На мінулым тыдні на канфэрэнцыі донараў у Варшаве беларуская грамадзянская супольнасьць заручылася донарскай дапамогай памерам 120 мільёнаў даляраў. Пра тое, як забясьпечыць эфэктыўнасьць такой дапамогі, разважае юрыст Яраслаў Крывой на сайце Belarus Digest.
Шматлікія афрыканскія краіны атрымліваюць мільярды даляраў замежнай дапамогі, але да жыхароў тых краінаў і грамадзянскіх актывістаў тая дапамога не даходзіць, і яны працягваюць жыць у галечы. Галоўныя прычыны карупцыі і злоўжываньняў у тых краінах – адсутнасьць вяршэнства закону і празрыстасьці.
Аўтар артыкулу Яраслаў Крывой зазначае, што важна пазьбегнуць «афрыканізацыі» дапамогі Беларусі. Беларусь набліжаецца да Афрыкі аўтарытарным характарам уладаў, аднак ёсьць і істотнае адрозьненьне – яна мяжуе з трыма краінамі Эўразьвязу, і значная частка заходняй дапамогі дастаецца зьвязаным зь Беларусьсю ўстановам і арганізацыям у гэтых суседніх краінах.
Падыход да кантролю над эфэктыўнасьцю грашовай дапамогі мае быць адрозны для яе атрымальнікаў у краінах Эўразьвязу і ў Беларусі.
Атрымальнікі ў краінах Эўразьвязу
Найбольшыя атрымальнікі дапамогі ў краінах Эўразьвязу – ЭГУ, тэлеканал Белсат і Эўрапейскае Радыё для Беларусі. Кантроль над эфэктыўнасьцю выкарыстаньня дапамогі гэтымі арганізацыямі даволі просты, бо яны працуюць у дэмакратычных краінах і рэгулярна складаюць справаздачы аб выкарыстаньні донарскіх грошай.
Яраслаў Крывой лічыць, што ў выпадку з ЭГУ важна сачыць за тым, ці вяртаюцца яго выпускнікі ў Беларусь або займаюцца працай, зьвязанай зь Беларусьсю. Важна таксама, каб працэсы прыняцьця рашэньняў і падбору кадраў ва ўстановах, што працуюць у краінах Эўразьвязу, былі максымальна празрыстыя.
Атрымальнікі ў Беларусі
У самой Беларусі ўлады зрабілі амаль немагчымым атрыманьне грамадзянскай супольнасьцю фінансавай дапамогі легальнымі шляхамі. Таму забясьпечыць празрыстасьць яе выкарыстаньня ў Беларусі значна цяжэй. Аўтар артыкулу прапануе донарам засяродзіцца найперш на некалькіх галоўных напрамках – сродкі масавай інфармацыі, актывісты грамадзянскай супольнасьці, дапамога рэпрэсаваным. Асобна падкрэсьліваецца неабходнасьць дапамогі рэгіянальным актывістам.
Яраслаў Крывой прапануе абмежаваць выдаткаваньне грошай на так званы «палітычны турызм» - «бясконцыя паездкі дэмакратычных актывістаў на замежныя канфэрэнцыі і сэмінары». Паводле яго, кошты такіх паездак могуць быць вельмі значныя, а карысьць ад іх можа быць сумнеўная. На грошы, патрачаныя на кароткі візыт апазыцыйнага актывіста ў Злучаныя Штаты выкінуты з працы актывіст у Беларусі мог бы жыць паўгода, зазначае аўтар.
Разам з тым патрабаваньні да справаздачаў мусяць улічваць рэальныя ўмовы працы ў краіне з самым рэпрэсіўным рэжымам у Эўропе.
Яраслаў Крывой закранае і «нязручнае» пытаньне аб выкрыцьці выпадкаў карупцыі ў асяродзьдзі апазыцыі, што магло б пагражаць рэпутацыі ня толькі злоўжывальнікаў, але і ўсёй грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў цэлым. Афіцыйная прапаганда бясспрэчна выкарыстала б такія выпадкі ў сваіх мэтах у дзяржаўных СМІ. Аднак аўтар лічыць, што на такія ахвяры варта было б ісьці для забесьпячэньня таго, каб як мага большая частка замежнай дапамогі дайшла да адрасата.