Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатары ЗША заклікаюць да адрасных санкцый супраць беларускага рэжыму


У артыкуле ў сёньняшнім выданьні The Washington Post сэнатары Джон Кэры (дэмакрат) і Джо Лібэрман (незалежны) заклікаюць Захад адказаць на пасьлявыбарчыя рэпрэсіі ў Беларусі адраснымі эканамічна-фінансавымі і візавымі санкцыямі. Яны пішуць:




Джон Кэры
«Сытуацыя ў Беларусі патрабуе моцнага і бескампраміснага адказу ад усіх бакоў. Палітзьняволеныя беларускім рэжымам, сярод якіх чатыры былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, мусяць быць неадкладна вызваленыя, а іх бясьпека гарантаваная. Пакуль ня будзе выразных і адназначных доказаў таго, што беларускае кіраўніцтва сур'ёзна ставіцца да асноўных правоў сваіх грамадзянаў, мы прапануем зрабіць пяць наступных крокаў:

Па-першае, наш урад і Эўразьвяз мусяць увесьці адрасныя санкцыі, у тым ліку візавую забарону і замарожваньне актываў, у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў і іх памагатых, адказных за перасьлед і парушэньні правоў чалавека.

Джо Лібэрман
Па-другое, мы настойліва заклікаем Эўразьвяз далучыцца да Злучаных Штатаў у забароне бізнэсу і замарожваньні актываў беларускай дзяржаўнай нафтахімічнай кампаніі "Белнафтахім", а таксама іншых юрыдычных асобаў, якія ўзбагачаюць Лукашэнку і яго паслугачоў за кошт беларускага народу.

Па-трэцяе, мы просім Эўразьвяз спыніць праекты, зьвязаныя зь беларускімі ўладамі, і прыпыніць сустрэчы зь беларускімі чыноўнікамі ў рамках Усходняга партнэрства. Мы заклікаем нашых эўрапейскіх партнэраў, каб замест гэтага яны далучыліся да ЗША ў намаганьнях павысіць узаемадзеяньне зь беларускім народам і забясьпечыць больш эфэктыўную падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Па-чацьвёртае, мы настойліва заклікаем спадарыняў Клінтан і Эштан працягваць цесную каардынацыю палітыкі ЗША і ЭЗ ў дачыненьні да Беларусі.

Па-пятае, мы заклікаем іншых сяброў міжнароднай супольнасьці, уключна з Расеяй, прыняць аналягічныя адрасныя дзеяньні супраць беларускага кіраўніцтва».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG