Соўсь: Спадар Ўладзімеру, пэўна, ня ведае пра рашэньне міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ аднавіць візавыя санкцыі 158 прадстаўнікоў беларускага рэжыму ў адказ на пасьлявыбарчыя рэпрэсіі і арышты ў Беларусі? Ці маеце вы права яму пераказаць пра гэта?
Някляева: Маю права. На мяне гэтыя ўмовы не распаўсюджваюцца. Я магу і выходзіць і глядзець, і зь ім размаўляць на любыя тэмы.
Соўсь: Ці інфармаваны Ўладзімер Някляеў пра міжнародную рэакцыю на рэпрэсіі ў Беларусі?
Някляева: Гэта ўсё я яму расказваю кожны дзень, што прыгадваю – адразу расказваю. Вядома ж, ён нічога ня ведаў, бо там немагчыма было такую інфармацыю атрымаць.
Соўсь: Адвакатка паведаміла пра тое, што вам муж перанёс 4 гіпэртанічныя крызы з зьняволеньні, і цяпер яшчэ адчувае сябе ня вельмі добраю. Ці рабілі Ўладзімеру Някляеву здымак галавы? Ці можа ён ва ўмовах хатняга арышту зьвярнуцца па паўнавартасную мэдычную дапамогу? Ці магчыма правесьці комплекснае дасьледаваньне, атрымаць адпаведнае лячэньне?
Някляева: Доктар да яго прыйсьці ня можа. Сказалі, што я магу з доктарам перагаварыць, апісаць яго стан, і ён завочна выпіша лекі, як прымаць, і я буду гэта кантраляваць. Але мы будзем пісаць, каб яго паглядзець доктар. Дома яму лепш. Калі ён прыехаў, то скардзіўся, што баліць галава. Сказаў, што ня ўсё помніў. І як раз для галавы лекі выпісаць павінен доктар.
Соўсь: Ці ён пісаў у турме? Што пісаў?
Някляева: Я перадавала паперу, спадзявалася, што ён будзе пісаць. Але ён сказаў, што там немагчыма было сканцэнтравацца. Маленькая камэра і пяць чалавек.
Соўсь: Ці піша ён нешта дома? Ці праглядаюць супрацоўнікі КДБ тое, што ён піша?
Някляева: Нешта піша. Ва ўмовах няма такога, каб праглядаць. Ён жа гэта не перадае, яму нельга перадаваць.
Соўсь: Што дазволена Ўладзімеру Някляеву ў рамках хатняга арышту і што забаронена?
Някляева: Забарона выходзіць, размаўляць па тэлефоне, ніхто ня можа зайсьці ў хату, нельга слухаць радыё, карыстацца кампутарам, можа яшчэ што забылася. Тэлевізар глядзець можна. Дазволена са мной размаўляць, есьці дазволена, адпачываць, усё астатняе дазволена.
Соўсь: У вас у доме ўвесь час супрацоўнікі КДБ. Яны мяняюцца? Ці карыстаюцца вашымі рэчамі? Посудам, бялізнай, выбачайце за далікатную падрабязнасьць, ваннай, туалетнай паперай?
Някляева: Мяняюцца. Зараз трэцяя пара ўжо прыйшла. Кожны дзень новыя. Нашымі рэчамі не карыстаюцца. Гарбату я ім сама прапаноўваю.
Соўсь: З таго, што вы расказвалі раней, вы ня сталі канфліктаваць з супрацоўнікамі КДБ, якія жывуць у вашай кватэры, нават прапаноўвалі ім павячэраць, гарбату. Чаму вы вырашылі паводзіць сябе менавіта так, чаму не цалкам дыстанцыявацца ад іх?
Някляева: Не хапала мне яшчэ, каб дома ў мяне была канфрантацыя! Мне досыць таго, што я ў такім стане паўтары месяцы была. Я хачу каб у мужа была нармальная атмасфэра.
Слухаць гутарку цалкам: