нэрве. Два інфаркты і апэрацыя на сэрцы – прамыя доказы яго страхаў. Ён трымаецца. Ён ганарыцца дачкой. Так і кажа: "Яна мяне перамагла". У перамогі ёсьць дата – у 2007 годзе Наста трапіла пад крымінальны артыкул за ўдзел у дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі. Тэрміну не далі толькі праз малалецтва. "Я тады прыйшоў зь ёй дадому і зразумеў, што мае спробы ахаваць яе ад палітыкі бессэнсоўныя".

Трансфармацыя афіцэра-палітработніка ў салідарнага з дачкой бацьку, а значыць, як ні круці, і зь яе ўяўленьнямі аб свабоднай Беларусі – гэта драматургія шэксьпіраўскага градуса.

Яго вайсковая кар'ера скончылася, і на той час, як дачка пайшла ў палітыку, ён ужо працаваў на прыстойнай пасадзе ў мэрыі. У дзень, калі Насту першы раз судзілі, яму выдалі на рукі працоўную кніжку з загадам аб звальненьні. Быў звольнены з працы і Насьцін старэйшы брат, што працаваў у Нацыянальным банку. Дабрабыт, які найстарэйшы Палажанка зарабляў для сваіх дзяцей гадамі, бурыўся на вачах.

Неўзабаве, за паўгоду да заканчэньня школы, Насту адлічылі. "Я абышоў некалькі дзясяткаў школ. Спачатку, гледзячы ў яе дзёньнік, нас з гатовасьцю абяцалі прыняць, на наступны дзень (пасьля званка ў нашу школу) катэгарычна адмаўлялі. Адкрыта казалі: "Калі б ваша дачка атрымала судзімасьць за крадзеж або хуліганства, мы б яе прынялі. З гэтым артыкулам – не прасіце". Знайшоўся адзін дырэктар, які нас ўзяў".

Наста паступіла ў Віленскі унівэрсытэт на факультэт паліталёгіі. Цяпер Уладзімер Палажанка працуе ў прыватнай будаўнічай фірме, дзе яму не задаюць пытаньняў аб сям'і. Салідную частку заробку траціць на дачку. "Вядома, яе палітыка – дарагое задавальненьне. Адных ноўтбукаў ужо штук пяць купіў. Іх жа пэрыядычна на ператрусах забіраюць. Яшчэ купіў ёй ужываную машыну – яна ў "Маладым фронце" рэгіёнамі займаецца, езьдзіць шмат. Нядаўна і машыну забралі. Ёй ДТЗ падстроілі, а тады сказалі, што машына крадзеная".

Я ў яго пытаюся, ці прывык ён за гэтыя гады да такога жыцьця. Ён не прывык: "Мая праблема ў тым, што мая дачка для мяне трохі больш, чым жыцьцё".

Ён за яе баіцца. Бясконцыя адміністрацыйныя арышты паводле надуманых падставаў кшталту "за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы", пагрозы, допыты. Аднойчы Насту з таварышам затрымалі на вуліцы і вывезьлі за горад за 40 км ад Менску. Яе выкінулі з машыны на пустой дарозе, поначы, у мароз. Яе таварыша прымусілі рукамі ў лесе рыць сьнег, быццам магілу для сябе...

"Самае страшнае, што ёй цяпер выставілі абвінавачаньне па 293 артыкуле – арганізацыя масавых непарадкаў. Але яна нават у штабе ні ў кога не была, ні за аднаго кандыдата не агітавала. "Малады фронт" выступае за незалежную Беларусь, свабодную ад дыктатуры. Іх проста ўсіх зачышчаюць... Я баюся, што ў нашай дзяржаве ёй дадуць тэрмін. І дзіця будзе пакутаваць і мучыцца".

Днямі Ўладзімер Палажанка падаваў хадайніцтва ў суд аб зьмене меры стрыманьня для дачкі. "Я – інвалід другой групы, і мне нельга заставацца аднаму. Прыступы бываюць".

Суд адмовіў.

Карэспандэнтка расейскай “Новой газеты” Натальля Чарнова
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG