Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ рыхтуе тэрміновыя дэбаты па Беларусі


Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прызначыла пазаплянавыя дэбаты пра сытуацыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Дыскусія і прыняцьце рэкамэндацый заплянаваныя на чацьвер 27 студзеня.

Дакладчыкам ад імя Камітэту палітычных спраў ПАРЭ на дэбатах па Беларусі прызначаная дэпутат зь Фінляндыі Сініка Хурскайнэн. Спадарыня Хурскайнэн бывала ў Беларусі некалькі разоў, мінулым разам яна была міжнароднай назіральніцай на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 году. Сытуацыяй у Беларусі валодае добра, паведамілі ў яе страсбурскім офісе, але ад інтэрвію на гэтую тэму пакуль адмаўляецца:

«Яна будзе гатовая да інтэрвію толькі пасьля таго, як яе даклад будзе зацьверджаны Камітэтам палітычных спраў, гэта значыць — толькі 27 студзеня».

Апрача дакладу спадарыні Хурскайнэн ад Палітычнага камітэту, на дэбатах будзе прадстаўленае меркаваньне ад імя Камітэту юрыдычных спраў ПАРЭ.

Само ўключэньне беларускага пытаньня ў парадак дня сэсіі ПАРЭ ў якасьці тэрміновага сьведчыць пра цікавасьць асамблеі да падзеяў уБеларусі. Ужо ў панядзелак адбылася нефармальная дыскусія па беларускімі пытаньні, у часе якой выказаліся ўсе кіраўнікі Рады Эўропы.

Мэўлют Чавушаглу
Прэзыдэнт ПАРЭ Мэўлют Чавушаглу заявіў, што дыялёг Рады Эўропы зь Беларусьсю немагчымы, пакуль у гэтай краіне за кратамі застаюцца палітвязьні, у тым ліку былыя кандыдаты на прэзыдэнта: «Яны павінны быць неадкладна вызваленыя — толькі на гэтай аснове мы можам прадоўжыць нашыя адносіны», — заявіў прэзыдэнт ПАРЭ.

Кіраўнік Камітэту міністраў Рады Эўропы Ахмэт Давутаглу заявіў, што мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі дэмакратычным прынцыпам арганізацыі: «На жаль, падзеі ў Беларусі толькі пашырылі разрыў паміж Беларусьсю і дэмакратычнай эўрапейскай сям’ёй».

Торб’ёрн Ягланд
Генэральны сакратар Рады Эўропы Торб’ёрн Ягланд заявіў, што Беларусь страціла шанец спыніць сваю самаізаляцыю ў Эўропе: «Безь Беларусі Рада Эўропы няпоўная. Але першым крокам да новай спробы павінна быць вызваленьне ўсіх тых, хто быў арыштаваны пасьля выбараў». А літоўскі дэпутат Эмануэліс Зінгерыс сытуацыю ў Беларусі ўвогуле назваў «гуманітарнай катастрофай».

Аднак ёсьць у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і людзі, якія выказваюць падтрымку афіцыйнаму Менску. Перш за ўсё гэта прадстаўнікі расейскай дэлегацыі ў ПАРЭ.

Дэпутат Дзярждумы Дзьмітры Вяткін:

«Што датычыць пазыцыі расейскай дэлегацыі па пытаньні аб беларускіх выбарах — іх легітымнасьць несумненна пацьвярджаецца, і Расея прызнае вынікі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Гэта афіцыйная пазыцыя, і тут у нас ніякіх пытаньняў няма».

Паводле спадара Вяткіна, у расейскіх дэпутатаў узьнікаюць пытаньні толькі адносна захадаў праваахоўных органаў Беларусі ў адносінах да некаторых грамадзян, у тым ліку расейскіх.

«З кожным з гэтых выпадкаў трэба разьбірацца асобна, безь ніякага сумневу. І Расейская Фэдэрацыя зацікаўленая ў вырашэньні гэтых пытаньняў і мае намер абараняць інтарэсы сваіх грамадзян на тэрыторыі любой дзяржавы, у тым ліку Беларусі».

Паводле дэпутата Дзярждумы Дзьмітрыя Вяткіна, расейская дэлегацыя будзе выступаць за дыялёг Рады Эўропы і афіцыйнай Беларусі, за вяртаньне афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў страсбурскі Палац Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG