Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазоў “Аўтарадыё” пачнуць разглядаць 1 лютага


Падрыхтоўчае пасяджэньне паводле пазову "Аўтарадыё" ў Вышэйшым гаспадарчым судзе аб прызнаньні несапраўдным рашэньня спыніць вяшчаньне радыёстанцыі прызначана на 1 лютага. Пра гэта паведаміў дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан.

17 студзеня кіраўніцтва "Аўтарадыё" падало пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд аб прызнаньні несапраўдным рашэньня Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні аб спыненьні вяшчаньня радыёстанцыі. Таксама, паводле слоў Базана, кіраўніцтва радыёстанцыі падало аналягічны пазоў адносна папярэджаньня Міністэрства інфармацыі, якое "Аўтарадыё" атрымала па пошце 13 студзеня, ужо пасьля спыненьня вяшчаньня.

Вяшчаньне менскай радыёстанцыі "Аўтарадыё" было спынена 12 студзеня. Такое рашэньне было прынятае Рэспубліканскай камісіяй па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні. Згодна з афіцыйнай фармулёўкай, прычынай спыненьня вяшчаньня стала распаўсюджаньне ў эфіры радыёстанцыі інфармацыі, "якая ўтрымлівае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці". Такая ж прычына ўказана ў папярэджаньні Міністэрства інфармацыі. Паводле слоў дырэктара радыёстанцыі, 1 лютага будуць разглядацца абедзьве пазоўныя заявы "Аўтарадыё".

Як мяркуе Базан, прычынай закрыцьця стала трансьляцыя ў эфіры "Аўтарадыё" ў пэрыяд агітацыйнай кампаніі па выбарах прэзыдэнта агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Ўладзіміра Някляева. У прыватнасьці, у роліку Андрэя Саньнікава гаварылася, што "лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы". "Ці можна гэтую фразу расцэньваць як заклік да экстрэмісцкіх дзеяньняў, я ня ведаю", — сказаў Базан. Апрача таго, кіраўнік радыёстанцыі лічыць, што, згодна з законам аб друку, закрыцьцё СМІ магчымае толькі ў судовым парадку.

"Аўтарыдыё-Мінск" — першая радыёстанцыя на тэрыторыі Беларусі, якая пачала вяшчаньне пасьля распаду СССР. З 1992 году і да 20 студзеня 1995 году станцыя працавала толькі на частаце 67.7 УКВ, пасьля чаго мела перапынак у вяшчаньні да лета 1999 года. Затым зноў вяла вяшчаньне на згаданай частаце, але ўжо ў новым фармаце "20 хвілін". 4 сьнежня 2001 году была афіцыйна запушчана паралельная частата 105.1 FM. "Аўтарадыё" зьяўляецца адзінай у Беларусі прыватнай радыёстанцыяй, якая мае ўласныя FM-перадатчыкі і антэну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG