Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскага журналіста Яўгена Васьковіча вінавацяць у злачынстве


Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч
У Магілёве затрыманы бабруйскі журналіст Яўген Васьковіч. Другія суткі ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Крупскай абласнога цэнтру. Учора маці дзевятнаццацігадовага хлопца паведамілі, што ён асуджаны на дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту за хуліганства.

Вядома, што Яўгена Васьковіча затрымалі раніцай 17 студзеня. Пра гэта першай даведалася ягоная маці Рушаньня Іванаўна. Ёй тэлефанавала супрацоўніца магілёўскай міліцыі, якая й паведаміла, што сын арыштаваны на дзесяць сутак:

«Назвалася Натальляй Васілеўнай. Яна пацьвердзіла, што ён асуджаны за хуліганства. Ён усе гэтыя дзесяць дзён будзе ў Магілёве. Я запытала, ці магу я перадачу перадаць, ці сама прыехаць. Яна адказала: вам нічога гэтага не дазволяць. Я ў яе запыталася, як быць з вучобай. Што, яго адразу выключаць? Яна адказала, што з унівэрсытэту за такое не выключаюць».

Высьветліць, калі асудзілі Яўгена Васьковіча, не ўдалося. У магілёўскіх судах і бабруйскім параілі напісаць афіцыйны запыт.

Супрацоўнік магілёўскага ізалятару часовага ўтрыманьня пацьвердзіў, што Яўген Васьковіч знаходзіцца там:

«Так, утрымліваецца ў нас такі. Па падазрэньні ва ўчыненьні злачынства».

Якое менавіта злачынства ўчыніў Васьковіч, таксама высьветліць пакуль не ўдаецца.

Яўген Васьковіч за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня адседзеў 12 сутак адміністрацыйнага арышту. 11 студзеня хлопца дапыталі ў КДБ. Пасьля допыту Яўген сьцьвярджаў у інтэрвію «Свабодзе», што настаяў, каб у пратаколе было напісана, што ён і надалей будзе ўдзельнічаць у мірных акцыях пратэсту. Гэтая заява, паводле Анатоля Санаценкі, рэдактара газэты «Бабруйскі кур’ер», дзе працуе Яўген, і стала матывам для зьняволеньня:

«Вось гэта, напэўна, Менск і раззлавала. Прайшло шэсьць дзён — відаць, інфармацыя паступіла ў цэнтар, была прааналізаваная. І яны вырашылі па ім ударыць яшчэ раз. Аднак ён пакуль што не арыштаваны. Затрыманы. Калі яго вінавацяць у адміністрацыйным правапарушэньні, як яны кажуць, то цягам 72 гадзін яго могуць утрымліваць да суду».

Апошні раз Васьковіча бачылі на волі 16 студзеня. Ён удзельнічаў у магілёўскай акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі. Супрацоўнікі міліцыі здымалі пікет на відэа. Пасьля акцыі Яўген сышоў без інцыдэнтаў зь міліцыяй.

Яўген Васьковіч (крайні справа, з партрэтамі Севярынца й Палажанкі) удзельнічае ў акцыі салідарнасьці 16 студзеня 2011 году.

Летась 27 траўня Яўгена Васьковіча ўжо спрабавалі асудзіць за хуліганства. 18 красавіка яго затрымалі ў бабруйскім лядовым палацы на хакейным матчы юніёрскага першынства сьвету між камандамі Беларусі і ЗША. Паводле міліцыянтаў, ён размахваў бел-чырвона-белым сьцягам і выкрыкваў «Беларусь наперад», чым парушаў грамадзкі парадак і спакой грамадзян. Судзьдзя 27 траўня спыніла вытворчасьць па справе. Хлопец, аднак, прасядзеў у бабруйскім ізалятары 12 гадзін.

Яўген Васьковіч вучыцца завочна ў Магілёўскім унівэрсытэце імя Куляшова. 17 студзеня, у дзень затрыманьня, ён меўся здаваць іспыт па беларускай мове. Ён — сябра стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG