Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарламэнтар заклікаў удакладніць "неўязны" сьпіс ЭЗ


Рада Эўразьвязу атрымала пісьмовы запыт польскага эўрапарламэнтара Марэка Мігальскага наконт аднаўленьня візавых санкцый ЭЗ у дачыненьні да прадстаўнікоў ураду Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Польскае агенцтва друку (PAP).

На думку Мігальскага, сьпіс ахопленых санкцыямі асоб "зьмяшчае шмат недакладнасьцяў і відавочных істотных памылак".

Эўрапарлямэнтар зьвяртае ўвагу чальцоў Рады ЭЗ на той факт, што імёны шэрагу чыноўнікаў прыводзяцца ў сьпісе ў расейскай транскрыпцыі. "Беларуская вэрсія прыводзіцца толькі для 35 асоб. У пашпартах, якія выдаюцца ў Беларусі, лацінскім алфавітам пішацца ангельская транскрыпцыя беларускай, а не расейскай, вэрсіі", – адзначае Мігальскі.

Ён таксама паведамляе, што ў сьпісе ўказаныя "два генэральных пракурора і кіраўніка КДБ" і што "многім асобам прыпісаныя функцыі, якія яны выконвалі некалькі гадоў таму".

Акрамя таго, эўрапарлямэнтар адзначае, што ў сьпісе апынулася журналістка газэты "Советская Белоруссия" – "Беларусь сегодня" [Ганна Шадрына] насуперак таму, што пасьля падзей 19 сьнежня яна ў знак пратэсту пакінула працу (сама Шадрына адмаўляе палітычную падаплёку свайго звальненьня – БелаПАН ).

З гэтага вынікае, што кіраўнікі МЗС ЭЗ, якія зьяўляюцца аўтарамі сьпісу, не праверылі, ці выконваюць асобы, уключаныя ў сьпіс з 2006 году, свае функцыі да гэтага часу", – робіць выснову Мігальскі.

На яго думку, "памылковая транскрыпцыя імёнаў, якія ўваходзяць у сьпіс, можа аказаць эфэкт, процілеглы заплянаванаму. Большасьць асобаў у сьпісе могуць свабодна падарожнічаць у ЭЗ і суседнія партнёрскія дзяржавы, паколькі іх імёны адрозьніваюцца ад тых, што ўказаны ў сьпісе".

Мігальскі называе падобную сытуацыю недапушчальнай і задае Радзе ЭЗ пытаньне, "якія тая мае намер распачаць крокі, каб выправіць і абнавіць сьпіс асоб, ахопленых візавымі санкцыямі, і прадухіліць такія памылкі ў будучыні".

31 студзеня 2010 году Рада міністраў замежных спраў ЭЗ увяла візавыя санкцыі ў дачыненьні да шэрагу прадстаўнікоў беларускай дзяржавы. Паведамлялася, што санкцыі ўводзяцца ў дачыненьні 158 чалавек, аднак друкаваныя органы ЭЗ апублікавалі сьпіс з 157 прозьвішчаў.

У апублікаваным сьпісе журналістам БелаПАН ня здолелі знайсьці імя былога міністра спорту і турызму, былога кіраўніка МУС Юрыя Сівакова. ЭЗ прыняў рашэньне аб забароне выдачы віз Сівакову ў верасьні 2004 году ў сувязі з тым, што ён падазраецца ў датычнасьці да знікненьняў апазыцыйных палітыкаў.

Акрамя таго, адна з службовых асобаў, судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Ясіновіч / Ясяновіч, прыводзіцца ў сьпісе Рады ЭЗ двойчы ў рознай транскрыпцыі.

У сьпіс уключаны і былы старшыня Віцебскай абласной выбарчай камісіі Міхаіл Пішчулёнак, які памёр у жніўні 2008 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG