Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А дзе беспарадкі?


Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна
Ну, вось не магла я паверыць, што пабітае шкло ў Доме ўраду крымінальны закон дазваляе трактаваць як "масавыя беспарадкі". І правільна рабіла, – піша Сьвятлана Калінкіна у сваім блогу, які перадрукоўвае “Белорусский партизан”.

Свежанькі Навукова-практычны камэнтар да Крымінальнага кодэксу, які нарэшце, зьявіўся ў крамах Менску, сьведчыць, што артыкул 293 КК (а менавіта па ім выстаўлена абвінавачаньне вязьням "амэрыканкі") напісаны не пра падзеі 19 сьнежня.

Цытую нашых тэарэтыкаў крымінальнага права:

"Масавыя беспарадкі ў сэнсе арт.293 абавязкова павінны суправаджацца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Іншыя дзеяньні ўдзельнікаў натоўпу, якія выразіліся ў парушэньні грамадзкага парадку, маюць вынікам адміністрацыйную адказнасьць, а пры грубым парушэньні грамадзкага парадку могуць несьці за сабою адказнасьць па арт.339 (хуліганства – ад штрафу да трох гадоў) або арт. 342 (арганізацыя і рыхтаваньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх – ад штрафу да трох гадоў)".

Што-небудзь 19 сьнежня гарэла? Падпал выкрэсьліваем.

"Гвалт над асобай" можна інкрымінаваць хіба што спэцназу, таму што гвалт прадугледжвае нанясеньне цялесных пашкоджаньняў, зьбіцьцё, катаваньне, пазбаўленьне волі. Гэтым якраз вартавыя закону і вызначыліся.

"Зьнішчэньне маёмасьці", паводле ўсё таго самага выданьня, – гэта прывядзеньне рэчы ў такі стан, калі яна ня можа быць выкарыстаная па прызначэньні або перастае існаваць зусім. Дом ураду, дзякуй Богу, па прызначэньні выкарыстоўваюць і сёньня, і ён вельмі нават прыдатны для чыноўнікаў. Увогуле, таксама не падыходзіць.

"Збройны супраціў" – гэта таксама не маханьне кулакамі ці палкамі. У наяўнасьці мела быць менавіта зброя, што ні на якіх відэакадрах не зафіксавана.

Нарэшце, "пагром" – гэта таксама не пабітае шкло. На юрыдычнай мове гэта зборнае паняцьце, якое ўключае гвалт, крадзеж, зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці. Прычым пералік ідзе праз коску: гэта значыць не або гвалт, або крадзеж, а і тое, і другое, і трэцяе разам. І вось жа не было гэтага!

Больш за тое, асобна агаворана, што "ня могуць разглядацца як арганізатары масавых непарадкаў асобы, напрыклад, якія арганізавалі санкцыянаванае або несанкцыянаванае шэсьце з правамернымі мэтамі, але пасьля страцілі кантроль над паводзінамі натоўпу". І ўжо тым больш у СІЗА сядзяць не арганізатары, таму што яны не заклікалі біць шкло.

Адным словам, згодна зь беларускай юрыдычнай навукай, тое, што адбылося 19 сьнежня ў Менску, нельга трактаваць як масавыя непарадкі, паколькі таго, што павінна складаць "аб'ектыўны бок злачынства" па арт.293 КК, проста не было ў наяўнасьці.

І цяпер пытаньнем застаецца тое, ці знойдуцца ў краіне людзі, якія наблізяць тэорыю да практыкі. У прыватнасьці, тлумачэньні, якія я цытавала, напісаныя заслужаным юрыстам Рэспублікі Беларусь, прафэсарам, намесьнікам дырэктара па навуковай рабоце і загадчыкам катэдры судовай дзейнасьці Інстытуту перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі судзьдзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту Аляксандрам Барковым. Адважыцца ён падаць голас? Адважыцца ён правесьці лікбез для генпракурора Рыгора Васілевіча, які прызабыў падручнікі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG